§ 25. Шляхі забруджвання харчовых прадуктаў і кантроль іх бяспекі

Кантроль бяспекі харчовых прадуктаў

Найбольш важным паказчыкам, які лімітуе ўтрыманне розных хімічных рэчываў у харчовай сыравіне, з’яўляецца гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ГДК). ГДК вымяраецца ў мг/л, мг/м3, мг/кг і абазначае максімальную канцэнтрацыю шкоднага рэчыва ў навакольным асяроддзі і жывым арганізме, якая не робіць негатыўнага ўздзення.

Напрыклад, ГДК нітратаў для таматаў складае 200 мг/кг, для агуркоў — 300 мг/кг, для капусты — 1500 мг/кг. Зыходзячы з таго, што дапушчальная сутачная доза нітратаў для чалавека складае 5 мг/кг масы цела, лёгка разлічыць сваю сутачную дозавую мяжу па гэтых рэчывах.

У Беларусі харчовая прадукцыя праходзіць строгі кантроль утрымання небяспечных для здароўя чалавека рэчываў. На аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» вызначаны санітарныя нормы і правілы ў галіне бяспекі і якасці прадуктаў харчавання.

Для забеспячэння харчовай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Рэспубліканскі кантрольна-выпрабавальны комплекс па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання. У комплексе працуюць лабараторыі фізіка-хімічных, таксікалагічных і мікрабіялагічных даследаванняў. Сам комплекс уваходзіць у структуру Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. Цэнтр ахоплівае сваёй дзейнасцю ўсе галіны харчовай прамысловасці Беларусі. Дэвіз работы цэнтра: «Здароўе нацыі — у здаровым харчаванні». У цяперашні час гэта вядучая навукова-даследчая арганізацыя ў харчовай прамысловасці краіны. Менавіта тут канцэнтруюцца інавацыйныя рашэнні для стварэння новых экалагічна бяспечных прадуктаў харчавання, якія могуць быць канкурэнтаздольныя на сусветным узроўні.