*§ 37—2. Дынамічныя ўласцівасці папуляцый

Нараджальнасць

Нараджальнасць — гэта здольнасць папуляцыі да павелічэння колькасці за кошт размнажэння асобін. Яна характарызуе частату з’яўлення новых асобін у папуляцыі. У экалогіі пад нараджальнасцю разумеюць любы спосаб з’яўлення новых асобін шляхам размнажэння (дзяленне клеткі, прарастанне насення, вылупліванне з яек, пачкаванне, жыванараджэнне).

У аптымальных умовах асяроддзя ў папуляцыях з’яўляецца максімальна магчымая колькасць новых асобін, і нараджальнасць абмяжоўваецца толькі фізіялагічнымі асаблівасцямі віду. Такая нараджальнасць называецца максімальнай ці фізіялагічнай нараджальнасцю.

!  Гэта цікава

Патомства адной расліны дзьмухаўца за 10 гадоў здольна запаланіць  увесь зямны шар, пры ўмове, што ўсё яе насенне будзе прарастаць. Колькасць патомкаў некалькіх пакаленняў, якія паходзяць ад адзінай тлі і размнажаюцца шляхам партэнагенезу, за паўтара летніх месяца можа дасягнуць 300 млн асобін. Выключна багата пладаносяць вербы, таполі, бярозы, асіны, большая частка пустазелля. Бактэрыі дзеляцца кожныя 20 мін і на працягу 36 г могуць суцэльным пластом пакрыць усю планету, калі будуць аптымальныя ўмовы асяроддзя (адсутнасць лімітуючых фактараў).

У сапраўднасці такая вялізная нараджальнасць арганізмаў ніколі не рэалізуецца. Рэальная нараджальнасць заўсёды з’яўляецца значна ніжэйшай за патэнцыяльную.

Нараджальнасць у прыродных папуляцыях вызначаецца шмат якімі фактарамі: умовамі асяроддзя, наяўнасцю ежы, біялагічнымі асаблівасцямі віду (хуткасць палавога выспявання асобін, колькасць нашчадкаў у адным пакаленні, колькасць пакаленняў на працягу сезона, суадносіны самцоў і самак у папуляцыі, колькасць рэпрадуктыўных асобін). Нараджальнасць, якая вызначае павелічэнне колькасці папуляцыі ў фактычных умовах асяроддзя, называецца рэалізаванай ці экалагічнай нараджальнасцю.

Для колькаснай характарыстыкі экалагічнай нараджальнасці ў папуляцыі можна разлічыць паказчыкі абсалютнай і ўдзельнай нараджальнасці.

Абсалютная нараджальнасць — колькасць асобін, якія нарадзіліся ў папуляцыі за адзінку часу. Яна разлічваецца шляхам суадносін ліку нашчадкаў да перыяду часу, за які яны з’явіліся. Напрыклад, 100 асобін у гадзіну, або 1000 асобін у год. Аднак дадзены паказчык нельга выкарыстоўваць для параўнання нараджальнасці папуляцый з рознай пачатковай колькасцю. Уявім сабе дзве папуляцыі пратыстаў з пачатковай колькасцю 50 і 100 асобін, якія размнажаюцца шляхам дзялення клетак у аднолькавым аб’ёме вады. Напрыклад, праз гадзіну іх колькасць стала 150 і 200 асобін адпаведна. Абсалютная нараджальнасць у абедзвюх папуляцыях складае 100 асобін/г. Гэта не адпавядае рэальнаму змяненню колькасці за кошт нараджальнасці: у першай папуляцыі колькасць за гадзіну павялічылася ў 3 разы, а ў другой папуляцыі — у 2 разы.

Каб параўноўваць па нараджальнасці папуляцыі з рознай пачатковай колькасцю, трэба разлічыць удзельную нараджальнасць. Удзельная нараджальнасць — колькасць асобін, якія з’явіліся ў адзінку часу ў разліку на адну асобіну папуляцыі. Такім чынам, каб разлічыць удзельную нараджальнасць, трэба абсалютную нараджальнасць суаднесці з пачатковай колькасцю папуляцыі. Удзельная нараджальнасць для вышэйназваных папуляцый пратыстаў складае: у першай папуляцыі 3 асобіны/г на 1 асобіну, а ў другой папуляцыі — 2 асобіны/г на 1 асобіну. З гэтых паказчыкаў вынікае, што ў першай папуляцыі нараджальнасць у 1,5 раза вышэйшая, чым у другой, што і адпавядае рэальна атрыманаму выніку па павелічэнні колькасці. Паказчыкам удзельнай нараджальнасці ў папуляцыях людзей служыць колькасць дзяцей, якія нарадзіліся на 1000 чалавек на працягу года.

Як правіла, пры павышэнні нараджальнасці колькасць папуляцыі павялічваецца, калі яе не перавышае смяротнасць. Але часам у папуляцыі адзначаецца высокая нараджальнасць, а колькасць асобін у ёй застаецца або ранейшай, або нават зніжаецца. Гэта можа быць звязана не толькі з павышэннем смяротнасці асобін, але і з іх рассяленнем на новыя тэрыторыі.