*§ 37—1. Папуляцыя — структурная адзінка віду. Статычныя ўласцівасці папуляцый

Статычныя ўласцівасці папуляцыі

Колькасць — гэта агульная колькасць асобін аднаго віду на ўчастку арэала з аднароднымі экалагічнымі ўмовамі. Напрыклад, далёкаўсходняя папуляцыя тыгра налічвае каля 600 асобін, ладажскай нерпы — каля 10 тыс. асобін, азіяцкага льва — больш за 600 асобін, папуляцыя зубра на тэрыторыі Нацыянальнага парку Белавежская пушча — больш  за 500 асобін. Вызначыць агульную колькасць папуляцыі шляхам прамога падліку можна толькі для буйных і добра прыметных асобін. Колькасць папуляцыі ўвесь час змяняецца. Але рост колькасці папуляцый любога віду ў прыродзе ніколі не бывае бясконцым, таму што рэсурсы, за кошт якіх існуюць віды (ежа; сховішчы; месцы, што падыходзяць для размнажэння), на любой тэрыторыі маюць межы. У той жа час колькасць папуляцый не можа зніжацца бясконца, бо для забеспячэння ўзнаўлення патомства патрабуецца наяўнасць пэўнага ліку асобін. Такім чынам, ваганні колькасці абмяжоўваюцца верхняй і ніжняй межамі. Выхад за гэтыя межы можа прывесці да гібелі папуляцыі.

Верхняя мяжа колькасці — максімальная колькасць асобін папуляцыі, патрэбнасці якіх могуць быць задаволены рэсурсамі дадзенага масцапражывання без заўважанага яго парушэння. Яна залежыць ад колькасці корму, плошчы займаемай тэрыторыі, сілы ўздзеяння экалагічных фактараў і ў экалогіі называецца ёмістасцю асяроддзя. Аднак папуляцыя пры хуткім росце лёгка можа перавысіць ёмістасць асяроддзя, і тады пачынаецца гібель асобін з прычыны недахопу корму. З прычыны павышанай кантактнасці узнікаюць эпідэміі, што ў канчатковым выніку можа прывесці да гібелі ўсёй папуляцыі.

Ніжняя мяжа колькасці — мінімальны лік асобін, здольных забяспечыць аднаўленне і працяглае існаванне папуляцыі. Ніжняя мяжа колькасці залежыць ад біялагічных уласцівасцей арганізмаў і з’яўляецца велічынёй пастаяннай для ўсіх папуляцый у межах віду. Памяншэнне колькасці ніжэй за ніжнюю мяжу з’яўляецца прычынай зніжэння магчымасці сустрэчы полаў для размнажэння асобін. Гэта непазбежна прыводзіць да вымірання папуляцыі. Вось чаму папуляцыі з вельмі малой колькасцю асобін працягла існаваць не могуць. Вядомыя выпадкі вымірання папуляцый нават у запаведніках са строгім рэжымам аховы, калі іх колькасць спадала ніжэй за ніжнюю мяжу.

Шчыльнасць — колькасць асобін папуляцыі ці біямасы ў разліку на адзінку плошчы (м2, га, км2) ці аб’ёму (л, м3, км3).  Напрыклад, 150 соснаў на 1 га сасновага бору,  800 клетак хларэлы ў 1 л вады характарызуюць шчыльнасць папуляцыі гэтых відаў. Шчыльнасць прама прапарцыянальная колькасці, таму паказчык колькасці часцей за ўсё разлічваюць шляхам множання шчыльнасці на плошчу арэала папуляцыі. Пры павелічэнні колькасці шчыльнасць не павышаецца ці нават зніжаецца толькі ў тым выпадку, калі магчыма рассяленне асобін з прычыны пашырэння арэала. Пры адсутнасці рассялення паказчык шчыльнасці папуляцыі дазваляе колькасна параўноўваць асобныя папуляцыі незалежна ад агульнага памеру займаемай імі тэрыторыі ці акваторыі.

Адрозніваюць два віды шчыльнасці. Сярэдняя шчыльнасць — колькасць асобін у разліку на адзінку плошчы ўсёй займаемай тэрыторыі. Экалагічная шчыльнасць — колькасць асобін у разліку на адзінку плошчы тэрыторыі, прыдатнай для жыцця. Пры нераўнамерным засяленні асобінамі тэрыторыі гэтыя паказчыкі могуць істотна адрознівацца.

Шчыльнасць, як і колькасць, мае верхнюю і ніжнюю межы, выхад за якія можа прыводзіць да гібелі папуляцыі. Таму прагноз для будучага існавання папуляцыі можна даваць і на аснове параўнання шчыльнасці з яе межамі.

Такім чынам, калі колькасць ці шчыльнасць блізкія да верхняй мяжы, то частку асобін трэба выключыць з папуляцыі. Гэта можа быць перасяленне на свабодную тэрыторыю, выкарыстанне ў гаспадарчых мэтах, санітарны адстрэл жывёл ці высечка дрэў. Калі ж колькасць ці шчыльнасць набліжаюцца да ніжняй мяжы, то трэба ажыццяўляць ахову папуляцыі ці ўсяляць новыя асобіны, каб не дапусціць спадання колькасці ніжэй за ніжнюю мяжу.

Паўторым галоўнае. Папуляцыя — здольная да самарэгуляцыі група асобін аднаго віду, якія доўгі час жывуць на агульнай тэрыторыі, свабодна скрыжоўваюцца паміж сабой і даюць пладавітае патомства. Любая папуляцыя мае біялагічныя і групавыя прыметы (уласцівасці і структуру). Уласцівасці папуляцыі падзяляюць на дзве групы: статычныя і дынамічныя. Да статычных уласцівасцей належаць колькасць і шчыльнасць. Дыяпазон змянення колькасці і шчыльнасці абмяжоўваюць верхняя і ніжняя межы, выхад за якія прыводзіць да гібелі папуляцыі. Для папуляцыі можна разлічыць сярэднюю і экалагічную шчыльнасць.