§ 33. Антагенез жывёл. Эмбрыянальнае развіццё арганізмаў

*Эмбрыянальнае развіццё арганізмаў

Эмбрыянальны этап (эмбрыягенез) (ад грэч. émbryon — зародак, génesis — развіццё) — зародкавае развіццё арганізма ад утварэння зіготы да нараджэння або выхаду з яйцавых абалонак. На працягу дадзенага этапу адбываецца пераўтварэнне зіготы ў мнагаклетачны арганізм, які ў жывёл выходзіць у навакольнае асяроддзе або з яйка, або з арганізма маці. У раслін зародак развіваецца ў семені, і эмбрыягенез завяршаецца да моманту яго прарастання. У залежнасці ад характару працякаючых працэсаў пры развіцці зародка эмбрыягенез у жывёл падзяляюць на тры стадыі: драбленне, гаструляцыя, гіста- і арганагенез (утварэнне тканак і органаў).

Разгледзім больш падрабязна працэсы, якія праходзяць на розных стадыях эмбрыягенезу ў жывёл, на прыкладзе ланцэтніка (прымітыўнай марской жывёлы).

Драбленне. Працэс драблення заключаецца ў серыі паслядоўных дзяленняў зіготы. Утвораныя пры гэтым пакаленні клетак называюцца бластамерамі. У некаторых кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых пасля некалькіх дзяленняў зіготы зародак уяўляе сабой скупнасць бластамераў без адасобленай поласці і называецца морулай (ад лац. morula — шаўкоўніца, тутавая ягада).

Паміж дзяленнямі не адбываецца росту бластамераў, якія ўтвараюцца, з прычыны чаго кожнае новае пакаленне прадстаўлена больш дробнымі клеткамі. У працэсе драблення сумарны аб’ём зародка амаль не змяняецца, а памеры клетак, што складаюць яго, памяншаюцца. Гэта асаблівасць клетачных дзяленняў зіготы і вызначыла з’яўленне тэрміна «драбленне». Калі бластамераў становіцца шмат, яны зрушваюцца да перыферыі, утвараючы аднаслойную сценку — бластадэрму. Поласць, якая з’яўляецца пры гэтым унутры зародка, запаўняецца вадкасцю і становіцца першаснай поласцю цела — бластацэллю. Стадыя драблення завяршаецца ўтварэннем мнагаклетачнага аднаслойнага зародка з першаснай поласцю цела, які атрымаў назву бластула (ад грэч. blastós — расток). Па памерах бластула не нашмат буйнейшая за зіготу.

У розных відаў жывёл яйцаклеткі адрозніваюцца па колькасці і характары размеркавання ў цытаплазме запасных пажыўных рэчываў (жаўтка). Гэта ў значнай ступені вызначае характар драблення зіготы і можа ўплываць на будову бластулы. У тыповым выпадку (напрыклад, у ланцэтніка) бластула ўяўляе сабой полы шар. У земнаводных яна мае невялікую поласць, а ў членістаногіх бластацэль можа цалкам адсутнічаць.

Гаструляцыя. Стадыя гаструляцыі (ад грэч. gastrḗr — поласць сасуда) уяўляе сабой працэс перамяшчэння эмбрыянальнага матэрыялу з утварэннем двух або трох зародкавых лісткоў. Яна можа заканчвацца на стадыі двухслаёвага ці трохслаёвага зародка — гаструлы.

Гаструляцыя можа ажыццяўляцца рознымі спосабамі і залежыць ад будовы бластулы. Вядомыя такія спосабы, як угінанне (інвагінацыя), абрастанне (эпібалія), пранікненне клетак унутр (іміграцыя) і расслаенне (дэламінацыя).

У жывёл з аднаслойнай бластулай (ланцэтнік) адбываецца ўгінанне (інвагінацыя) бластадэрмы ў першасную поласць, якая пры гэтым амаль цалкам знікае. Шарападобная бластула ператвараецца ў двухслаёвы чашападобны зародак. Знешні пласт клетак называецца эктадэрмай (ад грэч. ektó— звонку, dérma — скура) — вонкавы зародкавы лісток, а ўнутраны плас  — энтадэрмай (ад грэч. entó— унутры, dérma — скура) — унутраны зародкавы лісток. Утвораная ўнутры зародка поласць называецца гастрацэллю (першаснай кішкай), а ўваход у яе — бластапорам (першасным ротам).

На стадыі ўтварэння двух зародкавых лісткоў заканчваецца эмбрыянальнае развіццё кішачнаполасцевых, таму іх называюць двухслаёвымі жывёламі. Ва ўсіх астатніх жывёл паміж вонкавым і ўнутраным зародкавымі лісткамі закладаецца сярэдні зародкавы лісток — мезадэрма (ад грэч. mésos — сярэдні, dérma — скура). У хордавых жывёл энтадэрма з двух бакоў першаснай кішкі ўтварае карманападобныя ўгінанні ў бластацэль. Затым яны аддзяляюцца ад першаснай кішкі, разрастаюцца паміж экта- і энтадэрмай, утвараючы мезадэрму. Поласць ўнутры ўгінанняў уяўляе сабой другасную поласць цела (цэлом). Такіх жывёл называюць трохслаёвымі і другаснаполасцевымі.

Стадыя гіста- і арганагенезу. Утварэннем трох зародкавых лісткоў (экта-, энта- і мезадэрмы) завяршаецца этап гаструляцыі. З гэтага моманту пачынаюцца працэсы гіста- і арганагенезу. З’яўляюцца марфалагічныя і біяхімічныя адрозненні паміж клеткамі, што ў далейшым прыводзіць да фарміравання тканак і органаў.

Пачатковым працэсам, які працякае пры гіста- і арганагенезе, з’яўляецца нейруляцыя — утварэнне нейрулы. Нейрула — стадыя зародка з комплексам восевых органаў (нервовая трубка, хорда, стрававальная трубка), у якой далей актыўна адбываецца фарміраванне ўсіх астатніх тканак і органаў з зародкавых лісткоў.

З кожнага зародкавага лістка пад уплывам клетак іншых лісткоў развіваецца строга вызначаны комплекс тканак і органаў (гл. табл.).

Табліца. Дыферэнцыяцыя зародкавых лісткоў на тканкі і органы ў хордавых

Эктадэрма

Энтадэрма

Мезадэрма

Нервовая сістэма: полая нервовая трубка, спінны мозг, галаўны мозг

Органы пачуццяў: орган зроку, орган слыху, орган нюху

Покрыўная сістэма: эпідэрміс скуры, валасы, ногці, пёры, кіпцюры, рогі, капыты, малочныя, тлушчавыя і потавыя залозы

Эмаль зубоў

Хорда

Стрававальная сістэма: эпітэлій страўніка, эпітэлій кішэчніка, печань,  падстраўнікавая залоза

Плавальны пузыр

Дыхальная сістэма: жабры, лёгкія, эпітэлій трахеі і бронхаў

Эндакрынныя залозы: шчытападобная залоза, парашчытападобныя залозы 

Апорна-рухальны апарат: мышцы, косці, храсткі, звязкі, сухажыллі

Крывяносная сістэма: кроў, сэрца, артэрыі, вены, капіляры

Лімфатычная сістэма: лімфа, лімфатычныя вузлы, пратокі, сасуды, капіляры

Выдзяляльная сістэма: ныркі, мачаточнікі, мачавы пузыр

Палавая сістэма: палавыя залозы, палавыя органы

Дэнцін зубоў

Дэрма скуры

 

Калі ў зародка ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора), то гэтых жывёл называюць першаснаротымі (чэрві, малюскі, членістаногія). Калі ж бластапор становіцца анальнай адтулінай, а сапраўдны рот прарываецца ў процілеглым месцы, то такіх жывёл называюць другаснаротымі (ігласкурыя, хордавыя).

Наземныя пазваночныя жывёлы (паўзуны, птушкі, млекакормячыя), зародак якіх змяшчае абалонку амніён, што стварае запоўненую вадкасцю поласць, дзе ён развіваецца, называюцца амніётамі. У водных пазваночных (касцявыя рыбы, земнаводныя) амніён адсутнічае, таму іх называюць анамніётамі (анамніямі).

Зародак развіваецца як цэласная сістэма. Фарміраванне строга вызначаных частак цела ў ім дасягаецца ўзаемадзеяннем паміж клеткамі. У той жа час знешнія фактары асяроддзя (пестыцыды, радыеактыўнасць, ультрафіялетавае выпраменьванне) могуць істотна ўплываць на гіста- і арганагенез зародка.