Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. Ядавітыя расліны

  • Успомніце будову кветкавых раслін.
  • Як вы думаеце? Чаму расліны з’яўляюцца прычынай атручэння людзей?
  • Вы даведаецеся пра ядавітыя расліны, якія часта сустракаюцца ў Беларусі, і сімптомы атручэння імі, а таксама пра першую дапамогу, што неабходна аказаць пацярпеўшаму.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 17. Ядавітыя расліны
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:42

Прэамбула

У Беларусі расце прыкладна 180 відаў ядавітых раслін. Такія расліны выпрацоўваюць ядавітыя рэчывы (фітатаксіны), якія нясуць пагрозу для здароўя чалавека. Атручэнне ядавітымі раслінамі можа адбыцца ў наступных выпадках: пры ўжыванні ў ежу, удыханні іх ядавітых выпарэнняў, пры непасрэдным кантакце. Часам атручэнне звязана з ужываннем у ежу мёду, у якім прысутнічае нектар кветак ядавітых раслін, а таксама малака і мяса жывёл, што елі ядавітыя расліны.

Ядавітыя расліны, якія часта сустракаюцца ў Беларусі

Беларускімі вучонымі складзены каталог ядавітых раслін, што растуць у нашай краіне. Пагрозу для здароўя чалавека могуць уяўляць знаёмыя і шырока распаўсюджаныя расліны. Для таго каб папярэдзіць выпадкі атручэння, неабходна ведаць, як выглядаюць ядавітыя расліны і якія сімптомы атручэння імі (гл. табл.).

Табліца. Ядавітыя расліны Беларусі

Расліна

Сімптомы атручэння

Цыкута ядавітая 
(Сicuta virosa)

 

Карэнішчы і карані расліны смяротна ядавітыя. Пасля ўжывання ў ежу сцёблаў з лістамі назіраюцца галаўны боль, млоснасць, ваніты, болі ў жываце. Лятальны канец магчымы ад спынення дыхання на фоне вострай сардэчнай недастатковасці

Балігалоў рабы
(
Conium maculatum)

 

Пасля ўжывання ў ежу сцёблаў з лістамі назіраюцца млоснасць, слінацячэнне, галавакружэнне, парушэнне глытання, маўлення, паблядненне  і страта адчувальнасці скуры, прыгнечанне цэнтральнай нервовай сістэмы, параліч, расшырэнне зрэнак і адсутнасць рэакцыі на святло

Дурнап’ян звычайны
(
Datura stramonium)

 

Пры ўдыханні лятучых рэчываў кветак назіраюцца трызненне, галюцынацыі, якія могуць прывесці да псіхічнага расстройства. Сухасць у роце, расстройства глытання, крывавая дыярэя, парушэнне функцый ЦНС з’яўляюцца пры ўжыванні ў ежу любой часткі расліны. Цяжкае атручэнне можа прывесці да лятальнага канца

Блёкат чорны 
(
Hyoscyamus niger)

 

Усе часткі расліны ядавітыя. Назіраюцца сутаргі са стратай прытомнасці, павышаецца тэмпература. Магчымы лятальны канец. Пры паяданні алеістага насення назіраецца востры псіхоз з галюцынацыямі

Казялец ядавіты
(
Ranunculus sceleratus)

 

Пры пападанні соку расліны на скуру назіраецца хімічны апёк, а таксама пякота, рэзкі боль у вачах, пачуццё іншароднага цела, слёзацячэнне, часовая страта зроку. Пры высокай канцэнтрацыі яду ў крыві — трэмар, сутаргі, памутненне свядомасці. Пры ўдыханні лятучых рэчываў кветак — пяршэнне і пякота ў насаглотцы, моцны насмарк, чханне

Ландыш майскі 
(
Convallaria majalis)

 

Пры паглынанні пладоў (чырвоных ягад) назіраюцца бледнасць скуры, моцная млоснасць, болі ў жываце, неўтаймаваныя ваніты, рэзкая слабасць, санлівасць, галюцынацыі, парушэнне свядомасці. Пры моцным атручэнні можа адбыцца спыненне сэрца

Воўчае лыка 
(
Daphne meserium)

 

Пры ўжыванні ўсіх частак расліны назіраюцца дыярэя, ваніты, гарачка, моцнае раздражненне скуры, якое можа прывесці да некрозу. Пры ўжыванні ягад расліны ўзнікае цяжкае пашкоджанне страўніка, кішэчніка і нырак, зніжаецца  згусальнасць крыві, што можа прывесці да лятальнай кровастраты

Бузіна чырвоная
(Sambucus racemosa)

 

Пасля паглынання пладоў назіраюцца галавакружэнне, дэзарыентацыя ў прасторы, млоснасць, ваніты, гарката ў роце, пяршэнне ў горле, болі ў жываце, дыярэя, павышанае слінавыдзяленне, пачашчэнне пульсу. Пры атручэнні тканкі арганізма адчуваюць кіслароднае галаданне

Баршчэўнік Сасноўскага
(Heracleum sosnowskyi)

 

Сок і раса расліны выклікаюць апёкі скуры аж да III ступені. Удыханне пылку ці эфірных масел выклікае распуханне гартані, удушша і можа прывесці да лятальнага канца. Сок ці пылок пры пападанні ў вочы здольныя выклікаць слепату

Першая дапамога пры атручэнні

Пры пападанні соку ядавітай расліны на скуру яе прамываюць вадой з мылам і змазваюць пажыўным крэмам. Калі ж таксічнае рэчыва трапіла ўнутр, страўнік неабходна прамыць. Гэта можна зрабіць, даўшы пацярпеўшаму 4—5 шклянак вады, а затым выклікаўшы ваніты шляхам націскання на корань языка. Працэдуру праводзяць 3—4 разы. Забаронена такое прамыванне пры сутаргах і страце прытомнасці. Пасля прамывання страўніка пацярпеўшага неабходна тэрмінова даставіць у медыцынскую ўстанову.

!  Гэта цікава

Знакаміты алхімік і ўрач Парацэльс (1493—1541 гг.) гаварыў: «Усё — яд, усё — лекі; тое і іншае вызначае доза». Зыходзячы з гэтага сцвярджэння, некаторыя ядавітыя расліны выкарыстоўваюцца як у народнай медыцыне, так і ў фармацэўтыцы. Аднак, калі перад ужываннем лекавых сродкаў, атрыманых з раслін, не пракансультавацца з урачом, а таксама парушаць дазіроўку, тэрміны іх ужывання, то можна не толькі нанесці вялізную шкоду свайму здароўю, але і памерці!

Паўторым галоўнае. Ядавітыя ўласцівасці раслін абумоўлены ўтрыманнем у іх небяспечных для здароўя чалавека ядаў (фітатаксінаў). Раслінныя яды пашкоджваюць у асноўным стрававальную і цэнтральную нервовую сістэмы. На тэрыторыі Беларусі найбольш часта сустракаюцца наступныя ядавітыя расліны: цыкута ядавітая, балігалоў рабы, дурнап’ян звычайны, блёкат чорны, казялец ядавіты, ландыш майскі, воўчае лыка, бузіна чырвоная, баршчэўнік Сасноўскага і інш. 

Праверым веды

     Ключавыя пытанні

1. Якія расліны называюцца ядавітымі? Якія шляхі атручэння імі чалавека?
2. Назавіце ядавітыя расліны, якія часта сустракаюцца ў Беларусі.
3. Раскажыце пра сімптомы атручэння цыкутай ядавітай і блёкатам чорным.
4. Якую першую дапамогу неабходна аказаць пацярпеўшаму пры атручэнні ядавітымі раслінамі?

    Складаныя пытанні

1. Да якіх сямей належаць балігалоў рабы, дурнап’ян звычайны, блёкат чорны, казялец ядавіты?
2. Якую ролю адыгрываюць гэтыя ядавітыя расліны ў экасістэмах?

* Індывідуальнае дамашняе заданне. Вызначыце небяспечныя для здароўя чалавека расліны, якія растуць у вашай мясцовасці. Зрабіце прэзентацыю ці відэаролік пра іх марфалагічную будову, фізіялагічныя асаблівасці, ядавітыя ўласцівасці, а таксама пра правілы аказання першай дапамогі пры атручэнні.