*§ 29—2. Спосабы бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт

Шызаганія

У некаторых аднаклетачных эўкарыёт (грыбы, паразітычныя пратысты), акрамя простага дзялення клеткі, сустракаецца множнае дзяленне — шызаганія. Прыкладам можа служыць тканкавая і эрытрацытарная шызаганія плазмодыя малярыйнага ў арганізме чалавека. Яна характарызуецца тым, што ядро клеткі паразітычнага пратыста, які жыве ў клетках печані ці крыві, шматразова дзеліцца без дзялення цытаплазмы. Утвараецца шмат’ядзерная клетка. Затым, калі лік даччыных ядраў дасягне пэўнай колькасці, цытаплазма адасабляецца вакол кожнага з ядраў. Закладваюцца клетачныя абалонкі, і клетка распадаецца на мноства даччыных асобін, роўнае колькасці раней утвораных ядраў. Пасля чаго ідзе адначасовы выхад мноства даччыных асобін з-пад разарванай абалонкі клеткі-гаспадара (эрытрацыта, клеткі печані).  Іх выхад прыводзіць да развіцця ў хворага малярыяй моцнай гарачкі. У малярыйнага плазмодыя шызаганія прыводзіць да ўтварэння адразу каля тысячы даччыных клетак, кожная з якіх можа трапіць у эрытрацыт крыві. Такая высокая пладавітасць кампенсуе вялікія страты, што суправаджаюць перадачу паразіта ад аднаго гаспадара да іншага. У паразіталогіі гэта атрымала назву «закон вялікага ліку нашчадкаў».

Паўторым галоўнае. У аднаклетачных эўкарыёт бясполае размнажэнне можа ажыццяўляцца дзяленнем клеткі папалам, пачкаваннем, спораўтварэннем і шызаганіяй. Пры дзяленні клеткі папалам дзяленне ядра можа адбывацца як з разыходжаннем храмасом да полюсаў, так і шляхам яго перацяжкі. Пры гэтым з мацярынскай клеткі ўтвараюцца дзве ідэнтычныя даччыныя. Пры пачкаванні мацярынская клетка адпачкоўвае меншую даччыную клетку і захоўвае пры гэтым сваё існаванне. Спораўтварэнне ў аднаклетачных эўкарыёт забяспечвае адразу дзве функцыі — размнажэнне і рассяленне. Споры могуць быць нерухомымі ці мець жгуцікі (зааспоры). Шызаганія — множнае дзяленне клеткі пераважна ў паразітычных аднаклетачных, якое дазваляе хутка заражаць шмат клетак гаспадара.