Печатать книгуПечатать книгу

§ 16. Ядавітыя грыбы

  • Успомніце, па якіх прыметах можна адрозніць ядавіты грыб ад ядомага.
  • Як вы думаеце? Чаму даволі часта адбываюцца атручэнні грыбамі?
  • Вы даведаецеся пра найбольш распаўсюджаныя ядавітыя грыбы Беларусі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 16. Ядавітыя грыбы
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:31

Прэамбула

У Беларусі налічваецца каля 2,5 тыс. відаў грыбоў з добра выяўленымі пладовымі целамі. З іх больш за 200 відаў уяўляюць небяспеку для здароўя чалавека.

Гэтыя віды грыбоў змяшчаюць шкодныя рэчывы (мікатаксіны), устойлівыя да звычайных метадаў кулінарнай апрацоўкі і здольныя выклікаць розныя харчовыя атручэнні. Такія грыбы належаць да ядавітых.

Шмат хто з нас задаецца пытаннем: «Як адрозніць ядавітыя грыбы?» Адказ просты: «Для распазнавання ядавітых і ядомых грыбоў неабходна дакладна ведаць іх адметныя асаблівасці».

Ядавітыя грыбы Беларусі

У нашай краіне сустракаюцца каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Пры ўжыванні іх у ежу першыя сімптомы атручэння могуць узнікнуць як праз некалькі мінут, так і праз некалькі гадзін. Да агульных сімптомаў атручэння грыбамі незалежна ад іх віду належаць: болі ў жываце, дыярэя, павышаная патлівасць і слінавыдзяленне, млоснасць, ваніты, недамаганне і зблытанасць свядомасці, задышка, часта рэзкае зніжэнне ціску.

Працягласць інкубацыйнага (скрытага) перыяду атручэння залежыць ад віду і колькасці ўжытых у ежу ядавітых грыбоў, а таксама ад узросту і масы цела чалавека. Напрыклад, пры атручэнні белай паганкай скрыты перыяд можа доўжыцца да 6—7 гадзін.

Сімптомы атручэння ядавітымі грыбамі, якія найбольш часта сустракаюцца ў Беларусі, пералічаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя грыбы Беларусі

Грыб

Адрозныя прыметы

Сімптомы атручэння

Паганка белая
(Amanita phalloides)

Наяўнасць клубнепадобнага патаўшчэння каля асновы ножкі

Пападанне ў ежу нават невялікага кавалачка грыба можа прывесці да лятальнага канца. Назіраюцца моцныя ваніты і дыярэя з крывёй, сутаргі, парушэнне функцыі нырак і печані 

Свінушка тонкая
(Paxillas involutus)

Пласцінкі мяккія, разгалінаваныя, жоўта-вохрыстыя. З выгляду крыху падобны да чорнага грузда

Непастаянныя болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя, болі ў паясніцы, алергічныя рэакцыі

Мухамор чырвоны
(Amanita muscaria)

Ножка белая з кольцам каля асновы, шапачка ярка-чырвоная, бліскучая, усеяная белымі бародаўчатымі камякамі

Слёзацячэнне, павышанае слінавыдзяленне, звужэнне зрэнак, павышаная патлівасць, трызненне і галюцынацыі, кома

Страчок звычайны (Guromitza esculenta)

Шапачка маршчыністая, карычневага або цёмна-карычневага колеру

Мача набывае чырвоны колер, парушэнне работы селязёнкі і нырак, у цяжкіх выпадках можа развіцца кома

Радоўка сернаоўтая
(Tricholoma sulphureum)

Шапачка і ножка жоўтыя або зялёна-жоўтыя, мае непрыемны серавадародны пах

Болі ў вобласці жывата, галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, ваніты, пашкоджанне нервовай сістэмы

Першая дапамога пры атручэнні грыбамі

Пры з’яўленні нават невялікага недамагання пасля ўжывання ў ежу грыбоў неабходна тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Да гэтага пацярпеўшаму трэба старанна прамыць страўнік. Для гэтага неабходна выпіць не менш за 1 л вады, а затым, націскаючы на корань языка, выклікаць ваніты. Трэба паўтараць гэту працэдуру некалькі разоў да чыстых прамыўных вод. Гэта дапаможа максімальна ачысціць страўнік ад мікатаксінаў (ядавітых грыбоў), якія трапілі ў яго. Можна піць моцную чорную гарбату, мінеральную ці негазіраваную ваду. 

Для таго каб ахаваць сябе ад атручэнняў, неабходна прытрымлівацца асноўных правіл грыбніка. 

1. Ідучы за грыбамі, пазнаёмцеся з адлюстраваннямі і апісаннямі ядавітых грыбоў.
2. Не ўпэўнены ў тым, што грыб ядомы, не ведаеце яго — не бярыце.
3. Не збірайце старыя пладовыя целы ядомых грыбоў, у якіх пры раскладанні таксама могуць утварацца ядавітыя рэчывы.
4. Атручэнне могуць выклікаць і ядомыя грыбы, калі яны заражаны чарвямі, лічынкамі, слізнякамі і плесняй.

Усе віды грыбоў добра акумулююць радыенукліды і солі цяжкіх металаў, а таксама іншыя шкодныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў навакольным асяроддзі. Таму, выбіраючы месцы для збору грыбоў, трэба прааналізаваць іх месцазнаходжанне: блізкасць да зон, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, наяўнасць заводаў і хімічных камбінатаў, буйных аўтамагістралей.

*Грыбы, забруджаныя радыенуклідамі

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларускія лясы былі значна забруджаны радыенуклідамі. Павышанае ўтрыманне радыенуклідаў адмоўна ўздзейнічае на сардэчна-сасудзістую і імунную сістэмы чалавека, а таксама на ныркі і печань. Таксама радыеактыўныя рэчывы пашкоджваюць нервовую, рэпрадуктыўную і крывяносную сістэмы чалавека. Адной з крыніц паступлення радыенуклідаў у арганізм могуць быць ядомыя грыбы, сабраныя ў зонах з павышаным узроўнем радыяцыі.

У залежнасці ад здольнасці назапашваць радыенукліды ядомыя грыбы падзяляюць на 4 групы.

1. Тыя, што назапашваюць іх слаба: вешанка, шампіньён, апенька зімовая.
2. Тыя, што назапашваюць іх у сярэдняй ступені: баравік, чырвонагаловік, сыраежка звычайная.
3. Тыя, што назапашваюць іх шмат: лісічка, падбярозавік.
4. Наймайцнейшыя акумулятары: махавік, польскі грыб, масляк.

Пры куплі на рынку ёсць рызыка набыць грыбы з павышаным узроўнем радыенуклідаў і іншых таксічных хімічных рэчываў. А вось грыбы, якія рэалізуюцца ў магазінах (шампіньёны, вешанкі і інш.), праходзяць адпаведныя праверкі, таму іх можна смела ўжываць у ежу.

Паўторым галоўнае. Ядавітымі называюцца грыбы, якія змяшчаюць ядавітыя рэчывы (мікатаксіны). Для таго каб ахаваць сябе ад атручэння грыбамі, трэба ўмець адрозніваць ядавітыя грыбы ад ядомых. Пры з’яўленні першых сімптомаў атручэння грыбамі неабходна тэрмінова звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія грыбы належаць да ядавітых?
2. Па якіх прыметах можна адрозніць свінушку тонкую?
3. Пералічыце агульныя сімптомы, якія назіраюцца пры атручэнні грыбамі незалежна ад іх віду.
4. Якую першую дапамогу неабходна аказваць пры атручэнні грыбамі?

    Складаныя пытанні

1. Якія грыбы, акрамя пералічаных у табліцы 4, небяспечныя для здароўя чалавека?
2. Якую ролю адыгрываюць ядавітыя грыбы ў прыродных экасістэмах?

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Вызначыце небяспечныя для здароўя чалавека грыбы, якія растуць у вашай мясцовасці. Падрыхтуйце прэзентацыю для аднакласнікаў пра адметныя асаблівасці ядавітых грыбоў, іх небяспеку для здароўя чалавека, а таксама пра правілы аказання першай дапамогі пры атручэнні.