Print bookPrint book

*§ 29—2. Спосабы бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт

  • Успомніце, якімі спосабамі адбываецца бясполае размнажэнне пракарыёт.
  • Як вы думаеце? Чым бясполае размнажэнне аднаклетачных эўкарыёт адрозніваецца ад бясполага размнажэння ў пракарыёт?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць спосабаў бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт, чым адрозніваецца спораўтварэнне і пачкаванне ў эўкарыёт ад пракарыёт.

Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 10 клас
Book: *§ 29—2. Спосабы бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 9:37 AM

Прэамбула

У аднаклетачных арганізмаў, якія маюць ядро, існуе некалькі разнастайных па механізме праходжання спосабаў бясполага размнажэння. Часцей за ўсё сустракаюцца чатыры: 1) дзяленне клеткі папалам; 2) пачкаванне; 3) спораўтварэнне; 4) шызаганія. 

Дзяленне клеткі папалам

У аднаклетачных эўкарыёт падзелу мацярынскай клеткі папярэднічае дзяленне ядра — утвараюцца два даччыныя ядры, ідэнтычныя як адно аднаму, так і зыходнаму мацярынскаму. Шмат у якіх аднаклетачных (эўглена зялёная, хламідаманада) дзяленне ядра адбываецца ў асноўным з разбурэннем ядзернай абалонкі, разыходжаннем даччыных храмасом да полюсаў клеткі і фарміраваннем двух новых ядраў. Часам пры дзяленні клеткі мацярынскае ядро дзеліцца на даччыныя ядры шляхам перацяжкі без разыходжання храмасом да полюсаў клеткі (амёба звычайная, інфузорыя туфелька). Пасля гэтага  ідзе падзел цытаплазмы і ўтварэнне дзвюх даччыных клетак. Арганоіды клеткі пры гэтым або падзяляюцца паміж даччынымі асобінамі, або ўтвараюцца нанова ў адной з іх, як гэта бывае са жгуцікамі і скарачальнымі вакуолямі.

Дзяленне клетак у аднаклетачных эукарыёт можа адбывацца ў падоўжанай (у жгуціканосцаў) ці ў папярочнай плоскасці (у інфузорый) ці ў любым напрамку (напрыклад, у амёб).

Пачкаванне

У некаторых аднаклетачных эўкарыёт перад дзяленнем ядра ў мацярынскай клетцы фарміруецца невялікі выраст абалонкі з цытаплазмай, куды потым перамяшчаецца адно з утвораных даччыных ядраў. Фарміруецца почка, якая аддзяляецца ад мацярынскай клеткі і ператвараецца ў малую даччыную асобіну. Некаторы час яна расце і развіваецца, дасягаючы памераў мацярынскага арганізма. Пачкаванне з’яўляецца асноўным спосабам размнажэння дражджавых грыбоў пры спрыяльных умовах. Калі пры пачкаванні даччыныя клеткі не аддзяляюцца ад мацярынскай, то ўтвараюцца ланцужкі клетак, якія могуць разгаліноўвацца.

У адрозненне ад простага дзялення пры пачкаванні мацярынская клетка дзеліцца на няроўныя часткі, увесь час адпачкоўваючы меншую даччыную клетку і захоўваючы пры гэтым сваё існаванне.

Спораўтварэнне

Як вы ўжо ведаеце, у пракарыёт споры ўяўляюць сабой асаблівы стан клеткі, які дазваляе пераносіць неспрыяльныя ўмовы. У аднаклетачных эўкарыёт (хларэла, хламідаманада) спораўтварэнне адбываецца шляхам шматразовага сінхроннага дзялення ядра і змесціва клеткі з утварэннем вакол даччыных клетак уласных клетачных абалонак пры захаванні цэласнасці абалонкі мацярынскай клеткі. У выніку пад агульнай абалонкай утвараецца шмат дробных клетак — спор. Спора ўяўляе сабой невялікую клетку, якая складаецца з ядра і невялікай колькасці цытаплазмы. Напрыклад, у хларэлы ў адной клетцы можа ўтварыцца да 64 нерухомых спор. Споры, якія маюць жгуцікі і здольныя да перамяшчэння, называюцца зааспорамі (хламідаманада). Пасля разрыву абалонкі мацярынскай клеткі споры выходзяць у навакольнае асяроддзе і кожная спора, прарастаючы, дае пачатак новаму арганізму. Паколькі споры мікраскапічна малыя, то лёгка пераносяцца ветрам, вадой ці іншымі арганізмамі, што спрыяе не толькі размнажэнню, але і рассяленню асобін.

Такім чынам, споры (ад грэч. sporá — сеянне, пасеў) — мікраска-пічныя спецыялізаваныя клеткі, якія служаць для бясполага размнажэння, рассялення і (ці) захавання пры неспрыяльных умовах.

Шызаганія

У некаторых аднаклетачных эўкарыёт (грыбы, паразітычныя пратысты), акрамя простага дзялення клеткі, сустракаецца множнае дзяленне — шызаганія. Прыкладам можа служыць тканкавая і эрытрацытарная шызаганія плазмодыя малярыйнага ў арганізме чалавека. Яна характарызуецца тым, што ядро клеткі паразітычнага пратыста, які жыве ў клетках печані ці крыві, шматразова дзеліцца без дзялення цытаплазмы. Утвараецца шмат’ядзерная клетка. Затым, калі лік даччыных ядраў дасягне пэўнай колькасці, цытаплазма адасабляецца вакол кожнага з ядраў. Закладваюцца клетачныя абалонкі, і клетка распадаецца на мноства даччыных асобін, роўнае колькасці раней утвораных ядраў. Пасля чаго ідзе адначасовы выхад мноства даччыных асобін з-пад разарванай абалонкі клеткі-гаспадара (эрытрацыта, клеткі печані).  Іх выхад прыводзіць да развіцця ў хворага малярыяй моцнай гарачкі. У малярыйнага плазмодыя шызаганія прыводзіць да ўтварэння адразу каля тысячы даччыных клетак, кожная з якіх можа трапіць у эрытрацыт крыві. Такая высокая пладавітасць кампенсуе вялікія страты, што суправаджаюць перадачу паразіта ад аднаго гаспадара да іншага. У паразіталогіі гэта атрымала назву «закон вялікага ліку нашчадкаў».

Паўторым галоўнае. У аднаклетачных эўкарыёт бясполае размнажэнне можа ажыццяўляцца дзяленнем клеткі папалам, пачкаваннем, спораўтварэннем і шызаганіяй. Пры дзяленні клеткі папалам дзяленне ядра можа адбывацца як з разыходжаннем храмасом да полюсаў, так і шляхам яго перацяжкі. Пры гэтым з мацярынскай клеткі ўтвараюцца дзве ідэнтычныя даччыныя. Пры пачкаванні мацярынская клетка адпачкоўвае меншую даччыную клетку і захоўвае пры гэтым сваё існаванне. Спораўтварэнне ў аднаклетачных эўкарыёт забяспечвае адразу дзве функцыі — размнажэнне і рассяленне. Споры могуць быць нерухомымі ці мець жгуцікі (зааспоры). Шызаганія — множнае дзяленне клеткі пераважна ў паразітычных аднаклетачных, якое дазваляе хутка заражаць шмат клетак гаспадара.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія спосабы бясполага размнажэння аднаклетачных эўкарыёт вядомы ў прыродзе?
2. Чым адрозніваецца пачкаванне ў эўкарыёт і пракарыёт?
3. Чаму спораўтварэнне ў эўкарыёт з’яўляецца спосабам бясполага размнажэння, а ў пракарыёт такім не з’яўляецца?

    Складаныя пытанні

1. Устанавіце адпаведнасць паміж аднаклетачнымі арганізмамі і спосабамі іх бясполага размнажэння. Арганізмы: дрожджы, кішачная палачка, амёба звычайная, хларэла, хламідаманада. Спосабы бясполага размнажэння: дзяленне клеткі, спораўтварэнне, пачкаванне.
2. Які са спосабаў бясполага размнажэння аднаклетачных арганізмаў узнік пазней у працэсе  развіцця арганічнага свету? Дайце аргументаваны адказ з выкарыстаннем дадатковай інфармацыі.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Вазьміце 10 г сухіх пякарскіх дражджэй і сталовую лыжку цукру, растварыце іх у шклянцы цёплай вады (30—35 °С). Адбірайце праз кожныя 20 мін па 20 мл суспензіі і праводзьце кіпячэнне проб. Пробы пасля кіпячэння выліце ў празрыстыя шклянкі, дайце адстояцца і вымерайце вышыню асадка. Пабудуйце графік змянення вышыні асадка з цягам часу. Растлумачце атрыманыя вынікі.