Печатать книгуПечатать книгу

*§ 15—1. Небяспечныя для здароўя чалавека мікріскапічныя грыбы (мікраміцэты)

  • Успомніце, якія грыбы-паразіты наносяць шкоду здароўю чалавека.
  • Як вы думаеце? У чым прычына атручэння чалавека ядавітымі грыбамі?
  • Вы даведаецеся пра найбольш небяспечныя для здароўя чалавека мікраскапічныя грыбы.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 15—1. Небяспечныя для здароўя чалавека мікріскапічныя грыбы (мікраміцэты)
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:20

Прэамбула

Паводле марфалагічных прымет грыбы падзяляюцца на макраміцэты і мікраміцэты. Грыбы, у якіх пладовыя целы добра бачныя прстым вокам, атрымалі назву макраміцэты. Значная група грыбоў, што можна ўбачыць толькі з дапамогай павелічальных прыбораў, — гэта мікраміцэты.

У цяперашні час вядома каля 250 відаў таксічных для чалавека мікраміцэтаў. Яны выпрацоўваюць больш за 100 ядавітых рэчываў, якія з’яўляюцца небяспечнымі ў выпадку пападання ў прадукты харчавання чалавека і кармы сельскагаспадарчых жывёл. Шмат якія з гэтых рэчываў валодаюць кумулятыўным (накапляльным) дзеяннем і выклікаюць вельмі цяжкія наступствы.

Найбольш небяспечныя мікраміцэты

Сярод мікраскапічных грыбоў значную і найбольш небяспечную групу складаюць так званыя плесні. Напрыклад, аспергіл чорны, або чорная плесня, можа распаўсюджвацца як на сценах і столі кватэр, так і на харчовых прадуктах.

Пры ўдыханні спор аспергіла чорнага назіраецца моцны кашаль, боль у грудзі і заложанасць носа, дыхавіца, дыханне са свістам і хрыпамі. Цяжкімі формамі атручэння могуць стаць пнеўманія і бранхіяльная астма. Мікрачасціны грыба раздражняюць слізістыя абалонкі, у тым ліку і вочы, выклікаючы слёзацячэнне, кан’юктывіты, пачырваненні вачэй і пагаршэнне зроку. Пры пападанні на скурнае покрыва ўзнікаюць сверб, лушчэнне, пачырваненне, высыпанні, нярэдка развіваецца экзэма.

Грыбковыя споры кладаспорыя травянога (Cladospórium herbárum), пранікаючы ў органы дыхання, могуць стаць прычынай бранхіяльнай астмы і пнеўманіі. Пад уздзеяннем таксінаў грыба развіваюцца алергічныя рэакцыі: пачырваненне слізістай абалонкі носа, вока і кан’юнктывы; высыпанні на скуры, якія суправаджаюцца свербам, ацёкам; слязістасць; кашаль; чханне; цяжкае дыханне; бронхаспазма. У групе рызыкі развіцця алергіі на дадзены грыб знаходзяцца аслабленыя людзі з авітамінозам, якія маюць хранічныя паталогіі печані і нырак. Сімптомы атручэння найбольш небяспечнымі мікраміцэтамі пералічаны ў табліцы.

Табліца. Ядавітыя мікраміцэты, якія выклікаюць цяжкія атручэнні

Грыб

                                   Сімптомы отручэння

Аспергілл чорны
(чорная плесня)
(Aspergillus niger)

Скурныя высыпанні, млоснасць і ваніты, галаўны боль і боль у жываце, хуткая стамляльнасць, метэарызм і/ці дыярэя

Аспергіл жоўты (жоўтая плесня)
(Aspergillus flаvus)

Млявасць, адсутнасць апетыту, парушэнне каардынацыі рухаў, сутаргі, страта масы цела

Фузарыум злакавы
(Fusаrium gramineárum)

Ваніты, болі ў жываце, панос, слабасць, пачуццё цяжару ў канечнасцях, скаванасць паходкі. Праз некаторы час адзначаюцца моцныя галаўныя болі, галакружэнне

Пеніцыл крапіўны
(Penicillium griseofulvum)

Язва страўніка, кровазліццё ў кішэчніку, паразы дванаццаціперснай кішкі і змяненне функцыі кішачнага бар’ера

 

!  Гэта цікава

Мікраскапічныя грыбы выжываюць у арктычных ільдах, на даху саркафага 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС, у адкрытым космасе. Так, у межах эксперыменту «Біярыск», які быў накіраваны на даследаванне ўплыву ўмоў адкрытага космасу на жывыя арганізмы, тры капсулы са спорамі плесневых грыбоў (пеніцылум, аспергілус і кладаспорыум) даставілі ў адкрыты космас і прымацавалі да абшыўкі арбітальнай станцыі. Пасля паўгадавога знаходжання ў адкрытым космасе споры плесневых грыбоў не толькі выжылі, але і прайшлі мутацыі, стаўшы больш агрэсіўнымі і ўстойлівымі.

Прафілактыка заражэння мікраміцэтамі

Каб пазбегнуць заражэння мікраміцэтамі, трэба выконваць шэраг правілаў. Неабходна рэгулярна прыбіраць жылое памяшканне з выкарыстаннем антысептычных і антымікозных сродкаў, не дапускаць сырасці і павышанай вільготнасці. Важна старанна аглядаць жыллё на прадмет наяўнасці грыбка. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць ваннаму пакою з туалетам. У выпадку выяўлення плесні трэба неадкладна звярнуцца да спецыялістаў-міколагаў і прыняць усе магчымыя меры для яе выдалення.

Для прадухілення харчовых атручэнняў трэба:

1. Правяраць знешні выгляд прадуктаў харчавання і набываць толькі тую прадукцыю, на ўпакоўцы якой пазначаны час вырабу, тэрмін прыдатнасці, інфармацыя пра вытворцу, склад, даныя пра сертыфікацыю вырабу.
2. Трымаць у чысціні халадзільнік і своечасова прыбіраць з яго сапсаваныя прадукты.
3. Не выкарыстоўваць некалькі разоў пакеты, у якіх раней захоўваліся хлебныя вырабы, крупы, арэхі, сухафрукты. Арэхі і сухафрукты павінны захоўвацца ў халаднаватым, цёмным і сухім месцы.
4. Пашкоджаныя плесняй прадукты харчавання трэба выкідваць разам з упакоўкай.
5. Пажадана не рабіць доўгачасовыя прадуктовыя запасы, а набываць прадукты па меры неабходнасці.

Першая дапамога пры атручэнні мікатаксінамі

Як і ў выпадку любога іншага атручэння, рэкамендуецца піць больш чыстай цёплай вады для актывізацыі вывядзення таксінаў ныркамі, а таксама пры любым, нават самым малаважным атручэнні, важна своечасова звярнуцца да ўрача.

!  Гэта цікава

У харчовай індустрыі існуюць прадукты з плесняй. Яны вырабляюцца па спецыяльнай тэхналогіі, маюць своеасаблівы смак і патрабуюць адпаведных умоў захоўвання. З выкарыстаннем грыбкоў групы пеніцыліну робяць розныя гатункі сыроў. На аснове грыбка мукор вырабляюцца кітайскія дрожджы, якія шырока ўжываюцца ў далёкаўсходняй кухні.

Паўторым галоўнае. Ядавітыя мікраміцэты заражаюць як жыллё чалавека, так і прадукты харчавання. Асаблівую небяспеку яны ўяўляюць для людзей з аслабленым імунітэтам. Пры ўдыханні спор грыбоў і ўжыванні заражаных прадуктаў узнікае мноства цяжкіх захворванняў. Для прафілактыкі заражэння жылля неабходна ўвесь час аглядаць сцены і столі кватэр на прадмет наяўнасці плесні. Пры выяўленні грыба важна неадкладна прымаць меры для яго знішчэння. Каб пазбегнуць харчовых атручэнняў, трэба купляць толькі свежую і сертыфікаваную харчовую прадукцыю, а таксама правільна яе захоўваць.

Праверым веды

Ключавыя пытанні

1. Пералічыце найбольш небяспечныя для здароўя чалавека мікраміцэты.
2. У чым заключаецца небяспека аспергіла чорнага для здароўя чалавека?
3. Якія сімптомы назіраюцца пры атручэнні фузарыумам злакавым?
4. Якія меры прафілактыкі мікатаксікозаў?
5. У чым заключаецца першая дапамога пры атручэнні мікатаксінамі?
6. Прывядзіце прыклады мікраміцэтаў, якія выкарыстоўваюцца на карысць чалавека.

Складаныя пытанні

1. Чым абумоўлена выжывальнасць мікраміцэтаў у экстрэмальных умовах?
2. Чаму мікраміцэты цяжка выдаліць з жылля чалавека?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Падумайце, якія спосабы падойдуць для выдалення мікраміцэтаў з жылых памяшканняў.