§ 16. Ядавітыя грыбы

*Грыбы, забруджаныя радыенуклідамі

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларускія лясы былі значна забруджаны радыенуклідамі. Павышанае ўтрыманне радыенуклідаў адмоўна ўздзейнічае на сардэчна-сасудзістую і імунную сістэмы чалавека, а таксама на ныркі і печань. Таксама радыеактыўныя рэчывы пашкоджваюць нервовую, рэпрадуктыўную і крывяносную сістэмы чалавека. Адной з крыніц паступлення радыенуклідаў у арганізм могуць быць ядомыя грыбы, сабраныя ў зонах з павышаным узроўнем радыяцыі.

У залежнасці ад здольнасці назапашваць радыенукліды ядомыя грыбы падзяляюць на 4 групы.

1. Тыя, што назапашваюць іх слаба: вешанка, шампіньён, апенька зімовая.
2. Тыя, што назапашваюць іх у сярэдняй ступені: баравік, чырвонагаловік, сыраежка звычайная.
3. Тыя, што назапашваюць іх шмат: лісічка, падбярозавік.
4. Наймайцнейшыя акумулятары: махавік, польскі грыб, масляк.

Пры куплі на рынку ёсць рызыка набыць грыбы з павышаным узроўнем радыенуклідаў і іншых таксічных хімічных рэчываў. А вось грыбы, якія рэалізуюцца ў магазінах (шампіньёны, вешанкі і інш.), праходзяць адпаведныя праверкі, таму іх можна смела ўжываць у ежу.

Паўторым галоўнае. Ядавітымі называюцца грыбы, якія змяшчаюць ядавітыя рэчывы (мікатаксіны). Для таго каб ахаваць сябе ад атручэння грыбамі, трэба ўмець адрозніваць ядавітыя грыбы ад ядомых. Пры з’яўленні першых сімптомаў атручэння грыбамі неабходна тэрмінова звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.