§ 25. Шляхі забруджвання харчовых прадуктаў і кантроль іх бяспекі

*Кантроль за якасцю пітной вады

Асноўнай крыніцай вода-забеспячэння ў Беларусі з’яўляюцца падземныя воды. У найбольш буйных гарадах — Мінску і Гомелі — у пітное водазабеспячэнне ўключаны і паверхневыя воды. Пітная вада павінна быць бяспечнай для жыцця і здароўя чалавека і адпавядаць па органалептычных уласцівасцях, мікрабіялагічным і хімічным складзе дзеючым санітарным нормам.

Вялікую ролю ў водакарыстанні адыгрываюць органалептычныя ўласцівасці вады (мутнасць ці каляровасць, пах, смакавыя якасці). Пітная вада не павінна мець непрыемнага паху, павінна быць празрыстай і бясколернай.

Небяспеку выклікае забруджванне вод фекальнымі сцёкамі, якія змяшчаюць патагенныя мікраарганізмы, што могуць выклікаць эпідэмічныя захворванні. Сучасныя тэхналогіі, якія ўжываюцца пры цэнтральным водазабеспячэнні Беларусі, дазваляюць праводзіць поўнае бактэрыялагічнае абеззаражванне вады.

Слабамінералізаваная вада, а таксама вада, якая змяшчае залішнюю колькасць мінеральных солей, можа выклікаць фізіялагічныя парушэнні ў арганізме чалавека. Колькасць асобных мікракампанентаў і забруджвальных інгрэдыентаў у пітной вадзе ў Рэспубліцы Беларусь рэгулююцца велічынямі ГДК (гл. табл.).

Табліца. ГДК мікракампанентаў і забруджвальных інгрэдыентаў у пітной вадзе (СанПін 10-124 РБ 99 ад 04.01.1999)

Кампаненты, паказчыкі якасці
і адзінкі вымярэння

ГДК у пітных водах

Вадародны паказчык, адзінкі рН

6—9

Нітраты, мг/дм3

45

Нітрыты, мг/дм3

3,0

Ртуць, мг/дм3

0,0005

Свінец, мг/дм3

0,03

Селен, мг/дм3

0,01

Стронцый, мг/дм3

7,0

Хларыды, мг/дм3

350

Пах, балы

2

Прысмак, балы

2

Колернасць, градусы

20 (35)*

Мутнасць, мг/дм3

1,5 (2)

 Агульная α-радыеактыўнасць, Бк/дм3

0,1

Агульная  β-радыеактыўнасць, Бк/дм3

1

 

* Паказаныя ў дужках велічыні ГДК могуць быць вызначаны па пастанове Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача для пэўнай сістэмы водазабеспячэння.

Кантроль за якасцю пітной вады ажыццяўляецца на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце насельніцтва». Неабходна адзначыць, што патрабаванні да якасці пітной вады ў Беларусі больш строгія, чым у краінах Еўрапейскага Саюза.

Паўторым галоўнае. Асноўнымі забруджвальнікамі ежы з’яўляюцца радыенукліды, цяжкія металы, нітраты, якія, трапляючы ў арганізм чалавека, выклікаюць сур’ёзныя захворванні. Найважнейшым паказчыкам, які лімітуе ўтрыманне шкодных рэчываў у прадуктах харчавання, з’яўляецца гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ГДК).

У Беларусі на аснове заканадаўчай базы ажыццяўляецца строгі кантроль за бяспекай харчовай прадукцыі.