§ 16. Ядавітыя грыбы

Першая дапамога пры атручэнні грыбамі

Пры з’яўленні нават невялікага недамагання пасля ўжывання ў ежу грыбоў неабходна тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Да гэтага пацярпеўшаму трэба старанна прамыць страўнік. Для гэтага неабходна выпіць не менш за 1 л вады, а затым, націскаючы на корань языка, выклікаць ваніты. Трэба паўтараць гэту працэдуру некалькі разоў да чыстых прамыўных вод. Гэта дапаможа максімальна ачысціць страўнік ад мікатаксінаў (ядавітых грыбоў), якія трапілі ў яго. Можна піць моцную чорную гарбату, мінеральную ці негазіраваную ваду. 

Для таго каб ахаваць сябе ад атручэнняў, неабходна прытрымлівацца асноўных правіл грыбніка. 

1. Ідучы за грыбамі, пазнаёмцеся з адлюстраваннямі і апісаннямі ядавітых грыбоў.
2. Не ўпэўнены ў тым, што грыб ядомы, не ведаеце яго — не бярыце.
3. Не збірайце старыя пладовыя целы ядомых грыбоў, у якіх пры раскладанні таксама могуць утварацца ядавітыя рэчывы.
4. Атручэнне могуць выклікаць і ядомыя грыбы, калі яны заражаны чарвямі, лічынкамі, слізнякамі і плесняй.

Усе віды грыбоў добра акумулююць радыенукліды і солі цяжкіх металаў, а таксама іншыя шкодныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў навакольным асяроддзі. Таму, выбіраючы месцы для збору грыбоў, трэба прааналізаваць іх месцазнаходжанне: блізкасць да зон, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, наяўнасць заводаў і хімічных камбінатаў, буйных аўтамагістралей.