Print bookPrint book

*§ 29—1. Паняцце размнажэння. Тыпы размнажэння

  • Успомніце, з якімі тыпамі размнажэння вы пазнаёміліся пры вывучэнні расліннага і жывёльнага свету.
  • Як вы думаеце? Чаму тыпы размнажэння называюць бясполым і палавым?
  • Вы даведаецеся, чым адрозніваюцца бясполае і палавое размнажэнне арганізмаў, якія могуць быць наступствы, калі для віду характэрны толькі адзін з тыпаў размнажэння.

Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 10 клас
Book: *§ 29—1. Паняцце размнажэння. Тыпы размнажэння
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 12:09 PM

Паняцце размнажэння

Адной з асноўных уласцівасцей жывой матэрыі з’яўляецца размнажэнне — здольнасць жывых арганізмаў узнаўляць падобных да сябе. Дзякуючы гэтай уласцівасці забяспечваецца бесперапыннасць жыцця на Зямлі.

Размнажэнне арганізмаў пэўнага віду дае магчымасць узнаўлення прымет не толькі бацькоўскіх асобін, але і віду ў цэлым. А павелічэнне колькасці асобін у выніку размнажэння спрыяе рассяленню віду і пашырэнню яго арэала. Такім чынам, дзякуючы размнажэнню забяспечваецца бесперапыннасць і пераемнасць у перадачы спадчыннай інфармацыі ад бацькоў да патомства ў шэрагу пакаленняў і падтрымліваецца працяглае існаванне віду.

У аснове размнажэння ляжыць дзяленне клетак. Як вы ўжо ведаеце, спадчынная інфармацыя захоўваецца ў храмасомах. Пры размнажэнні арганізмаў перадача спадчыннай інфармацыі адбываецца з дапамогай храмасом. У саматычных клетках (клетках цела) храмасомы парныя. У кожнай пары адна храмасома бацькаўская, іншая — мацярынская, такім чынам, у саматычных клетках знаходзіцца двайны набор храмасом. Саматычныя клеткі змяшчаюць спадчынную інфармацыю абодвух бацькоў. У палавых клетках (гаметах) храмасомы няпарныя, паколькі пры ўтварэнні гамет парныя храмасомы расходзяцца і трапляюць у розныя клеткі. Такім чынам, гаметы змяшчаюць адзін набор (адзінарны набор) храмасом, якія нясуць спадчынную інфармацыю толькі аднаго з бацькоў.

Тыпы размнажэння арганізмаў

У залежнасці ад тыпу клетак, якія з’яўляюцца асновай для размнажэння, адрозніваюць два тыпы размнажэння: бясполае і палавое. Іх падабенства заключаецца ў тым, што абодва тыпы прыводзяць да павелічэння колькасці асобін і тым самым спрыяюць захаванню віду. Аднак паміж бясполым і палавым размнажэннем існуюць значныя адрозненні па цэлым шэрагу прымет (гл. табл.).

 Табліца. Параўнальная характарыстыка бясполага і палавога тыпаў размнажэння

Бясполае размнажэнне

Палавое размнажэнне

Біялагічнай асновай для размнажэння з’яўляецца дзяленне клетак з захаваннем зыходнага двайнога набору храмасом (за выключэннем спораўтварэння ў раслін)

Біялагічнай асновай размнажэння з’яўляецца дзяленне клетак з утварэннем гамет

Прымае ўдзел толькі адна асобіна

Прымаюць удзел, як правіла, дзве асобіны

Не адбываецца ўтварэння гамет

Утвараюцца гаметы

Новая асобіна ўтвараецца з неспецыялізаваных саматычных клетак або са спор

Новая асобіна, як правіла, утвараецца з зіготы, якая з’яўляецца вынікам зліцця гамет

Даччыныя арганізмы з’яўляюцца дакладнымі копіямі мацярынскага арганізма (за выключэннем патомства са спор у раслін)

Даччыныя арганізмы не з’яўляюцца дакладнымі копіямі мацярынскага арганізма

Дазваляе захаваць чысціню віду

Стварае разнастайнасць асобін

Забяспечвае хуткае павелічэнне колькасці асобін, але зніжае іх прыстасаванасць да зменлівых умоў асяроддзя

Колькасць асобін павялічваецца адносна павольна, але асобіны лепш прыстасоўваюцца да зменлівых умоў асяроддзя

 

Калі від размнажаецца толькі бясполым шляхам, то будзе адбывацца хуткае павелічэнне колькасці асобін з захаваннем пастаянства прымет віду  (перавага бясполага размнажэння). Аднак захоўванне пастаянства прымет у нашчадкаў у зменлівых умовах асяроддзя зніжае прыстасавальныя магчымасці асобін. Яны становяцца менш канкурэнтаздольнымі ў параўнанні з асобінамі іншых відаў, і іх колькасць паступова будзе скарачацца. Такі від не зможа эвалюцыянаваць, і ў канчатковым выніку ён асуджаны на выміранне (недахоп бясполага размнажэння).

Пры размнажэнні віду толькі палавым шляхам павялічваецца разнастайнасць асобін у межах віду. Новыя прыметы ў нашчадкаў з’яўляюцца ў выніку ўтварэння новых камбінацый храмасом у зігоце пасля апладнення. Яны павялічваюць прыстасавальныя і канкурэнтныя магчымасці асобін. Павялічваецца жыццяздольнасць патомства ў зменлівых умовах асяроддзя, што прыводзіць да росту колькасці. У выніку від здольны эвалюцыянаваць і працягла захоўваць сваё існаванне (перавага палавога размнажэння). У той жа час рост колькасці асобін абмежаваны фізіялагічнымі магчымасцямі бацькоўскіх асобін. Акрамя таго, узнікненне неспрыяльных камбінацый храмасом можа стаць прычынай стэрыльнасці ці нежыццяздольнасці асобных арганізмаў (недахоп палавога размнажэння).

Асаблівасці размнажэння пракарыёт

Як вы ведаеце, галоўнае адрозненне пракарыёт (бактэрый) ад эўкарыёт — адсутнасць ядра. Носьбітам спадчыннай інфармацыі ў іх з’яўляецца адзіная храмасома. Яны не могуць утвараць гаметы, таму іх размнажэнне адбываецца толькі бясполым спосабам. Для пераважнай большасці пракарыёт характэрна бінарнае дзяленне мацярынскай клеткі, якое прыводзіць да ўтварэння дзвюх ідэнтычных даччыных клетак. Перад дзяленнем клеткі адзіная храмасома падвойваецца, і паміж даччынымі храмасомамі адбываецца ўтваэнне папярочнай перагародкі, якая ідзе ад перыферыі да цэнтра. Пры спрыяльных умовах большасць бактэрый здольныя дзяліцца кожныя 20 мін.

Дзяленне пракарыятычнай клеткі пачынаецца, як правіла, праз некаторы час пасля завяршэння падваення храмасомы. Падваенне бактэрыяльнай храмасомы запускае працэсы, якія вядуць да клетачнага дзялення. Вызначана, што ўздзеянне рознымі хімічнымі і фізічнымі фактарамі, якія прыводзяць да прыгнечання падваення храмасомы, спыняе і клетачнае дзяленне.

Варыянтам бінарнага дзялення ў пракарыёт з’яўляецца пачкаванне, якое можна разглядаць як няроўнавялікае бінарнае дзяленне. Пры пачкаванні на адным з полюсаў мацярынскай клеткі ўтвараецца маленькі выраст (почка), у яго пераходзіць адна з храмасом. Почка разрастаецца, ператвараючыся ў даччыную клетку, пасля чаго аддзяляецца ад мацярынскай. Клетачная сценка почкі цалкам сінтэзуецца нанова. Пачкаванне выяўлена ў розных групах пракарыёт: сярод фотатрофаў і хематрофаў. Верагодна, у працэсе эвалюцыі яно ўзнікала неаднаразова.

У чым адрозненне гэтых двух спосабаў дзялення? Пры бінарным дзяленні мацярынская клетка, падзяляючыся, дае пачатак дзвюм даччыным клеткам і сама, такім чынам, знікае. Пры пачкаванні мацярынская клетка дае пачатак даччынай клетцы і сама пры гэтым захоўваецца. Паміж імі можна ў большасці выпадкаў выявіць марфалагічныя і фізіялагічныя адрозненні. У гэтым выпадку можна назіраць працэс старэння.

!  Гэта цікава

У бактэрый пры неспрыяльных умовах адбываецца ўтварэнне спор, якія не ўдзельнічаюць у размнажэнні. Бактэрыяльныя споры — гэта клеткі, што знаходзяцца ў спакоі, са зніжаным абменам рэчываў, акружаныя шматслойнай абалонкай, устойлівыя да высыхання і іншых неспрыяльных умоў, якія выклікаюць гібель звычайных клетак. Яны служаць для перажывання такіх умоў, а таксама могуць пераносіцца на вялікія адлегласці з дапамогай ветру ці вады. Пасля пападання ў спрыяльнае асяроддзе ў спор разбураецца трывалая абалонка, і яны ператвараюцца ў вегетатыўныя (якія дзеляцца) клеткі.

Бясполае і палавое размнажэнне ў эўкарыятычных арганізмаў дзякуючы наяўнасці ядра можа ажыццяўляцца рознымі спосабамі, якія будуць разгледжаны ў наступных параграфах.

Паўторым галоўнае. Размнажэнне арганізмаў у прыродзе забяспечвае пераемнасць пакаленняў і захаванне відаў. Вылучаюць два тыпы размнажэння — бясполае і палавое. Бясполае размнажэнне прыводзіць да хуткага павелічэння колькасці асобін з захаваннем прымет віду. Аднак пры гэтым зніжаюцца прыстасавальныя магчымасці нашчадкаў да зменлівых умоў асяроддзя. Палавое размнажэнне павялічвае разнастайнасць асобін у межах віду і павялічвае жыццяздольнасць нашчадкаў у новых умовах асяроддзя, але абмяжоўвае хуткасць росту колькасці. Размнажэнне пракарыёт з прычыны адсутнасці ядра адбываецца толькі бясполым шляхам (бінарнае дзяленне, пачкаванне). У эўкарыёт размнажэнне можа ажыццяўляцца як бясполым, так і палавым шляхам.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія тыпы размнажэння арганізмаў  вядомы ў прыродзе? Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго?
2. У чым заключаюцца перавага і недахоп бясполага размнажэння?
3. Назавіце перавагу і недахоп палавога размнажэння.
4. У чым адрозненне бінарнага дзялення і пачкавання ў пракарыёт?

    Складаныя пытанні

1. Як вы думаеце, які з тыпаў размнажэння арганізмаў (бясполае ці палавое) узнік раней у працэсе развіцця арганічнага свету? Дайце аргументаваны адказ з выкарыстаннем дадатковай інфармацыі.
2. Растлумачце, чаму пры бясполым размнажэнні даччыныя арганізмы з’яўляюцца копіямі бацькоўскіх асобін, а пры палавым — адрозніваюцца адзін ад аднаго  і ад бацькоў.
3. Чаму споры ў пракарыёт не могуць выконваць функцыю размнажэння?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Наведайце найбліжэйшы біягеацэноз (луг, лес, поле і інш.) і паспрабуйце знайсці прыклады арганізмаў, якія размнажаюцца бясполым і палавым спосабамі. Складзіце пары  «арганізм — тып размнажэння».