Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 32. Чаргаванне спосабаў размнажэння і пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін

  • Успомніце, як адбываецца бясполае размнажэнне ў раслін.
  • Як вы думаеце? У чым біялагічны сэнс чаргавання бясполага і палавога тыпаў размнажэння ў раслін?
  • Вы даведаецеся, як адбываецца ўтварэнне палавых клетак, апладненне і палавое размнажэнне ў пакрытанасенных раслін, як у ходзе эвалюцыі змяніліся суадносіны бясполага і палавога пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін розных сістэматычных груп.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Падручнік: § 32. Чаргаванне спосабаў размнажэння і пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін
Надрукаваны: Гость
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 12:30

*Утварэнне палавых клетак і апладненне ў пакрытанасенных

У § 29—3 вы пазнаёміліся з бясполым размнажэннем раслін, а зараз больш падрабязна разгледзім палавое размнажэнне раслін на прыкладзе пакрытанасенных.

Вам ужо вядома будова і функцыі генератыўнага органа пакрытанасенных — кветкі. Разгледзім працэсы, якія працякаюць у пыльніку тычынкі і семязачатку завязі песціка.

Пыльнік змяшчае пылковыя гнёзды (спарангіі), у якіх адбываецца ўтварэнне спор. З кожнай мацярынскай клеткі шляхам дзялення ўтвараецца па чатыры аднаклетачныя гаплоідныя споры. Затым кожная спора падзяляецца на дзве клеткі: буйную вегетатыўную і малую генератыўную. Яны пакрываюцца двайной шчыльнай абалонкай з порамі, і ўтвараецца пылковае зерне (мужчынскае палавое пакаленне). Пасля дзялення генератыўнай клеткі фарміруюцца два сперміі (мужчынскія палавыя клеткі без жгуцікаў). Усе клеткі ў пылковым зерні гаплоідныя.

Часткай кветкі, якая прадвызначае жаночы пол, з’яўляецца песцік. Ён складаецца з рыльца, слупка і завязі (гл. мал. у § 0—4). У завязі знаходзіцца семязачатак (семяпочка), у якім звонку маецца покрыва. На верхавіне семязачатка покрыва не зрастаецца, і ўтвараецца пылкаўваход. Адна з мацярынскіх клетак семязачатка паблізу ад пылкаўвахода ўзбуйняецца, дзеліцца і ўтварае чатыры гаплоідныя споры. Тры з іх гінуць. З чацвёртай споры пасля некалькіх дзяленняў ядра і цытаплазмы ўтвараецца сем клетак. Па тры клеткі з гаплоідным наборам храмасом знаходзіцца ля кожнага полюса, а паміж імі размяшчаецца буйная цэнтральная дыплоідная клетка. Адна з трох клетак ля полюса каля пылкаўвахода становіцца яйцаклеткай. Дзве суседнія клеткі называюцца клеткамі-сінергідамі, а тры клеткі на процілеглым полюсе — клеткамі-антыподамі. Структура з сямі клетак з яйцаклеткай, якая ўтварылася, уяўляе зародкавы мяшок (жаночае палавое пакаленне).

Перанос пылковага зерня з пыльніка тычынкі на рыльца песціка ў пакрытанасенных раслін называецца апыленнем. Яно можа ажыццяўляцца з дапамогай насякомых, ветру, вады, птушак або самаапыленнем. Пасля пападання на рыльца песціка пылковае зерне прарастае: вегетатыўная клетка выцягваецца ў доўгую пылковую трубку, якая растварае тканку слупка, трапляе ў поласць завязі і праз пылкаўваход дасягае зародкавага мяшка. Сперміі перамяшчаюцца па пылковай трубцы, трапляюць у зародкавы мяшок. Адзін з іх апладняе яйцаклетку зародкавага мяшка, а другі зліваецца з цэнтральнай клеткай.

Гэты тып апладнення быў адкрыты ў 1898 г. рускім цытолагам С. Г. Навашыным і атрымаў назву «двайное апладненне». Паслядоўнасць яго этапаў паказана на схеме.

Пасля ўтварэння зіготы ў зародкавым мяшку гінуць сінергіды. Цэнтральная трыплоідная клетка шматразова дзеліцца, у выніку чаго ўтвараецца эндасперм, які змяшчае запас пажыўных рэчываў. З зіготы фарміруецца зародак семені. Пасля ўтварэння зародка антыподы гінуць. Фарміраванне семені і плода паказана на схеме.

У некаторых раслін ва ўтварэнні каляплодніка могуць прымаць удзел чашачка і кветаложа.

Такім чынам, семя ўтвараецца з семязачатка, а на месцы завязі развіваецца плод.

Біялагічны сэнс двайнога апладнення вельмі вялікі. У адрозненне ад голанасенных, дзе эндасперм развіваецца да апладнення, у пакрытанасенных эндасперм утвараецца толькі ў выпадку апладнення. Гэта забяспечвае істотную эканомію энергетычных рэсурсаў. Клеткі эндасперма змяшчаюць трыплоідны набор храмасом, што прыводзіць да павелічэння памераў клетак і колькасці пажыўных рэчываў, якія павышаюць устойлівасць зародка да неспрыяльных фактараў.

*Чаргаванне пакаленняў у жыццёвым цыкле раслін

Калі арганізмы могуць размнажацца як бясполым, так і палавым шляхам, то гавораць пра бясполае і палавое пакаленні дадзенага віду. Калі кожнае з іх заканамерна змяняецца наступным, то такая з’ява называецца чаргаваннем пакаленняў. Межамі, якія падзяляюць бясполае і палавое пакаленні ў цыкле развіцця раслін, з’яўляюцца працэс утварэння спор з гаплоідным наборам храмасом і апладненне, у выніку якога аднаўляецца дыплоідны набор храмасом.

У раслін механізм чаргавання пакаленняў заключаецца ў тым, што на раслінах, што ўяўляюць сабой бясполае пакаленне, развіваюцца споры, якія прарастаюць у двухполыя або раздзельнаполыя (мужчынскія і жаночыя) асобіны (палавое пакаленне). Палавое пакаленне ўтварае гаметы — сперміі і яйцаклеткі. У выніку апладнення фарміруецца зігота, якая змяшчае дыплоідны набор храмасом і з якой зноў развіваецца бясполае пакаленне (гл. схему).


Калі прасачыць за суадносінамі паміж бясполым і палавым пакаленнямі ў раслін рознага ўзроўню арганізацыі, то можна ўбачыць, што ў ходзе эвалюцыі развіццё было характэрна для бясполага пакалення, тады як у палавога пакалення назіралася паступовае спрашчэнне будовы. Напрыклад, у імхоў пераважным з’яўляецца палавое пакаленне, на якім жыве бясполае пакаленне. А ў папараці пераважным з’яўляецца бясполае пакаленне ў выглядзе добра развітай расліны са сцяблом, лістамі і каранямі, у той час як палавое пакаленне прадстаўлена ўсяго толькі невялікай зялёнай пласцінкай, што прымацоўваецца да глебы з дапамогай рызоідаў. Далей, у голанасенных і пакрытанасенных раслін будова палавога пакалення спрашчаецца да некалькіх клетак, прычым з поўнай рэдукцыяй органаў палавога размнажэння ў пакрытанасенных. У іх мужчынскае палавое пакаленне — гэта пылковае зерне, а жаночае — зародкавы мяшок. Тады як бясполае пакаленне ў голанасенных прадстаўлена дрэвамі і хмызнякамі (часам ліянамі), а ў пакрытанасенных — дрэвамі, хмызнякамі, кусцікамі і травамі.

Чаргаванне пакаленняў — гэта сістэма для павелічэння колькасці асобін і захавання віду. Яно мае важнае біялагічнае значэнне, бо пры гэтым спалучаюцца два спосабы размнажэння: бясполае, якое дае даволі вялікую колькасць асобін, і палавое, пры якім узбагачаецца спадчыннасць патомства, могуць узнікаць новыя прыметы ці ўласцівасці.

Гэта цікава

Акрамя тыповага палавога працэсу, у якім удзельнічаюць дзве гаметы, што зліваюцца, у прыродзе ў раслін сустракаецца асаблівы тып размнажэння, які называецца апаміксісам (аналогія партэнагенезу ў жывёл). У гэтым выпадку зародак утвараецца з неаплодненай яйцаклеткі, якая можа быць гаплоіднай ці дыплоіднай з прычыны анамалій гаметагенезу. Апаміксіс шырока сустракаецца ў ружакветных, складанакветных, у тым ліку ў некаторых гатункаў бурака, бавоўніку, лёну, тытуню і іншых сельскагаспадарчых культур. Такія формы маюць вялікае значэнне ў селекцыі.

Паўторым галоўнае. Утварэнне палавых клетак у пакрытанасенных раслін адбываецца ў генератыўных частках кветкі — тычынках і песціках. Гэтаму папярэднічае развіццё палавога пакалення: у тычынках — пылковых зерняў, у семязачатку — зародкавага мяшка. Яны ўтвараюць гаметы — сперміі і яйцаклеткі. Пасля апылення адбываецца апладненне з удзелам двух сперміяў. З зіготы ўтвараецца зародак, з семязачатка фарміруецца семя, а на месцы завязі развіваецца плод. У ходзе эвалюцыі адбывалася ўскладненне арганізацыі бясполага пакалення, тады як будова палавога пакалення паступова спрашчалася.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. У якіх частках кветкі адбываецца развіццё мужчынскіх і жаночых палавых клетак у пакрытанасенных?
2. Растлумачце біялагічную ролю пылковай трубкі.
3.
Які храмасомны набор характэрны для зародка і клетак эндасперму семені кветкавай расліны? Растлумачце, з якіх клетак яны ўтвараюцца.
4. З прапанаванага пераліку выберыце структурныя часткі зародкавага мяшка: сінергіды, цэнтральная клетка, вегетатыўная клетка, яйцаклетка, антыподы, сперміі.
*5. Які працэс называецца двайным апладненнем? У чым яго асаблівасць?

    Складаныя пытанні

1. Чаму ў ходзе эвалюцыі раслін змяняліся суадносіны палавога і бясполага пакаленняў у бок перавагі бясполага пакалення? Прывядзіце аргументаваныя тлумачэнні, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі.
2. Для кожнай часткі семені падбярыце структуры семязачатка, з якіх яны сфарміраваліся. Часткі семені: эндасперм, зародак, семявая лупіна, семяўваход. Структуры семязачатка: зігота, покрыва, пылкаўваход, цэнтральная клетка.
3. Выберыце правільныя меркаванні. Пры апладненні ў кветкавых раслін:
а) адзін са сперміяў зліваецца з яйцаклеткай зародкавага мяшка, а другі спермій знікае;
б) абодва сперміі зліваюцца з яйцаклеткай зародкавага мяшка, утвараючы зіготу;
в) адзін са сперміяў зліваецца з яйцаклеткай зародкавага мяшка, а другі — з цэнтральнай клеткай;
г) з зіготы з трыплоідным наборам храмасом развіваецца эндасперм;
д) цэнтральная клетка пасля апладнення гіне;
е) эндасперм мае трыплоідны набор храмасом.

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Важным момантам у размнажэнні кветкавых раслін з’яўляецца апыленне. Правядзіце назіранне за квітнеючымі раслінамі ў месцы вашага пражывання. Ахарактарызуйце іх прыстасаванні да розных спосабаў апылення.