§ 17. Ядавітыя расліны

Першая дапамога пры атручэнні

Пры пападанні соку ядавітай расліны на скуру яе прамываюць вадой з мылам і змазваюць пажыўным крэмам. Калі ж таксічнае рэчыва трапіла ўнутр, страўнік неабходна прамыць. Гэта можна зрабіць, даўшы пацярпеўшаму 4—5 шклянак вады, а затым выклікаўшы ваніты шляхам націскання на корань языка. Працэдуру праводзяць 3—4 разы. Забаронена такое прамыванне пры сутаргах і страце прытомнасці. Пасля прамывання страўніка пацярпеўшага неабходна тэрмінова даставіць у медыцынскую ўстанову.

!  Гэта цікава

Знакаміты алхімік і ўрач Парацэльс (1493—1541 гг.) гаварыў: «Усё — яд, усё — лекі; тое і іншае вызначае доза». Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, некаторыя ядавітыя расліны выкарыстоўваюцца як у народнай медыцыне, так і ў фармацэўтыцы. Аднак, калі перад ужываннем лекавых сродкаў, атрыманых з раслін, не пракансультавацца з урачом, а таксама парушаць дазіроўку, тэрміны іх ужывання, то можна не толькі нанесці вялізную шкоду свайму здароўю, але і памерці!

Паўторым галоўнае. Ядавітыя ўласцівасці раслін абумоўлены ўтрыманнем у іх небяспечных для здароўя чалавека ядаў (фітатаксінаў). Раслінныя яды пашкоджваюць у асноўным стрававальную і цэнтральную нервовую сістэмы. На тэрыторыі Беларусі найбольш часта сустракаюцца наступныя ядавітыя расліны: цыкута ядавітая, балігалоў рабы, дурнап’ян звычайны, блёкат чорны, казялец ядавіты, ландыш майскі, воўчае лыка, бузіна чырвоная, баршчэўнік Сасноўскага і інш.