§ 23. Кампаненты ежы і іх функцыі

Рацыянальнае харчаванне

Для паўнавартаснага забеспячэння жыццёвых патрэбнасцей арганізма неабходна рацыянальнае харчаванне. Рацыянальнае харчаванне — гэта збалансаванае і разнастайнае харчаванне. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што колькасць і каларыйнасць ежы павінны адпавядаць энергетычным затратам і фізіялагічным патрэбнасцям арганізма. Харчовы рацыён павінен мець аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў, вугляводаў. Калі колькасць харчовага бялку прыняць роўнай 1, то аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў выразяцца прыкладнымі суадносінамі 1 : 1 : 4. У сярэднім для дарослага чалавека сутачная патрэбнасць у бялках складае 100 г, у тлушчах — 100 г, у вугляводах — 400 г.

У харчовы рацыён трэба штодня ўключаць такія багатыя вітамінамі прадукты, як хлеб з мукі грубага памолу, садавіна, свежая зеляніна. Неабходна як мага часцей ужываць нізкакаларыйную агародніну і садавіну, якія змяшчаюць шмат вітамінаў, мінеральных рэчываў, пекціну, клятчаткі.

Напрыклад, прыродны поліцукрыд пекцін не толькі паляпшае перыстальтыку кішэчніка, але і дабратворна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, павышае імунітэт і памяншае рызыку ўзнікнення анкалагічных захворванняў. Вялікая колькасць пекціну змяшчаецца ў яблыках, парэчках, шыпшыне, сліве, рабіне.

Раслінная клятчатка ачышчае сценкі страўніка ад неператраўленых рэшткаў ежы, стымулюе перыстальтыку кішэчніка. Вызвалены ад шлакаў арганізм хутчэй расшчапляе і засвойвае прадукты харчавання, максімальна ўсмоктваючы з іх вітаміны і мінералы. Грубыя валокны расліннага паходжання зніжаюць рызыку развіцця захворванняў сэрца і сасудаў, змяншаюць верагоднасць інфаркту.

!  Гэта цікава

Сушаныя фінікі змяшчаюць вялікую колькасць кальцыю, які стымулюе рост і аднаўленне касцявой тканкі. Таму рэкамендуецца дабаўляць іх у рацыён у час аднаўлення пасля траўм і пераломаў. Вялікая канцэнтрацыя калію ў пладах мае станоўчае ўздзеянне на сардэчна-сасудзістую сістэму. Важную ролю адыгрываюць арганічныя злучэнні фінікаў. Яны паляпшаюць пазнавальныя функцыі галаўнога мозга, у тым ліку памяць, канцэнтрацыю ўвагі, мысліцельную актыўнасць.

Паўторым галоўнае. У ежы змяшчаюцца ўсе неабходныя для існавання чалавека кампаненты. Да іх належаць бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, вада, мінеральныя рэчывы. Такія кампаненты, як вада, мінеральныя рэчывы, некаторыя вітаміны і амінакіслоты не ўтвараюцца ў арганізме ў дастатковай колькасці, таму яны называюцца незаменнымі. Атрымаць іх можна толькі з ежай. Для паўнавартаснага жыцця чалавеку неабходна рацыянальнае харчаванне.