§ 23. Кампаненты ежы і іх функцыі
- Успомніце, якія карысныя пажыўныя рэчывы змяшчаюцца ў харчовых прадуктах.
- Як вы думаеце? Ці можа ежа быць лячэбным сродкам? Адказ абгрунтуйце.
- Вы даведаецеся пра кампаненты ежы і іх функцыі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 23. Кампаненты ежы і іх функцыі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:24 |
Прэамбула
Ад правільнага харчавання залежыць жыццяздольнасць і працаздольнасць чалавека, а таксама яго ўстойлівасць да ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Ежа чалавека ўключае прадукты расліннага, жывёльнага, мінеральнага паходжання, а таксама кампаненты, якія атрымліваюцца сінтэтычным шляхам.
Асноўныя функцыі і крыніцы кампанентаў ежы
Усе харчовыя прадукты змяшчаюць неабходныя арганізму кампаненты: пажыўныя рэчывы (бялкі, тлушчы, вугляводы), вітаміны, мінеральныя солі, ваду. Іх асноўныя функцыі і крыніцы прыведзены ў табліцы.
Табліца. Асноўныя пажыўныя рэчывы
Кампанент ежы |
Асноўныя функцыі |
Крыніцы |
Бялкі |
Будаўнічы матэрыял для новых тканак і замены адмерлых клетак |
Мяса, малако, тварог, сыр, хлеб, гарох, фасоль, грэцкія крупы |
Тлушчы |
Крыніца энергіі, транспарт тлушчарастваральных вітамінаў |
Масла расліннае і сметанковае, авакада, арэхі, насенне |
Вугляводы |
Асноўная крыніца энергіі |
Мучныя вырабы, фасоль, сачавіца, гарох, соя, бульба, садавіна |
Вітаміны |
Удзел у абмене рэчываў, дабратворнае дзеянне на нервовую сістэму, забеспячэнне звычайнага росту і развіцця арганізма |
Агародніна і садавіна, алей, рыба, рыбін тлушч і печань |
Мінеральныя |
Падтрыманне пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма, удзел у згусанні крыві, перадачы нервовых імпульсаў і транспарце рэчываў |
Кухонная соль, рыба, яйкі, хлеб, мінеральная вада, агародніна, садавіна |
Вада |
Асноўнае асяроддзе для працякання абмену рэчываў |
Пітная вада, сокі, вада ў складзе харчовых прадуктаў |
Частка кампанентаў ежы, якія не могуць сінтэзавацца ў арганізме чалавека, называюцца незаменнымі. Да іх належаць вада, шэраг вітамінаў, мінеральныя солі і некаторыя амінакіслоты. Такім чынам, атрымаць гэтыя кампаненты чалавек можа толькі з ежай.
Сутачная патрэбнасць у вадзе для дарослага чалавека складае 30—40 г на 1 кг масы цела і залежыць ад кліматычных умоў, ладу жыцця і стану здароўя. Пры гэтым у выглядзе вадкасці спажываецца прыкладна 48 % сутачнай нормы, 40 % паступае ў выглядзе ежы і 3 % утвараецца непасрэдна ў арганізме ў выніку біяхімічных працэсаў. Каб пазбегнуць атручэння, рэкамендуецца ўжываць ваду, што прадаецца ў бутэльках, або кіпячоную ваду, а таксама ваду з крыніц, якая прайшла лабараторную праверку.
Энергетычная каштоўнасць (каларыйнасць) ежы вызначаецца колькасцю энергіі, якая вызваляецца з харчовых прадуктаў у працэсе яе засваення. Яна выкарыстоўваецца для забеспячэння фізіялагічных функцый арганізма.
Мінімальная колькасць энергіі, неабходная для ажыццяўлення функцыянавання органаў і іх сістэм у стане тэмпературнага камфорту (20 °С), поўнага фізічнага і псіхічнага спакою нашча, называецца велічынёй асноўнага абмену. У сярэднім яна складае 4,2 кДж на 1 кг масы цела ў гадзіну. У мужчын з масай цела 70 кг асноўны абмен складае каля 7113 кДж у суткі, а ў жанчын з масай цела 55 кг — каля 5858 кДж у суткі. Стрэсавыя станы і гіперфункцыя шчытападобнай залозы часам павялічваюць асноўны абмен да значных велічынь.
Розныя віды дзейнасці патрабуюць ад чалавека розных энергетычных затрат (гл. табл.).
Табліца. Прыблізныя энергетычныя затраты чалавека
Від дзейнасці |
Энергетычныя затраты (кДж) за 1 г на 1 кг масы цела |
Стан спакою: у становішчы седзячы у становішчы стоячы |
4,2 5,9 6,3 |
Разумовая праца седзячы |
9,0 |
Хада |
11,7—13,4 |
Работа цесляра |
17,9 |
Работа муляра |
23,9 |
Асноўнымі крыніцамі энергіі з’яўляюцца вугляводы (42 %) і тлушчы (40 %). Колькасць энергіі, якая вылучаецца пры акісленні 1 г бялкоў і 1 г вугляводаў, складае прыкладна 17 кДж, а 1 г тлушчаў — 39 кДж.
Рацыянальнае харчаванне
Для паўнавартаснага забеспячэння жыццёвых патрэбнасцей арганізма неабходна рацыянальнае харчаванне. Рацыянальнае харчаванне — гэта збалансаванае і разнастайнае харчаванне. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што колькасць і каларыйнасць ежы павінны адпавядаць энергетычным затратам і фізіялагічным патрэбнасцям арганізма. Харчовы рацыён павінен мець аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў, вугляводаў. Калі колькасць харчовага бялку прыняць роўнай 1, то аптымальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў выразяцца прыкладнымі суадносінамі 1 : 1 : 4. У сярэднім для дарослага чалавека сутачная патрэбнасць у бялках складае 100 г, у тлушчах — 100 г, у вугляводах — 400 г.
У харчовы рацыён трэба штодня ўключаць такія багатыя вітамінамі прадукты, як хлеб з мукі грубага памолу, садавіна, свежая зеляніна. Неабходна як мага часцей ужываць нізкакаларыйную агародніну і садавіну, якія змяшчаюць шмат вітамінаў, мінеральных рэчываў, пекціну, клятчаткі.
Напрыклад, прыродны поліцукрыд пекцін не толькі паляпшае перыстальтыку кішэчніка, але і дабратворна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, павышае імунітэт і памяншае рызыку ўзнікнення анкалагічных захворванняў. Вялікая колькасць пекціну змяшчаецца ў яблыках, парэчках, шыпшыне, сліве, рабіне.
Раслінная клятчатка ачышчае сценкі страўніка ад неператраўленых рэшткаў ежы, стымулюе перыстальтыку кішэчніка. Вызвалены ад шлакаў арганізм хутчэй расшчапляе і засвойвае прадукты харчавання, максімальна ўсмоктваючы з іх вітаміны і мінералы. Грубыя валокны расліннага паходжання зніжаюць рызыку развіцця захворванняў сэрца і сасудаў, змяншаюць верагоднасць інфаркту.
Сушаныя фінікі змяшчаюць вялікую колькасць кальцыю, які стымулюе рост і аднаўленне касцявой тканкі. Таму рэкамендуецца дабаўляць іх у рацыён у час аднаўлення пасля траўм і пераломаў. Вялікая канцэнтрацыя калію ў пладах мае станоўчае ўздзеянне на сардэчна-сасудзістую сістэму. Важную ролю адыгрываюць арганічныя злучэнні фінікаў. Яны паляпшаюць пазнавальныя функцыі галаўнога мозга, у тым ліку памяць, канцэнтрацыю ўвагі, мысліцельную актыўнасць.
Паўторым галоўнае. У ежы змяшчаюцца ўсе неабходныя для існавання чалавека кампаненты. Да іх належаць бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны, вада, мінеральныя рэчывы. Такія кампаненты, як вада, мінеральныя рэчывы, некаторыя вітаміны і амінакіслоты не ўтвараюцца ў арганізме ў дастатковай колькасці, таму яны называюцца незаменнымі. Атрымаць іх можна толькі з ежай. Для паўнавартаснага жыцця чалавеку неабходна рацыянальнае харчаванне.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. З якіх асноўных кампанентаў складаецца ежа? Якая функцыя кожнага кампанента?
2. Якія рэчывы належаць да незаменных у харчаванні чалавека? 3. У чым заключаецца рацыянальнае харчаванне?
Складаныя пытанні
1. Чаму бялкі, тлушчы, вугляводы і іншыя рэчывы жывёльнага паходжання засвойваюцца чалавечым арганізмам лепш, чым рэчывы расліннага паходжання?
2. Паводле даных СААЗ, сутачны падтрымліваючы рацыён для чалавека з масай цела 70 кг складае 9660 кДж. Выкарыстоўваючы даныя табліцы па энергетычных затратах, разлічыце ўласныя энергетычныя затраты за 24 гадзіны з улікам заняткаў ва ўрочны і пазаўрочны час. Зыходзячы з правіл рацыянальнага харчавання, складзіце свой сутачны рацыён.
* Індывідуальнае дамашняе заданне. Прааналізуйце свой рацыён харчавання. Разлічыце, наколькі збалансаваны затраты на вашу дзейнасць і колькасць атрыманай за кошт харчавання энергіі. На аснове атрыманых вынікаў скарэкціруйце свой рацыён і рэжым харчавання.