§ 3. Эканоміка і палітычная карта Старажытнага Усходу
1. Прыродныя ўмовы і развіццё арашальнага земляробства
Паняцце «Старажытны Усход» адносіцца да вялікай геаграфічнай зоны, якая ўключае такія краіны, як Старажытны Егіпет, Старажытная Месапатамія, Старажытны Кітай, Старажытная Індыя. Тут склаліся спрыяльныя ўмовы для з’яўлення першых дзяржаўных утварэнняў, найперш аптымальнае экалагічнае асяроддзе для развіцця высокапрадукцыйнага арашальнага земляробства ва ўрадлівых далінах буйны́х рэк: Ніла, Тыгра і Еўфрата, Інда і Ганга, Хуанхэ і Янцзы.
Старажытны Усход — калыска ўсёй чалавечай цывілізацыі, найстаражытнейшыя ачагі якой склаліся ў IV тысячагоддзі да н. э. незалежна адзін ад аднаго ў Егіпце і Месапатаміі. У сярэдзіне III тысячагоддзя да н. э. аформілася старажытнаіндыйская цывілізацыя, а ў сярэдзіне II тысячагоддзя да н. э. — старажытнакітайская.
Гэтыя цывілізацыі складваліся ва ўмовах субтрапічнага клімату з гарачым сухім летам і мяккай зімой. Прыродныя ўмовы ў далінах вялікіх рэк першапачаткова былі не самымі спрыяльнымі: глеба была багністая, па берагах часта раслі густыя непраходныя лясы, моцныя разлівы неслі небяспеку паселішчам. Аднак можна казаць і пра мноства пераваг: рэкі маглі забяспечваць людзей вялікай колькасцю рыбы, у прыбярэжных лясах вялася дзічына, а галоўнае, землі былі прыдатныя для земляробства. Рэкі актыўна садзейнічалі апрацоўцы глебы, даючы пастаянную і неабмежаваную крыніцу вады для арашэння і прыносячы ў час разліваў урадлівы глей. Але неабходна было пабудаваць дамбы, арашальныя каналы, сажалкі, якія ўтрымлівалі б ваду пасля разліваў, каб атрымліваць вялікія ўраджаі нават пры выкарыстанні першапачаткова прымітыўных прылад апрацоўкі зямлі.
У выніку менавіта на аснове арашальнага земляробства ўзнікла высокапрадукцыйная сельская гаспадарка старажытных цывілізацый. Стваральная праца дала магчымасць выкарыстоўваць навакольнае асяроддзе для паляпшэння ўмоў жыцця. Уменне ставіць навакольнае асяроддзе сабе на службу з’яўляецца вельмі важнай асаблівасцю чалавека і дагэтуль садзейнічае яго пастаяннаму развіццю.
Прыродныя ўмовы Месапатаміі былі спачатку не вельмі спрыяльныя для пражывання. Здароўю насельніцтва шкодзілі выпарэнні шматлікіх балот. Будаўнічага каменю тут не было, таму асноўным матэрыялам для ўзвядзення розных збудаванняў служылі чарот і гліна. Таксама ў рэгіёне было недастаткова карысных выкапняў, асабліва металаў.
Герадот адзначаў, што ўрадлівая глеба Егіпта была створана наносамі і адкладамі глею пасля разліваў ракі Ніл. Добра абводненая імі егіпецкая зямля ўтварыла гіганцкі аазіс, заціснуты між неабсяжных пустынь Паўночна-Усходняй Афрыкі. Адрэзаны ад суседніх краін на захадзе і на ўсходзе скалістымі гарамі і цяжкапраходнымі пустынямі, а на поўдні — парогамі Ніла, Егіпет першапачаткова быў амаль ізаляваны ад астатняга свету. Гэтым шмат у чым тлумачыцца адметнасць егіпецкай культуры. Земляробства там было магчымае толькі дзякуючы разлівам Ніла, таму што ў гарачым клімаце ўраджай поўнасцю залежаў ад вільгаці і наносаў урадлівага рачнога глею. Егіпцяне заўсёды супрацьпастаўлялі сваю прыдатную для раслінаводства зямлю пустынным і дзікім суседнім тэрыторыям. Сваю краіну яны вобразна называлі «чорнай зямлёй» (Та-Кемет), а пустыні вакол — «чырвонай зямлёй».
Усходняе Міжземнамор’е ўяўляла сабой вузкую ўрадлівую прыморскую паласу. З усходу размяшчаліся горныя і паўпустынныя раёны з рэдкімі аазісамі. Земляробства тут квітнела яшчэ з часоў «неалітычнай рэвалюцыі». У рэгіёне не было буйны`х рэк, таму тут не ўзнікала неабходнасці ствараць адзіную сетку ірыгацыйных сістэм. Усходняе Міжземнамор’е ніколі не было тэрыторыяй адзінага дзяржаўнага ўтварэння. Народы гэтага рэгіёна ў старажытнасці размаўлялі на мовах семіцкай групы (арабская, іўрыт, асірыйская і інш.), яны адрозніваліся па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. У той час тут праходзілі і перасякаліся гандлёвыя шляхі, што вялі з Егіпта да Міжрэчча, г. зн. у зоны найважнейшых дзяржаў старажытнасці.
Вялізны паўвостраў Індастан, размешчаны ў Паўднёвай Азіі, быў амаль адрэзаны ад свету: на поўначы — гарамі, на поўдні — акіянам, на ўсходзе — джунглямі. Ён дзяліўся на дзве часткі: паўднёвую — пласкагор’е Дэкан і паўночную — раўніну з урадлівымі далінамі паміж рэкамі Інд і Ганг.
Кітай у старажытнасці быў ізаляваны ў геаграфічных адносінах ад астатняга свету і практычна не меў кантактаў з іншымі краінамі на захадзе аж да апошніх стагоддзяў эпохі старажытнасці.
Розныя рэгіёны Старажытнага Усходу аб’ядноўвала тое, што дзякуючы ўрадлівасці глебы ў басейнах рэк пры наладжанай сістэме ірыгацыі і меліярацыі там можна было развіць высокапрадукцыйную сельскую гаспадарку. Менавіта таму на гэтых тэрыторыях і зарадзіліся першыя цывілізацыі, якія атрымалі вобразную назву «цывілізацыі вялікіх рэк».