Печатать книгуПечатать книгу

§ 3. Эканоміка і палітычная карта Старажытнага Усходу

Якія змены адбыліся ў чалавечым грамадстве пры ўзнікнен­ні дзяржаўнасці?

Што такое цывілізацыя? Дзе ўзнікла вытворчая гаспадарка і сталі складвацца першыя цывілізацыі? Якія агульныя рысы цывілізацый Старажытнага Усходу вы памятаеце? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 3. Эканоміка і палітычная карта Старажытнага Усходу
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 13:29

1. Прыродныя ўмовы і развіццё арашальнага земляробства

Паняцце «Старажытны Усход» адносіцца да вялікай геаграфічнай зоны, якая ўключае такія краіны, як Старажытны Егіпет, Старажытная Месапатамія, Старажытны Кітай, Старажытная Індыя. Тут склаліся спрыяльныя ўмовы для з’яўлення першых дзяржаўных утварэнняў, найперш аптымальнае экалагічнае асяроддзе для развіцця высокапрадукцыйнага арашальнага земляробства ва ўрадлівых далінах буйны́х рэк: Ніла, Тыгра і Еўфрата, Інда і Ганга, Хуанхэ і Янцзы.

Старажытны Усход — ​калыска ўсёй чалавечай цывілізацыі, найстаражытнейшыя ачагі якой склаліся ў IV тысячагоддзі да н. э. незалежна адзін ад аднаго ў Егіпце і Месапатаміі. У сярэдзіне III тысячагоддзя да н. э. аформілася старажытнаіндыйская цывілізацыя, а ў сярэдзіне II тысячагоддзя да н. э. — ​старажытнакітайская.

Гэтыя цывілізацыі складваліся ва ўмовах субтрапічнага клімату з гарачым сухім летам і мяккай зімой. Прыродныя ўмовы ў далінах вялікіх рэк першапачаткова былі не самымі спрыяльнымі: глеба была багністая, па берагах часта раслі густыя непраходныя лясы, моцныя разлівы неслі небяспеку паселішчам. Аднак можна казаць і пра мноства пераваг: рэкі маглі забяспечваць людзей вялікай колькасцю рыбы, у прыбярэжных лясах вялася дзічына, а галоўнае, землі былі прыдатныя для земляробства. Рэкі актыўна садзейнічалі апрацоўцы глебы, даючы пастаянную і неабмежаваную крыніцу вады для арашэння і прыносячы ў час разліваў урадлівы глей. Але неабходна было пабудаваць дамбы, арашальныя каналы, сажалкі, якія ўтрымлівалі б ваду пасля разліваў, каб атрымліваць вялікія ўраджаі нават пры выкарыстанні першапачаткова прымітыўных прылад апрацоўкі зямлі.

У выніку менавіта на аснове арашальнага земляробства ўзнікла высокапрадукцыйная сельская гаспадарка старажытных цывілізацый. Стваральная праца дала магчымасць выкарыстоўваць навакольнае асяроддзе для паляпшэння ўмоў жыцця. Уменне ставіць навакольнае асяроддзе сабе на службу з’яўляецца вельмі важнай асаблівасцю чалавека і дагэтуль садзейнічае яго пастаяннаму развіццю.

Прыродныя ўмовы Месапатаміі былі спачатку не вельмі спрыяльныя для пражывання. Здароўю насельніцтва шкодзілі выпарэнні шматлікіх балот. Будаўнічага каменю тут не было, таму асноўным матэрыялам для ўзвядзення розных збудаванняў служылі чарот і гліна. Таксама ў рэгіёне было недастаткова карысных выкапняў, асабліва металаў.

Герадот адзначаў, што ўрадлівая глеба Егіпта была створана наносамі і адкладамі глею пасля разліваў ракі Ніл. Добра абводненая імі егіпецкая зямля ўтварыла гіганцкі аазіс, заціснуты між неабсяжных пустынь Паўночна-­Усходняй Афрыкі. Адрэзаны ад суседніх краін на захадзе і на ўсходзе скалістымі гарамі і цяжкапраходнымі пустынямі, а на поўдні — ​парогамі Ніла, Егіпет першапачаткова быў амаль ізаляваны ад астатняга свету. Гэтым шмат у чым тлумачыцца адметнасць егіпецкай культуры. Земляробства там было магчымае толькі дзякуючы разлівам Ніла, таму што ў гарачым клімаце ўраджай поўнасцю залежаў ад вільгаці і наносаў урадлівага рачнога глею. Егіпцяне заўсёды супрацьпастаўлялі сваю прыдатную для раслінаводства зямлю пустынным і дзікім суседнім тэрыторыям. Сваю краіну яны вобразна называлі «чорнай зямлёй» (Та-­Кемет), а пустыні вакол — ​«чырвонай зямлёй».

Усходняе Міжземнамор’е ўяўляла сабой вузкую ўрадлівую прыморскую паласу. З усходу размяшчаліся горныя і паўпустынныя раёны з рэдкімі аазісамі. Земля­робства тут квітнела яшчэ з часоў «неалітычнай рэвалюцыі». У рэгіёне не было буйны`х рэк, таму тут не ўзнікала неабходнасці ствараць адзіную сетку ірыгацыйных сістэм. Усходняе Міжземнамор’е ніколі не было тэрыторыяй адзінага дзяржаўнага ўтварэння. Народы гэтага рэгіёна ў старажытнасці размаўлялі на мовах семіцкай групы (арабская, іўрыт, асірыйская і інш.), яны адрозніваліся па ўзроўні сацыяльна-­эканамічнага і культурнага развіцця. У той час тут праходзілі і перасякаліся гандлёвыя шляхі, што вялі з Егіпта да Міжрэчча, г. зн. у зоны найважнейшых дзяржаў старажытнасці.

Вялізны паўвостраў Індастан, размешчаны ў Паўднёвай Азіі, быў амаль адрэзаны ад свету: на поўначы — ​гарамі, на поўдні — ​акіянам, на ўсходзе — ​джунглямі. Ён дзяліўся на дзве часткі: паўднёвую — ​пласкагор’е Дэкан і паўночную — ​раўніну з урадлівымі далінамі паміж рэкамі Інд і Ганг.

Кітай у старажытнасці быў ізаляваны ў геаграфічных адносінах ад астатняга свету і практычна не меў кантактаў з іншымі краінамі на захадзе аж да апошніх стагоддзяў эпохі старажытнасці.

Розныя рэгіёны Старажытнага Усходу аб’ядноўвала тое, што дзякуючы ўрадлівасці глебы ў басейнах рэк пры наладжанай сістэме ірыгацыі і меліярацыі там можна было развіць высокапрадукцыйную сельскую гаспадарку. Менавіта таму на гэтых тэрыторыях і зарадзіліся першыя цывілізацыі, якія атрымалі вобразную назву «цывілізацыі вялікіх рэк».

2. Асноўныя гаспадарчыя заняткі

Яшчэ ў перыяд «неалітычнай рэвалюцыі» ў рэгіёне «ўрадлівага паўмесяца» было асвоена вырошчванне збожжавых (пшаніцы і ячменю), а таксама вінаграду, капусты, салаты, морквы, цыбулі і іншых культур. Былі прыручаны козы і авечкі, буйнáя рагатая жывёла. Земляробы і жывёлаводы сталі па-рознаму весці гаспадарку, а ў хуткім часе пачалі абменьвацца прадуктамі сваёй працы. Земляробства ў далінах рэк садзейнічала пераходу да аселага ладу жыцця.

У Старажытнай Месапатаміі акрамя збожжа вырошчвалі фінікавыя пальмы, інжыр, вінаград, слівы, яблыні, абрыкосы, гарох, боб, салату, капусту, лён і іншыя садовыя і агародныя культуры. Ужо ў IV–III тысячагоддзях да н. э. у іх быў наладжаны абмен прадуктамі з жывёлаводамі — ​жыхарамі перадгор’яў Іранскага плато, якія пастаўлялі мяса. Усё гэта рабіла рацыён месапатамцаў вельмі багатым. Таксама жывёлаводы забяспечвалі іх воўнай і скурай.

Аснову харчавання егіпцян складалі збожжавыя культуры. У Старажытным Егіпце актыўна развівалася і садоўніцтва: вырошчвалі фінікі, інжыр, гранаты, персікі, вінаград, цыбулю, часнок, радыску і інш. Егіпцяне распрацавалі рэцэпты дражджавога хлеба. Жывёлагадоўля таксама адыгрывала ў гаспадарцы Старажытнага Егіпта заўважную ролю. Егіпцяне разводзілі буйнýю рагатую жывёлу, свіней, авечак і коз, такім чынам забяспечваючы сябе мясам. Свой­ская птушка (гусі, качкі) і галубы таксама рабілі больш разнастайным мясны рацыён.

Насельніцтва Старажытнай Індыі атрымлівала ўсё неабходнае для жыцця, займаючыся перш за ўсё сельскай гаспадаркай. Вырошчваліся пераважна мясцовыя культуры (напрыклад, мясцовая разнавіднасць пшаніцы). Вялікія плошчы адводзіліся пад рыс. Тут былі вядомыя лімоны і апельсіны, фасоля, агуркі і баклажаны. У Індыі ўпершыню пачалі вырошчваць цукровы трыснёг і бавоўну.

Асновай рацыёну жыхароў далін вялікіх рэк Хуанхэ і Янцзы сталі рыс і проса. Хоць і тут культывавалі шмат садовых і агародных раслін: хурму, фасолю, розныя гатункі капусты, чай і інш.

На розных тэрыторыях вырошчвалі мясцовыя расліны. Рэгіёны, дзе актыўна ішло акультурванне раслін, атрымалі назву ачагоў паходжання культурных раслін. У далейшым узаемадзеянне розных цывілізацый прывяло да пераймання і распаўсюджвання сельскагаспадарчых культур. Гэта зрабіла яшчэ больш разнастайным рацыён чалавецтва.

Заліўныя землі вялікіх рэк далі небывалыя ўраджаі. Небяспека голаду была прадухілена, пачалі стварацца грамадскія запасы прадуктаў харчавання. У раёнах арашальнага высокаразвітога земляробства адбыўся рэзкі рост насельніцтва. Цяпер не ўвесь чалавечы калектыў павінен быў займацца здабычай харчавання, што дало магчымасць асвой­ваць новыя кірункі дзейнасці. Узнік грамадскі падзел працы. З’явіліся прафесійныя рамеснікі. Ганчары, кавалі, ткачы і іншыя рамеснікі цяпер займаліся толькі сваёй работай, а вырабы яны маглі абменьваць на прадукты харчавання.

3. Сацыяльная структура грамадства. Гарады-­дзяржавы Старажытнага Усходу

Імклівы рост насельніцтва вёў не толькі да змен у працоўнай дзейнасці. Узнікла сацыяльная структура: людзі пачалі адрознівацца па становішчы ў грамадстве і па ступені багацця. Сфарміраваліся групы, прадстаўнікі якіх выконвалі новыя важныя функцыі. Так, прафесійныя воіны цяпер абаранялі насельніцтва ад нападаў суседніх плямёнаў. Улікам прадуктовых запасаў займаліся спецыяльна падрыхтаваныя адукаваныя людзі — ​пісцы. Пакланенне багам ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам шматлікіх жрацоў. Структура грамадства значна ўскладнілася.

Падзел працы з вылучэннем рамяства і гандлю, павелічэнне колькасці не занятага ў сельскай гаспадарцы насельніцтва, змены ў сацыяльнай структуры грамадства прывялі да з’яўлення вялікіх паселішчаў. Яны сталі рамеснымі і гандлёвымі цэнтрамі. Для абароны ад ворагаў вакол іх пачалі ставіць абарончыя сцены. Паселішчы станавіліся цэнтрамі кіравання ўсёй вялікай акругай. Тут узводзілі храмы і іншыя грамадскія будынкі. Так з буйны`х паселішчаў сфарміраваліся гарады. Іх узнікненне было прынцыпова новай з’явай у развіцці чалавецтва і значным крокам на шляху да ўтварэння дзяржавы. Першай стадыяй фарміравання дзяржаўных аб’яднанняў сталі гарады-­дзяржавы (вялікія гарады з земляробчай акругай, якая іх карміла).

Першыя гарады ў гісторыі чалавецтва ўзніклі на мяжы IV–III тысячагоддзяў да н. э. у паўднёвай частцы Месапатаміі, у далінах ніжняга цячэння Тыгра і Еўфрата. Іх заснавальнікамі былі шумеры. Шумерскія гарады, сярод якіх найбольш вядомыя Ур, Урук, Лагаш, Кіш, будаваліся вакол храмавых комплексаў. Першыя ўмацаваныя гарады ўражвалі ўяўленне людзей. Горад стаў цэнтрам назапашвання грамадскіх багаццяў. Шумеры дасягнулі поспеху ў многіх рамёствах. Яны актыўна гандлявалі, у тым ліку каб прывозіць металы, якіх не было на іх радзіме. Гарады-­дзяржавы шумераў пастаянна ваявалі, імкнуліся павялічыць тэрыторыю, умацаваць сваю палітычную ўладу ў рэгіёне. Найбольш магутныя з іх захоплівалі суседзяў, утвараючы вялікія, але нетрывалыя дзяржаўныя аб’яднанні.

Рэшткі зікурата (культавай пабудовы), што захаваліся ва Уры, даюць уяўленне пра памеры і характар выдатных збудаванняў у шумерскіх гарадах. Зікурат складаўся з трох узнятых адна над адной вежаў, якія ўтваралі тэрасы, злучаныя лесвіцамі. Вежы былі рознага колеру: ніжняя — ​чорная, абмазаная бітумам, сярэдняя — ​чырвоная, колеру абпаленай цэглы, верхняя — ​белая. Над апошняй вежай узвышалася «жыллё бога» — ​надбудова з глазураванай цэглы, дзе праходзілі рытуальныя цырымоніі і вяліся астранамічныя назіранні. Зікураты будаваліся ва ўсіх месапатамскіх гарадах.

Ва ўрадлівай даліне Ніла, дзе для асушэння балот і абслугоўвання сістэм арашэння патрабаваліся вялікія намаганні, умовы для ўзнікнення і развіцця гарадоў склаліся амаль у той жа час, што і ў Месапатаміі.

У Старажытным Егіпце першыя гарады-­дзяржавы (номы) узнікалі гэтак жа, як у Месапатаміі, — ​вакол храмаў. Іх правіцелі часта паходзілі з асяроддзя жрацоў. Аднак на берагах Ніла барацьба паміж номамі была значна больш інтэнсіўнай. Але вельмі хутка ўвесь Егіпет быў аб’яднаны пад уладай фараонаў. Гэта садзейнічала стварэнню адзінай агульнадзяржаўнай ірыгацыйнай сістэмы. Самыя знакамітыя старажытнаегіпецкія гарады — ​Мемфіс, Фівы, Ахетатон — ​былі маляўніча спланаваны: з геаметрычна правільнай сеткай вуліц і выразнымі гарадскімі цэнтрамі, якія ўключалі палацавыя і храмавыя комплексы.

Будаўніцтва гарадоў у Егіпце і Месапатаміі запатрабавала развіцця архітэктурных навыкаў. Тут упершыню ў гісторыі чалавецтва былі вырашаны галоўныя мастацкія праблемы: архітэктурных прапорцый, манументальнасці, надання велічы грамадскім будынкам, урэшце, стварэння ансамбляў (якія ўключалі ў сябе творы архітэктуры, скульптуры і жывапісу). Як «цуды свету» дагэтуль успрымаюць «вісячыя сады» ў Вавілоне (пра якія засталіся толькі ўспаміны) і старажытнаегіпецкія піраміды. Захаваліся рэшткі старажытных храмаў, якія ўражваюць сваёй веліччу пры максімальнай лаканічнасці архітэктурных формаў.

У час археалагічных раскопак былі адкрыты галоўныя гарады Інд­скай цывілізацыі, якія адносяцца да сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. Яны ўзніклі ў даліне ракі Інд у Паў­ночна-­Заходняй Індыі. Гарады мелі правільную планіроўку: у іх знаходзіліся цытадэль і жылыя раёны, падзеленыя вуліцамі на кварталы. Буйнейшымі цэнтрамі старажытнаіндскай дзяржавы былі гарады Махенджа-­Дара і Харапа. Там былі сістэма водазабеспячэння і ка­на­лі­зацыя. Людзі жылі ў адна-, двух- і трохпавярховых дамах. Знаходкі сведчаць пра складаную сістэму грамадскіх адносін. Было развіта рамяство, гандлёвыя сувязі злучалі раён басейна Інда з Шумерам, з Сярэдняй Азіяй, з усім паўвостравам Індастан. Аднак невядома, ці была Індская цывілізацыя адзінай дзяржавай, ці кангламератам (аб’яднаннем) гарадоў-­дзяржаў.

У Кітаі найстаражытнейшыя гарады з’явіліся ў даліне Хуанхэ ў пачатку II тысячагоддзя да н. э. На берагах гэтай ракі і яе прытокаў узніклі сталіцы першых дзяржаўных утварэнняў, якія пастаянна ваявалі і перыядычна аб’ядноўваліся пад уладай мацнейшага. Яны былі заснаваны ў зоне арашальнага земляробства адносна блізка адзін ад аднаго, каб была магчымасць кантраляваць сельскую гаспадарку на прылеглых тэрыторыях.

5. Ачаговы характар развіцця старажытнаўсходніх цывілізацый

Цывілізацыі Старажытнага Усходу, якія склаліся ў басейнах рэк (Ніла, Тыгра і Еўфрата, Інда і Ганга, Хуанхэ і Янцзы), былі аддзелены адна ад адной вялікімі адлегласцямі і таму амаль не мелі сувязяў паміж сабой. Гэтая ізаляванасць адыгрывала супярэчлівую ролю ў іх лёсах: цяжкапераадольныя ­прыродныя бар’еры (горы, пустыні, бязводныя стэпы, моры) абаранялі басейны рэк — ​калыскі гэтых цывілізацый — ​ад нападу звонку, але яны ж, абмяжоўваючы знешнія сувязі, часам запавольвалі развіццё грамадскіх адносін. Ізаляванасць і кансерватыўнасць развіцця старажытнаўсходніх цывілізацый садзейнічалі захаванню нязменных традыцый, непадзельнаму панаванню рэлігій у ідэйным жыцці, панаванню ўсталяваных канонаў у архітэктуры і мастацтве.

Узнікнуўшы незалежна адна ад адной, цывілізацыі Старажытнага Усходу істотна адрозніваліся. Толькі паступова яны знаходзілі шляхі ўзаемадзеяння і наладж­валі кантакты, спачатку гандлёвыя і палітычныя, затым культурныя.

Аднак асноўныя гаспадарчыя, земляробчыя традыцыі, арганізацыя грамадства разгляданых цывілізацый мелі вельмі шмат агульнага. Менавіта таму мы можам вывучаць іх у адзінстве. Арашальнае земляробства было асновай гаспадаркі. Яно вызваліла ад пастаяннай неабходнасці здабываць пракорм і стварыла умовы для фарміравання новага грамадства, якому ўласцівая сацыяльная дыферэнцыяцыя. Рост колькасці насельніцтва і, як вынік, павелічэнне працоўных рэсурсаў стварылі перадумовы для ўзнікнення адзіных дзяржаў, на чале якіх стаяў правіцель з неабмежаванай уладай.

Дзяржаўнасць Старажытнага Усходу прайшла ў сваім развіцці некалькі этапаў: першапачаткова з’явіліся племянныя аб’яднанні, у якіх сфарміраваліся гарадскія паселішчы; з развіццём палітычнай ролі гарадоў узніклі гарады-­дзяржавы; у розных формах ішлі аб’яднаўчыя працэсы, вынікам якіх стала фарміраванне вялізных імперый.

4. Стварэнне аб’яднаных дзяржаў і імперый

З развіццём цывілізацый узмацняліся дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі земляробчых раёнаў. Гарады-­дзяржавы па­ступова ўваходзілі ў склад аб’яднаных дзяржаў, а затым і магутных імперый.

Егіпет быў аб’яднаны каля 3000 г. да н. э. Гэтаму шмат у чым садзейнічала неабходнасць арганізацыі адзінага цэнтра, які б каардынаваў працу сістэмы арашальнага земляробства. У Егіпце змяняліся дынастыі; здаралася, што краіну заваёўвалі іншаземныя захопнікі. Аднак на працягу ўсёй старажытнай гісторыі ён працягваў існаваць як адзіная дзяржава. У моманты росквіту фараоны кантралявалі і суседнія краіны. Так, Тутмас III захапіў практычна ўвесь Блізкі Усход і дайшоў з арміяй да Еўфрата.

Цар Саргон — ​правіцель невялікага горада Акада — ​у 2316 г. да н. э. пачаў барацьбу за падпарадкаванне шумерскіх гарадоў. Яму ўдалося заваяваць не толькі шумераў, але і ўсю тэрыторыю Месапатаміі. У выніку ўзнікла першая імперыя, якая кантралявала ўсю даліну Тыгра і Еўфрата і суседнія землі. У далейшым панаванне пераходзіла да розных палітычных цэнтраў. Асабліва доўга яго ўдалося захоўваць Вавілону, які стаў найбуйнейшым горадам усяго Блізкага Усходу, цэнтрам гандлю і культуры. Правіцель Вавілона Хамурапі прыняў звод законаў, які меў на мэце стабілізаваць жыццё дзяржавы і быў пакладзены ў аснову заканадаўства ўсяго Блізкага Усходу.

У сярэдзіне VI ст. да н. э. літаральна за 20 гадоў Персідская імперыя на чале з царом Кірам II падпарадкавала тэрыторыі ўсіх блізкаўсходніх цывілізацый.

Персы былі ваяўнічым качавым народам, які жыў на поўнач ад Месапатаміі. Яны здолелі стварыць стройную сістэму кіравання скоранымі землямі. Упершыню ў гісторыі з’явілася імперыя, якая выйшла за рамкі адной цывілізацыі.

У 317 г. да н. э. даліны рэк Інд і Ганг, а таксама практычна ўся тэрыторыя Індыі былі аб’яднаны імперыяй дынастыі ­Маур’яў. Найбольшай магутнасці гэтая дзяржава дасягнула пры імператары Ашоку, які актыўна пашыраў будызм не толькі ў самой Індыі, але і за яе межамі.

Старажытны Кітай быў аб’яднаны імператарам Цынь Шыхуандзі ў 221 г. да н. э. Гэты правіцель стварыў дзяржаву, якая пачала пашыраць свае межы ў далінах рэк Хуанхэ і Янцзы. Горад Сяньян, сталіца дзяржавы Цынь, у часы праўлення Цынь Шыхуандзі налічваў каля 1 млн жыхароў. У той жа час дзеля абароны ад нападаў качэўнікаў пачалі будаваць Вялікую Кітайскую сцяну ўздоўж усёй паўночнай мяжы дзяржавы. У хуткім часе Вялікі шаўковы шлях злучыў Кітай з іншымі старажытнымі цывілізацыямі.

Такім чынам, на змену лакальным гарадам-­дзяржавам прыйшлі магутныя імперыі, якія распаўсюджвалі сваю ўладу на ўсю тэрыторыю першых земляробчых цывілізацый.

Пытанні

1. Растлумачце, як прыродныя ўмовы ўплывалі на рассяленне, гаспадарку, арганізацыю і лад жыцця людзей.

2. Якую ролю ў станаўленні і развіцці кожнай са старажытнаўсходніх цывілізацый адыгрывалі прыродныя ўмовы і геаграфічнае становішча? Што было агульным? У чым былі адрозненні? Выкарыстайце картаграфічны матэрыял. Адказ адлюструйце ў сшытку ў выглядзе табліцы. Крытэрыі для параўнання вызначце самастойна. Складзіце стужку часу, якая ілюструе ўзнікненне старажытных цывілізацый.

3. Вызначце і растлумачце заканамернасці з’яўлення падзелу працы і сацыяльнай дыферэнцыяцыі.

*3-1. Раскажыце пра структуру грамадства ў старажытных цывілізацыях Усходу. Чаму такое грамадства называюць іерархічным?

4. Чаму пра гарады, якія ўзніклі на мяжы IV–III тысячагоддзяў да н. э., гавораць як пра прынцыпова новую з’яву ў гісторыі?

5. Параўнайце цывілізацыі Старажытнага Усходу, адзначыўшы агульныя і адрозныя рысы ў іх гаспадарчай дзейнасці.

6. Якім чынам адбывалася стварэнне аб’яднаных дзяржаў Старажытнага Усходу? Чаму яны ўзнікалі ў раёнах першых земляробчых цывілізацый?

7. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, у тым ліку рэсурсы сеткі інтэрнэт, падбярыце фатаграфіі, ілюстрацыі, якія сведчаць аб тым, што старажытнаегіпецкія дойліды ўслаўлялі ў сваіх творах неабмежаваную ўладу цара, які абагаўляўся. Прадстаўце вынік работы ў выглядзе каталога (прэзентацыі, буклета) або фотавыставы з кароткім апісаннем архітэктурных помнікаў.

*8. З дапамогай раней вывучанага матэрыялу (гісторыя Старажытнага свету, 5 клас) і дадатковых крыніц інфармацыі (пры неабходнасці) запоўніце табліцу «Дасягненні цывілізацый Усходу».

Якія з гэтых дасягненняў выкарыстоўваюцца і цяпер?

*9. Падрыхтуйце эсэ па праблеме ўрока: «Старажытны Усход — гэта калыска чалавечай культуры ці дзікае, чужое сучасным людзям грамадства?»