*§ 29—1. Паняцце размнажэння. Тыпы размнажэння

Асаблівасці размнажэння пракарыёт

Як вы ведаеце, галоўнае адрозненне пракарыёт (бактэрый) ад эўкарыёт — адсутнасць ядра. Носьбітам спадчыннай інфармацыі ў іх з’яўляецца адзіная храмасома. Яны не могуць утвараць гаметы, таму іх размнажэнне адбываецца толькі бясполым спосабам. Для пераважнай большасці пракарыёт характэрна бінарнае дзяленне мацярынскай клеткі, якое прыводзіць да ўтварэння дзвюх ідэнтычных даччыных клетак. Перад дзяленнем клеткі адзіная храмасома падвойваецца, і паміж даччынымі храмасомамі адбываецца ўтваэнне папярочнай перагародкі, якая ідзе ад перыферыі да цэнтра. Пры спрыяльных умовах большасць бактэрый здольныя дзяліцца кожныя 20 мін.

Дзяленне пракарыятычнай клеткі пачынаецца, як правіла, праз некаторы час пасля завяршэння падваення храмасомы. Падваенне бактэрыяльнай храмасомы запускае працэсы, якія вядуць да клетачнага дзялення. Вызначана, што ўздзеянне рознымі хімічнымі і фізічнымі фактарамі, якія прыводзяць да прыгнечання падваення храмасомы, спыняе і клетачнае дзяленне.

Варыянтам бінарнага дзялення ў пракарыёт з’яўляецца пачкаванне, якое можна разглядаць як няроўнавялікае бінарнае дзяленне. Пры пачкаванні на адным з полюсаў мацярынскай клеткі ўтвараецца маленькі выраст (почка), у яго пераходзіць адна з храмасом. Почка разрастаецца, ператвараючыся ў даччыную клетку, пасля чаго аддзяляецца ад мацярынскай. Клетачная сценка почкі цалкам сінтэзуецца нанова. Пачкаванне выяўлена ў розных групах пракарыёт: сярод фотатрофаў і хематрофаў. Верагодна, у працэсе эвалюцыі яно ўзнікала неаднаразова.

У чым адрозненне гэтых двух спосабаў дзялення? Пры бінарным дзяленні мацярынская клетка, падзяляючыся, дае пачатак дзвюм даччыным клеткам і сама, такім чынам, знікае. Пры пачкаванні мацярынская клетка дае пачатак даччынай клетцы і сама пры гэтым захоўваецца. Паміж імі можна ў большасці выпадкаў выявіць марфалагічныя і фізіялагічныя адрозненні. У гэтым выпадку можна назіраць працэс старэння.

!  Гэта цікава

У бактэрый пры неспрыяльных умовах адбываецца ўтварэнне спор, якія не ўдзельнічаюць у размнажэнні. Бактэрыяльныя споры — гэта клеткі, што знаходзяцца ў спакоі, са зніжаным абменам рэчываў, акружаныя шматслойнай абалонкай, устойлівыя да высыхання і іншых неспрыяльных умоў, якія выклікаюць гібель звычайных клетак. Яны служаць для перажывання такіх умоў, а таксама могуць пераносіцца на вялікія адлегласці з дапамогай ветру ці вады. Пасля пападання ў спрыяльнае асяроддзе ў спор разбураецца трывалая абалонка, і яны ператвараюцца ў вегетатыўныя (якія дзеляцца) клеткі.

Бясполае і палавое размнажэнне ў эўкарыятычных арганізмаў дзякуючы наяўнасці ядра можа ажыццяўляцца рознымі спосабамі, якія будуць разгледжаны ў наступных параграфах.

Паўторым галоўнае. Размнажэнне арганізмаў у прыродзе забяспечвае пераемнасць пакаленняў і захаванне відаў. Вылучаюць два тыпы размнажэння — бясполае і палавое. Бясполае размнажэнне прыводзіць да хуткага павелічэння колькасці асобін з захаваннем прымет віду. Аднак пры гэтым зніжаюцца прыстасавальныя магчымасці нашчадкаў да зменлівых умоў асяроддзя. Палавое размнажэнне павялічвае разнастайнасць асобін у межах віду і павялічвае жыццяздольнасць нашчадкаў у новых умовах асяроддзя, але абмяжоўвае хуткасць росту колькасці. Размнажэнне пракарыёт з прычыны адсутнасці ядра адбываецца толькі бясполым шляхам (бінарнае дзяленне, пачкаванне). У эўкарыёт размнажэнне можа ажыццяўляцца як бясполым, так і палавым шляхам.