*§ 35—1. Антагенез чалавека. Эмбрыянальнае развіццё чалавека

Уплыў умоў навакольнага асяроддзя на ўнутрычэраўнае развіццё дзіцяці

Развіццё арганізма чалавека ўяўляе сабой складанае спалучэнне такіх працэсаў, як дзяленне клетак, іх перамяшчэнне і ўзаемадзеянне, утварэнне тканак і органаў. Любое парушэнне гэтых працэсаў можа выклікаць заганы развіцця эмбрыёна або плода. Такія парушэнні могуць узнікаць пад дзеяннем розных шкодных фактараў. Да фактараў рызыкі развіцця прыроджаных заган належаць іанізуючае выпраменьванне, вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі, патагенныя мікраарганізмы, гельмінты, некаторыя лекавыя прэпараты, алкаголь, курэнне, наркотыкі, недастатковае харчаванне, прафесійныя шкоднасці, позні матчын узрост, недастатковы медыцынскі кантроль.

Гэта цікава

Іанізуючая радыяцыя выклікае змяненні ў спадчынным апараце клетак і з’яўленне мутацый. Таксама небяспеку ўяўляюць вірусы і бактэрыі. Напрыклад, у жанчын, якія перанеслі вірусную краснуху ў першым трыместры цяжарнасці, часта нараджаюцца дзеці з хваробамі сэрца, глухатой, катарактай (памутненне крышталіка вока). Узбуджальнік сіфілісу здольны выклікаць прыроджаную глухату. Акрамя таго, у бацькоў, якія злоўжываюць алкаголем, дзеці нараджаюцца са спецыфічным комплексам выродлівасцей і заган: затрымкай у фізічным і разумовым развіцці, рознымі чэрапна-мазгавымі выродлівасцямі, заганамі сэрца, дэфектамі канечнасцей і інш. На дзетародныя функцыі чалавека ўплывае курэнне і злоўжыванне наркотыкамі: у жанчын, якія кураць, на begin mathsize 14px style 1 third end style павялічваецца рызыка бясплоддзя, а ў мужчын курэнне выклікае значнае зніжэнне палавой патэнцыі. Галоўную шкоду тытунёвы дым наносіць зародку. Большасць дзяцей, народжаных курцамі, з’яўляюцца на свет з рознымі парушэннямі — маса іх цела меншая за норму, яны адстаюць у псіхічным развіцці, у іх высокі працэнт раптоўнай смерці. Вялікую небяспеку для развіцця плода ўяўляюць некаторыя лекавыя прэпараты (барбітураты, тэтрацыкліны, варфарын і інш.).

Парушэнні ў развіцці часцей выклікаюць тыя фактары, якія дзейнічаюць у пэўныя крытычныя перыяды, калі эмбрыён або плод максімальна адчувальныя да пэўных уздзеянняў. У чалавека крытычнымі перыядамі эмбрыянальнага развіцця з’яўляюцца: апладненне; урастанне бластацысты ў сценку маткі (7—8-ы дні эмбрыягенезу); развіццё комплексу восевых органаў і плацэнты (3—8-ы тыдні); развіццё галаўнога мозга (15—20-ы тыдні); фарміраванне асноўных сістэм арганізма, у тым ліку палавой (20—24-ы тыдні).

Паўторым галоўнае. Антагенез чалавека ўключае два этапы: эмбрыянальны і постэмбрыянальны. На эмбрыянальным этапе адрозніваюць тры перыяды: пачатковы, зародкавы, плодны. Пачатковы перыяд доўжыцца ад утварэння зіготы да фарміравання бластацысты (5—6 дзён) і ўключае стадыю морулы. У зародкавым перыядзе бластацыста урастае ў сценку маткі і паступова ператвараецца ў плод (ад 7 да 8 тыдняў). У гэтым перыядзе ў эмбрыёна развіваюцца тры зародкавыя абалонкі — харыён, амніён і алантоіс. Плодны перыяд — гэта перыяд развіцця плода да нараджэння. Абмен рэчываў плода ў гэтым перыядзе ажыццяўляецца праз плацэнту. Уздзеянне неспрыяльных фактараў асяроддзя на эмбрыянальным этапе развіцця чалавека можа выклікаць заганы развіцця плода.