§ 32. Чаргаванне спосабаў размнажэння і пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін

*Чаргаванне пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін

Калі арганізмы могуць размнажацца як бясполым, так і палавым шляхам, то гавораць пра бясполае і палавое пакаленні дадзенага віду. Калі кожнае з іх заканамерна змяняецца наступным, то такая з’ява называецца чаргаваннем пакаленняў. Межамі, якія падзяляюць бясполае і палавое пакаленні ў цыкле развіцця раслін, з’яўляюцца працэс утварэння спор з гаплоідным наборам храмасом і апладненне, у выніку якога аднаўляецца дыплоідны набор храмасом.

У раслін механізм чаргавання пакаленняў заключаецца ў тым, што на раслінах, што ўяўляюць сабой бясполае пакаленне, развіваюцца споры, якія прарастаюць у двухполыя або раздзельнаполыя (мужчынскія і жаночыя) асобіны (палавое пакаленне). Палавое пакаленне ўтварае гаметы — сперміі і яйцаклеткі. У выніку апладнення фарміруецца зігота, якая змяшчае дыплоідны набор храмасом і з якой зноў развіваецца бясполае пакаленне (гл. схему).


Калі прасачыць за суадносінамі паміж бясполым і палавым пакаленнямі ў раслін рознага ўзроўню арганізацыі, то можна ўбачыць, што ў ходзе эвалюцыі развіццё было характэрна для бясполага пакалення, тады як у палавога пакалення назіралася паступовае спрашчэнне будовы. Напрыклад, у імхоў пераважным з’яўляецца палавое пакаленне, на якім жыве бясполае пакаленне. А ў папараці пераважным з’яўляецца бясполае пакаленне ў выглядзе добра развітай расліны са сцяблом, лістамі і каранямі, у той час як палавое пакаленне прадстаўлена ўсяго толькі невялікай зялёнай пласцінкай, што прымацоўваецца да глебы з дапамогай рызоідаў. Далей, у голанасенных і пакрытанасенных раслін будова палавога пакалення спрашчаецца да некалькіх клетак, прычым з поўнай рэдукцыяй органаў палавога размнажэння ў пакрытанасенных. У іх мужчынскае палавое пакаленне — гэта пылковае зерне, а жаночае — зародкавы мяшок. Тады як бясполае пакаленне ў голанасенных прадстаўлена дрэвамі і хмызнякамі (часам ліянамі), а ў пакрытанасенных — дрэвамі, хмызнякамі, кусцікамі і травамі.

Чаргаванне пакаленняў — гэта сістэма для павелічэння колькасці асобін і захавання віду. Яно мае важнае біялагічнае значэнне, бо пры гэтым спалучаюцца два спосабы размнажэння: бясполае, якое дае даволі вялікую колькасць асобін, і палавое, пры якім узбагачаецца спадчыннасць патомства, могуць узнікаць новыя прыметы ці ўласцівасці.

Гэта цікава

Акрамя тыповага палавога працэсу, у якім удзельнічаюць дзве гаметы, што зліваюцца, у прыродзе ў раслін сустракаецца асаблівы тып размнажэння, які называецца апаміксісам (аналогія партэнагенезу ў жывёл). У гэтым выпадку зародак утвараецца з неаплодненай яйцаклеткі, якая можа быць гаплоіднай ці дыплоіднай з прычыны анамалій гаметагенезу. Апаміксіс шырока сустракаецца ў ружакветных, складанакветных, у тым ліку ў некаторых гатункаў бурака, бавоўніку, лёну, тытуню і іншых сельскагаспадарчых культур. Такія формы маюць вялікае значэнне ў селекцыі.

Паўторым галоўнае. Утварэнне палавых клетак у пакрытанасенных раслін адбываецца ў генератыўных частках кветкі — тычынках і песціках. Гэтаму папярэднічае развіццё палавога пакалення: у тычынках — пылковых зерняў, у семязачатку — зародкавага мяшка. Яны ўтвараюць гаметы — сперміі і яйцаклеткі. Пасля апылення адбываецца апладненне з удзелам двух сперміяў. З зіготы ўтвараецца зародак, з семязачатка фарміруецца семя, а на месцы завязі развіваецца плод. У ходзе эвалюцыі адбывалася ўскладненне арганізацыі бясполага пакалення, тады як будова палавога пакалення паступова спрашчалася.