§ 3. Эканоміка і палітычная карта Старажытнага Усходу

4. Стварэнне аб’яднаных дзяржаў і імперый

З развіццём цывілізацый узмацняліся дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі земляробчых раёнаў. Гарады-­дзяржавы па­ступова ўваходзілі ў склад аб’яднаных дзяржаў, а затым і магутных імперый.

Егіпет быў аб’яднаны каля 3000 г. да н. э. Гэтаму шмат у чым садзейнічала неабходнасць арганізацыі адзінага цэнтра, які б каардынаваў працу сістэмы арашальнага земляробства. У Егіпце змяняліся дынастыі; здаралася, што краіну заваёўвалі іншаземныя захопнікі. Аднак на працягу ўсёй старажытнай гісторыі ён працягваў існаваць як адзіная дзяржава. У моманты росквіту фараоны кантралявалі і суседнія краіны. Так, Тутмас III захапіў практычна ўвесь Блізкі Усход і дайшоў з арміяй да Еўфрата.

Цар Саргон — ​правіцель невялікага горада Акада — ​у 2316 г. да н. э. пачаў барацьбу за падпарадкаванне шумерскіх гарадоў. Яму ўдалося заваяваць не толькі шумераў, але і ўсю тэрыторыю Месапатаміі. У выніку ўзнікла першая імперыя, якая кантралявала ўсю даліну Тыгра і Еўфрата і суседнія землі. У далейшым панаванне пераходзіла да розных палітычных цэнтраў. Асабліва доўга яго ўдалося захоўваць Вавілону, які стаў найбуйнейшым горадам усяго Блізкага Усходу, цэнтрам гандлю і культуры. Правіцель Вавілона Хамурапі прыняў звод законаў, які меў на мэце стабілізаваць жыццё дзяржавы і быў пакладзены ў аснову заканадаўства ўсяго Блізкага Усходу.

У сярэдзіне VI ст. да н. э. літаральна за 20 гадоў Персідская імперыя на чале з царом Кірам II падпарадкавала тэрыторыі ўсіх блізкаўсходніх цывілізацый.

Персы былі ваяўнічым качавым народам, які жыў на поўнач ад Месапатаміі. Яны здолелі стварыць стройную сістэму кіравання скоранымі землямі. Упершыню ў гісторыі з’явілася імперыя, якая выйшла за рамкі адной цывілізацыі.

У 317 г. да н. э. даліны рэк Інд і Ганг, а таксама практычна ўся тэрыторыя Індыі былі аб’яднаны імперыяй дынастыі ­Маур’яў. Найбольшай магутнасці гэтая дзяржава дасягнула пры імператары Ашоку, які актыўна пашыраў будызм не толькі ў самой Індыі, але і за яе межамі.

Старажытны Кітай быў аб’яднаны імператарам Цынь Шыхуандзі ў 221 г. да н. э. Гэты правіцель стварыў дзяржаву, якая пачала пашыраць свае межы ў далінах рэк Хуанхэ і Янцзы. Горад Сяньян, сталіца дзяржавы Цынь, у часы праўлення Цынь Шыхуандзі налічваў каля 1 млн жыхароў. У той жа час дзеля абароны ад нападаў качэўнікаў пачалі будаваць Вялікую Кітайскую сцяну ўздоўж усёй паўночнай мяжы дзяржавы. У хуткім часе Вялікі шаўковы шлях злучыў Кітай з іншымі старажытнымі цывілізацыямі.

Такім чынам, на змену лакальным гарадам-­дзяржавам прыйшлі магутныя імперыі, якія распаўсюджвалі сваю ўладу на ўсю тэрыторыю першых земляробчых цывілізацый.