*§ 15—1. Небяспечныя для здароўя чалавека мікріскапічныя грыбы (мікраміцэты)

Найбольш небяспечныя мікраміцэты

Сярод мікраскапічных грыбоў значную і найбольш небяспечную групу складаюць так званыя плесні. Напрыклад, аспергіл чорны, або чорная плесня, можа распаўсюджвацца як на сценах і столі кватэр, так і на харчовых прадуктах.

Пры ўдыханні спор аспергіла чорнага назіраецца моцны кашаль, боль у грудзі і заложанасць носа, дыхавіца, дыханне са свістам і хрыпамі. Цяжкімі формамі атручэння могуць стаць пнеўманія і бранхіяльная астма. Мікрачасціны грыба раздражняюць слізістыя абалонкі, у тым ліку і вочы, выклікаючы слёзацячэнне, кан’юктывіты, пачырваненні вачэй і пагаршэнне зроку. Пры пападанні на скурнае покрыва ўзнікаюць сверб, лушчэнне, пачырваненне, высыпанні, нярэдка развіваецца экзэма.

Грыбковыя споры кладаспорыя травянога (Cladospórium herbárum), пранікаючы ў органы дыхання, могуць стаць прычынай бранхіяльнай астмы і пнеўманіі. Пад уздзеяннем таксінаў грыба развіваюцца алергічныя рэакцыі: пачырваненне слізістай абалонкі носа, вока і кан’юнктывы; высыпанні на скуры, якія суправаджаюцца свербам, ацёкам; слязістасць; кашаль; чханне; цяжкае дыханне; бронхаспазма. У групе рызыкі развіцця алергіі на дадзены грыб знаходзяцца аслабленыя людзі з авітамінозам, якія маюць хранічныя паталогіі печані і нырак. Сімптомы атручэння найбольш небяспечнымі мікраміцэтамі пералічаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя мікраміцэты, якія выклікаюць цяжкія атручэнні

Грыб

                                   Сімптомы отручэння

Аспергілл чорны
(чорная плесня)
(Aspergillus niger)

Скурныя высыпанні, млоснасць і ваніты, галаўны боль і боль у жываце, хуткая стамляльнасць, метэарызм і/ці дыярэя

Аспергіл жоўты (жоўтая плесня)
(Aspergillus flаvus)

Млявасць, адсутнасць апетыту, парушэнне каардынацыі рухаў, сутаргі, страта масы цела

Фузарыум злакавы
(Fusаrium gramineárum)

Ваніты, болі ў жываце, панос, слабасць, пачуццё цяжару ў канечнасцях, скаванасць паходкі. Праз некаторы час адзначаюцца моцныя галаўныя болі, галакружэнне

Пеніцыл крапіўны
(Penicillium griseofulvum)

Язва страўніка, кровазліццё ў кішэчніку, паразы дванаццаціперснай кішкі і змяненне функцыі кішачнага бар’ера

 

!  Гэта цікава

Мікраскапічныя грыбы выжываюць у арктычных ільдах, на даху саркафага 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС, у адкрытым космасе. Так, у межах эксперыменту «Біярыск», які быў накіраваны на даследаванне ўплыву ўмоў адкрытага космасу на жывыя арганізмы, тры капсулы са спорамі плесневых грыбоў (пеніцылум, аспергілус і кладаспорыум) даставілі ў адкрыты космас і прымацавалі да абшыўкі арбітальнай станцыі. Пасля паўгадавога знаходжання ў адкрытым космасе споры плесневых грыбоў не толькі выжылі, але і прайшлі мутацыі, стаўшы больш агрэсіўнымі і ўстойлівымі.