*§ 35—1. Антагенез чалавека. Эмбрыянальнае развіццё чалавека

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Назавіце працягласць эмбрыянальнага перыяду развіцця чалавека: 20 тыдняў; 28 тыдняў; 40 тыдняў; 45 тыдняў.
2. Чаму цяжарнай жанчыне проціпаказана курыць?
3. Як называюцца клеткі, якія ўтвараюцца ў выніку драблення? У чым адрозненне драблення ад звычайнага дзялення?
4. Назавіце асноўныя перыяды развіцця зародка чалавека. У якім перыядзе эмбрыянальнага развіцця чалавека адбываецца дыферэнцыяцыя клетак?
5. Што такое крытычныя перыяды развіцця зародка чалавека?

    Складаныя пытанні

1. Як умовы жыцця маці ўплываюць на фарміраванне і развіццё плода?
2. Якія фактары сучаснага жыцця могуць паўплываць на здароўе будучых дзяцей?
3. Як вы можаце растлумачыць выраз «усвядомленае мацярынства і бацькоўства»? Што такое планаванне цяжарнасці? Як яно садзейнічае нараджэнню здаровага дзіцяці?
4. Як вы ставіцеся да магчымасці кланіравання чалавека?
5. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, устанавіце адпаведнасць паміж паняццем, яго катэгорыяй і зместам.
Паняцці: А — размнажэнне; Б — яйцаклеткі; В — сперматазоіды; Г — апладненне; Д — семяннікі; Е — матка; Ж — яечнікі.
Катэгорыі: 1 — клетка; 2 — працэс; 3 — орган; 4 — залоза.
Змест: а) зліццё палавых клетак; б) утвараюцца ў яечніках; в) нараджэнне сабе падобных; г) прызначаны для выношвання плёну; д) вырабляюць яйцаклеткі; е) утвараюцца ў семянніках; ж) выпрацоўваюць сперматазоіды.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце прэзентацыю на тэму «Заганы развіцця плода як следства нездаровага ладу жыцця будучай маці».