*§ 35—1. Антагенез чалавека. Эмбрыянальнае развіццё чалавека

Эмбрыянальны (унутрычэраўны) этап антагенезу

Эмбрыянальны (унутрычэраўны) этап антагенезу — развіццё чалавека ад утварэння зіготы да нараджэння. У ім адрозніваюць тры перыяды: пачатковы, зародкавы, плодны. Зародак чалавека да завяршэння фарміравання зачаткаў органаў называюць эмбрыёнам, а пасля гэтага аж да нараджэння — плодам.

Пачатковы перыяд доўжыцца ад утварэння зіготы да фарміравання бластацысты (5—6 дзён). Апладненне ў жанчыны адбываецца ў матачнай трубе, пасля чаго ўтвораная зігота працягвае рух па матачнай трубе ў бок маткі. Гэтаму спрыяюць скарачэнні мышачнага слоя трубы і рухі раснічак эпітэлію. Жыўленне зіготы да ўкаранення ў матачную сценку ажыццяўляецца за кошт жаўтка, у склад якога ўваходзяць бялкі, тлушчы, мінеральныя солі, вітаміны.

Пасля апладнення (праз 24—30 г) пачынаецца драбленне зіготы. Пасля некалькіх дзяленняў эмбрыён нагадвае тутавую ягаду і называецца морула. На стадыі  морулы эмбрыён уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне са шчыльна прылеглых  адзін да аднаго 12—16 бластамераў, пазбаўленае  поласці.

Першапачаткова ўсе бластамеры эмбрыёна чалавека аднолькавыя. Да чацвёртага дня развіцця, калі эмбрыён складаецца прыблізна з 30—32 клетак, бластамеры пачынаюць дыферэнцыравацца. У млекакормячых  морула  пераходзіць у стадыю бластацысты. Бластацыста адрозніваецца ад бластулы і характэрна толькі для плацэнтарных млекакормячых. Яна ўяўляе сабой полы шар з вонкавага пласта клетак — бластамераў, якія фарміруюць трафабласт, і размешчаных ўнутры прымацаваных да адной са сценак шара клетак унутранага пласта — эмбрыябласта.

Бластацыста трапляе ў матку, дзе каля двух дзён знаходзіцца ў свабодным стане. У далейшым вонкавы слой клетак фарміруе пальцападобныя вырасты, якія забяспечваюць урастанне бластацысты ў слізістую абалонку маткі (эндаметрый). Пасля гэтага пачынаецца зародкавы перыяд.

 

!  Гэта цікава

Парушэнне транспарту зіготы ў матку можа прыводзіць да ўтварэння і імплантацыі бластацысты ў матачнай трубе і развіцця пазаматачнай цяжарнасці. Парушэнне рэакцый узаемадзеяння бластацысты са сценкай маткі ў працэсе імплантацыі можа абумовіць ранні выкідыш яшчэ да таго, як выяўлены факт цяжарнасці.

Зародкавы перыяд — перыяд ад укаранення бластацысты ў сценку маткі да фарміравання ў эмбрыёна зачаткаў асноўных органаў і іх сістэм (ад 7 дзён да 8 тыдняў).

!  Гэта цікава

Калі бластацыста змяшчае два і больш эмбрыябласты, такі эмбрыён дае пачатак аднаяйцавым блізнятам (каля begin mathsize 14px style 2 over 3 end style выпадкаў нараджэння ўсіх аднаяйцавых блізнят).

Пасля ўкаранення ў эмбрыёне пачынаецца стадыя гаструляцыі. Утвараюцца зародкавыя лісткі: эктадэрма, энтадэрма і мезадэрма. Затым ідзе перыяд закладкі зачаткаў асноўных органаў і іх сістэм — гіста- і арганагенез. У васьмітыднёвага эмбрыёна пры яго даўжыні каля 40 мм і масе каля 5 г ужо маюцца амаль усе структуры цела чалавека. Для забеспячэння сувязі эмбрыёна з асяроддзем у яго развіваюцца тры зародкавыя абалонкі  (так званыя правізарныя органы) — харыён, амніён і алантоіс. Яны забяспечваюць ахову і харчаванне эмбрыёна.

Вонкавая абалонка эмбрыёна завецца харыёнам. Яна мае варсінкі, з дапамогай якіх урастае ў слізістую абалонку маткі. У месцы яе найбольшага ўрастання развіваецца плацэнта ў выглядзе дыска. Алантоіс забяспечвае газаабмен зародка і выдзяленне канчатковых прадуктаў метабалізму. Амніён развіваецца з унутранага лістка і фарміруе амніятычную поласць, запоўненую амніятычнай вадкасцю. У гэтай вадкасці плод знаходзіцца да самага нараджэння.

Да канца 2-га месяца эмбрыён набывае рысы знешняга падабенства з чалавекам і, як адзначалася, называецца плодам. З гэтага моманту пачынаецца плодны перыяд.

Плодны перыяд доўжыцца ад утварэння плода і фарміравання плацэнты да нараджэння (ад 9 да 40 тыдняў). Абмен рэчываў плода ажыццяўляецца праз плацэнту, з якой ён звязаны пупочным канацікам (пупавінай). У плацэнце маюцца крывяносныя сасуды, якія забяспечваюць плацэнтарны кровазварот. Праз сценкі крывяносных капіляраў і варсінак плацэнты ідзе абмен газамі і пажыўнымі рэчывамі паміж арганізмам маці і плода. Кроў маці і плода ніколі не змешваецца.

!  Гэта цікава

Плацэнта — адзіны орган, які складаецца з клетак двух розных арганізмаў: маці і плода. Пупавіна — гэта частка плода. Праз яе праходзяць крывяносныя сасуды, якія ўваходзяць у склад крывяноснай сістэмы зародка і  нясуць кроў у абодвух напрамках: ад плода да маці і ад маці да плода. Сасуды пупавіны аддзелены ад капіляраў маткі тонкай сценкай, праз якую пранікаюць прадукты абмену рэчываў. Ад маці да плода паступаюць глюкоза, вада, амінакіслоты, некаторыя бялкі, тлушчы, неарганічныя солі, вітаміны, антыцелы, кісларод. Такім жа шляхам ад маці да плода могуць перадавацца і шкодныя фактары (бактэрыі, вірусы, яды, алкаголь, нікацін, лекавыя прэпараты). Ад плода да маці транспартуюцца лішкі вады, прадукты распаду бялкоў, гармоны, вуглякіслы газ.

Агульная працягласць цяжарнасці складае 270—280 дзён (10 месячных месяцаў). Да моманту нараджэння плод у сярэднім важыць 3—3,5 кг і мае рост 50—55 см.