§ 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека

Прафілактыка інфекцыйных захворванняў

Для прафілактыкі інфекцыйных захворванняў неабходна выконваць наступныя правілы.

1. Старанна мыць перад ужываннем садавіну і агародніну.
2. Мыць рукі перад ядой, а таксама пасля наведвання туалета.
3. Пры прастудных захворваннях неабходна насіць медыцынскую маску, выкарыстоўваць індывідуальны посуд і аднаразовыя насавыя хустачкі.
4. Для прадухілення распаўсюджвання крывяных інфекцый — знішчаць або адпужваць насякомых.
5. Своечасова рабіць прышчэпкі.
6. Для ўмацавання імунітэту актыўна займацца фізкультурай і весці здаровы лад жыцця.

!  Гэта цікава

Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь складзены Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Згодна з ім праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфекцыйных захворванняў: грыпу, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, сухот, коклюшу, гемафільнай інфекцыі, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, пнеўмакокавай інфекцыі, віруснага гепатыту В.

Для прадухілення распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання патрабуюцца намаганні не толькі медыцынскіх спецыялістаў, але і нас з вамі. Зрабіць своечасова прышчэпку, выконваць правілы асабістай гігіены і догляду хворых, імкнуцца не заражаць людзей, што навокал, у перыяд хваробы, весці спосаб жыцця, які спрыяе падтрыманню добрага імунітэту, — гэта ў інтарэсах кожнага з нас і грамадства ў цэлым.

Паўторым галоўнае. Вірусы, бактэрыі, грыбы, пратысты, членістаногія і гельмінты часта з’яўляюцца прычынай інфекцыйных захворванняў. Перадача ўзбуджальнікаў інфекцый ажыццяўляецца паветрана-кропельным, паветрана-пылавым шляхам, а таксама пры непасрэдным кантакце здаровага чалавека з хворым і праз укусы жывёл. Асноўнымі фактарамі перадачы служаць ежа, вада, глеба, мухі, брудныя рукі, прадметы быту. Адметныя асаблівасці інфекцыйных захворванняў заключаюцца ў наяўнасці інкубацыйнага перыяду і дастаткова хуткім і масавым распаўсюджванні сярод людзей.