*§ 37—1. Папуляцыя — структурная адзінка віду. Статычныя ўласцівасці папуляцый

Папуляцыя — структурная адзінка існавання віду

Кожны від засяляе арэал не проста як сукупнасць асобін, а ў выглядзе адносна адасобленых груп. Фарміраванне гэтых груп з’яўляецца вынікам разнастайнасці абіятычных фактараў і наяўнасці розных перашкод (рэкі, горы) у межах арэала. Такія групы асобін, якія не з’яўляюцца раўнацэннымі па шэрагу прымет і насяляюць розныя па ўмовах участкі арэала, былі названы папуляцыямі. Тэрмін «папуляцыя» ўвёў у экалогію дацкі біёлаг В. Іагансен у 1903 г.

Папуляцыя (ад лац. populus — народ, насельніцтва) — адносна ізаляваная і здольная да самарэгуляцыі група асобін аднаго віду, якія доўгі час жывуць на агульнай тэрыторыі, свабодна скрыжоўваюцца паміж сабой і даюць пладавітае патомства.

Кожная папуляцыя жыве ў канкрэтнай частцы арэала і прыстасавана да існавання ў пэўных экалагічных умовах. Дзякуючы гэтаму від можа займаць даволі шырокі і неаднародны па ўмовах арэал. Чым больш неаднародны па ўмовах і рэльефу арэал, тым больш папуляцый уключае від. Такім чынам, від у межах арэала існуе за кошт разнастайнасці папуляцый.

Папуляцыя — гэта форма існавання віду ў прасторы з адносна аднароднымі ўмовамі пражывання. Напрыклад, від Акунь звычайны ў буйных вадаёмах прадстаўлены дзвюма папуляцыямі — прыдоннай і прыбярэжнай. Іх прасторавая раз’яднанасць выяўляецца ў жыцці на розных глыбінях вадаёма з рознымі харчовымі рэсурсамі. Дзякуючы дадзеным папуляцыям акунь звычайны здольны засяляць увесь вадаём.

Як біялагічная сістэма папуляцыя мае свае ўласныя прыметы (групавыя прыметы). Але паколькі яна складаецца з асобін аднаго віду, то ёй уласцівыя і агульныя відавыя прыметы (біялагічныя прыметы), якія характарызуюць жыццёвы цыкл. Любая папуляцыя, як і асобна ўзятая асобіна, у прыродзе існуе абмежаваны час. Гэты інтэрвал часу можна назваць жыццёвым цыклам папуляцыі, паколькі ён уключае стадыі, аналагічныя стадыям жыццёвага цыкла арганізма. У пэўны момант часу ў пэўным асяроддзі з’яўляецца група асобін аднаго віду (нараджэнне папуляцыі). Затым колькасць асобін павялічваецца (рост папуляцыі), адбываецца змяненне палавой і ўзроставай структур (развіццё папуляцыі). У папуляцыі адбываецца працэс размнажэння асобін (самаўзнаўленне). Яна здольна падтрымліваць існаванне ў знешніх умовах, якія ўвесь час змяняюцца (адаптацыя). Колькасць папуляцыі ніколі не застаецца пастаяннай. У пэўныя прамежкі часу колькасць папуляцыі можа ўзрастаць ці зніжацца.  Часам зніжэнне колькасці можа прывесці да знікнення папуляцыі (гібель папуляцыі).

Аднак прыметы папуляцыі, характэрныя для яе, як і для асобнай асобіны (біялагічныя прыметы), не дазваляюць атрымаць поўнае ўяўленне пра папуляцыю як пра самастойную біялагічную сістэму — групу асобін аднаго віду. Для кіравання колькасцю папуляцый прамысловых, гаспадарча-каштоўных, рэдкіх ці іншых відаў неабходна ведаць іх групавыя характарыстыкі. Толькі ў гэтым выпадку магчыма прагназаванне змянення стану папуляцый пры ўздзеянні на іх чалавека ці фактараў асяроддзя.

Разнастайнасць групавых характарыстык (прымет) папуляцыі можна паказаць з дапамогай схемы.

Як бачна са схемы, групавыя характарыстыкі падзяляюць на ўласцівасці і структуру. Менавіта іх вывучэнне дазваляе чалавеку прагназаваць будучыню папуляцыі і правільна з ёй узаемадзейнічаць. Уласцівасці папуляцыі па магчымасці іх вызначэння падзяляюць на статычныя і дынамічныя. Статычныя ўласцівасці можна вызначыць у любы момант часу. Да іх належаць колькасць і шчыльнасць. Для вызначэння дынамічных уласцівасцей патрабуецца інтэрвал часу. Да іх належаць нараджальнасць, смяротнасць і рост колькасці. Разгледзім характарыстыку статычных уласцівасцей папуляцыі.