§ 3. Эканоміка і палітычная карта Старажытнага Усходу

2. Асноўныя гаспадарчыя заняткі

Яшчэ ў перыяд «неалітычнай рэвалюцыі» ў рэгіёне «ўрадлівага паўмесяца» было асвоена вырошчванне збожжавых (пшаніцы і ячменю), а таксама вінаграду, капусты, салаты, морквы, цыбулі і іншых культур. Былі прыручаны козы і авечкі, буйнáя рагатая жывёла. Земляробы і жывёлаводы сталі па-рознаму весці гаспадарку, а ў хуткім часе пачалі абменьвацца прадуктамі сваёй працы. Земляробства ў далінах рэк садзейнічала пераходу да аселага ладу жыцця.

У Старажытнай Месапатаміі акрамя збожжа вырошчвалі фінікавыя пальмы, інжыр, вінаград, слівы, яблыні, абрыкосы, гарох, боб, салату, капусту, лён і іншыя садовыя і агародныя культуры. Ужо ў IV–III тысячагоддзях да н. э. у іх быў наладжаны абмен прадуктамі з жывёлаводамі — ​жыхарамі перадгор’яў Іранскага плато, якія пастаўлялі мяса. Усё гэта рабіла рацыён месапатамцаў вельмі багатым. Таксама жывёлаводы забяспечвалі іх воўнай і скурай.

Аснову харчавання егіпцян складалі збожжавыя культуры. У Старажытным Егіпце актыўна развівалася і садоўніцтва: вырошчвалі фінікі, інжыр, гранаты, персікі, вінаград, цыбулю, часнок, радыску і інш. Егіпцяне распрацавалі рэцэпты дражджавога хлеба. Жывёлагадоўля таксама адыгрывала ў гаспадарцы Старажытнага Егіпта заўважную ролю. Егіпцяне разводзілі буйнýю рагатую жывёлу, свіней, авечак і коз, такім чынам забяспечваючы сябе мясам. Свой­ская птушка (гусі, качкі) і галубы таксама рабілі больш разнастайным мясны рацыён.

Насельніцтва Старажытнай Індыі атрымлівала ўсё неабходнае для жыцця, займаючыся перш за ўсё сельскай гаспадаркай. Вырошчваліся пераважна мясцовыя культуры (напрыклад, мясцовая разнавіднасць пшаніцы). Вялікія плошчы адводзіліся пад рыс. Тут былі вядомыя лімоны і апельсіны, фасоля, агуркі і баклажаны. У Індыі ўпершыню пачалі вырошчваць цукровы трыснёг і бавоўну.

Асновай рацыёну жыхароў далін вялікіх рэк Хуанхэ і Янцзы сталі рыс і проса. Хоць і тут культывавалі шмат садовых і агародных раслін: хурму, фасолю, розныя гатункі капусты, чай і інш.

На розных тэрыторыях вырошчвалі мясцовыя расліны. Рэгіёны, дзе актыўна ішло акультурванне раслін, атрымалі назву ачагоў паходжання культурных раслін. У далейшым узаемадзеянне розных цывілізацый прывяло да пераймання і распаўсюджвання сельскагаспадарчых культур. Гэта зрабіла яшчэ больш разнастайным рацыён чалавецтва.

Заліўныя землі вялікіх рэк далі небывалыя ўраджаі. Небяспека голаду была прадухілена, пачалі стварацца грамадскія запасы прадуктаў харчавання. У раёнах арашальнага высокаразвітога земляробства адбыўся рэзкі рост насельніцтва. Цяпер не ўвесь чалавечы калектыў павінен быў займацца здабычай харчавання, што дало магчымасць асвой­ваць новыя кірункі дзейнасці. Узнік грамадскі падзел працы. З’явіліся прафесійныя рамеснікі. Ганчары, кавалі, ткачы і іншыя рамеснікі цяпер займаліся толькі сваёй работай, а вырабы яны маглі абменьваць на прадукты харчавання.