§ 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека
- Успомніце ролю імуннай сістэмы ў арганізме чалавека.
- Як вы думаеце? Чаму, нягледзячы на значныя дасягненні медыцыны, інфекцыйныя хваробы цалкам не пераможаны?
- Вы даведаецеся пра ўзбуджальнікаў, сімптомы і прафілактыку інфекцыйных захворванняў чалавека.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:31 |
Інфекцыйныя захворванні
Інфекцыйныя захворванні — гэта група захворванняў, якія выкліканы вірусамі і хваробатворнымі мікраарганізмамі, што праніклі ў чалавечы арганізм (бактэрыі, грыбы, пратысты). Да гэтай групы належаць паразітарныя захворванні, якія выклікаюцца паразітычнымі членістаногімі і гельмінтамі.
У аснову класіфікацыі інфекцыйных захворванняў пакладзены механізм перадачы ўзбуджальніка і лакалізацыя ў арганізме чалавека (гл. табл.).
Табліца. Класіфікацыя інфекцыйных (паразітарных) захворванняў
Група інфекцыйных захворванняў |
Шляхі перадачы захворванняў |
Інфекцыі |
Кішачныя інфекцыі |
Праз ежу, ваду, глебу, мух, брудныя рукі, прадметы быту |
Брушны тыф, дызентэрыя, халера, харчовыя інфекцыі |
Інфекцыі дыхальных шляхоў |
Паветрана-кропельны або паветрана-пылавы шлях |
Грып, адзёр, дыфтэрыя, шкарлятына, натуральная воспа |
Крывяныя інфекцыі |
Праз укусы кровасысучых насякомых (камары, кляшчы, вошы, маскіты) |
Сыпны і зваротны тыф, малярыя, чума, тулярэмія, клешчавы энцэфаліт |
Заанозныя інфекцыі |
Праз укусы жывёл |
Шаленства |
Кантактава-бытавыя інфекцыі |
Пры непасрэдным кантакце здаровага чалавека з хворым, праз прадметы быту і палавым шляхам |
Кароста, сіфіліс, ганарэя, хламідыёз |
Адной з асаблівасцей інфекцыйных захворванняў з’яўляецца наяўнасць часу ад моманту заражэння да з’яўлення першых прымет — інкубацыйнага перыяду. Працягласць гэтага перыяду залежыць ад спосабу заражэння і віду ўзбуджальніка і можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў (рэдка).
Асаблівасць інфекцыйных захворванняў заключаецца ў дастаткова хуткім распаўсюджванні сярод людзей. Масавае распаўсюджванне інфекцыйнага захворвання, якое значна пераўзыходзіць звычайны ўзровень захворвання, называюць эпідэміяй. Калі ж яно ахоплівае тэрыторыю цэлай дзяржавы або некалькіх краін, яго называюць пандэміяй.
*Небяспечным інфекцыйным захворваннем, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам, з’яўляецца адзёр. Хвароба небяспечная ўскладненнямі ў выглядзе атыту, пнеўманіі, бранхіту, энцэфаліту. Інфекцыя аслабляе імунітэт і ў асобных выпадках можа прывесці да смерці. Асабліва небяспечная хвароба для немаўлят і дзяцей малодшага ўзросту.
Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у 2018 г. ад адру памерлі больш за 140 тыс. чалавек. Больш за ўсё выпадкаў з лятальным канцом зафіксавана ў Афрыцы — 52,6 тыс., ва Усходнім Міжземнамор’і памерла 49 тыс. чалавек, у Паўднёва-усходняй Азіі — 39,1 тыс. Большасць памерлых складаюць дзеці ва ўзросце да 5 гадоў. Адзёр можна прадухіліць з дапамогай вакцынацыі.
Кішачныя інфекцыі
Гэтыя захворванні выклікаюцца мікраарганізмамі: сальманеламі, бруцэламі, дызентэрыйнымі палачкамі, кластрыдыямі. Усе яны вылучаюць моцныя атрутныя рэчывы, якія трапляюць у кроў і разносяцца па ўсім арганізме.
Крыніцы інфекцый — хворы чалавек, а таксама мышападобныя грызуны, куры, качкі, каровы. Узбуджальнікі перадаюцца праз харчовыя прадукты: мяса, яйкі, малако. Інкубацыйны перыяд ад 6 г да 2 дзён. Сімптомы: павышэнне тэмпературы да 38—39 °С, млоснасць, шматразовыя ваніты, дыярэя. Пульс становіцца частым і слабым, артэрыяльны ціск зніжаецца, можа настаць каматозны стан (кома).
Першая дапамога хвораму заключаецца ў шматразовым прамыванні страўніка цёплай кіпячонай вадой для поўнага выдалення ежы. Пасля аказання першай дапамогі неабходна тэрмінова выклікаць урача. У цяжкіх выпадках хворага шпіталізуюць.
Прафілактыка кішачных інфекцый заключаецца ў строгім выкананні правіл гігіены, гатавання ежы, правільным захоўванні і выкарыстанні харчовых прадуктаў.
Інфекцыі дыхальных шляхоў
Адно з самых масавых інфекцыйных захворванняў — грып. Узбуджальнікі грыпу — разнавіднасці вірусаў. Крыніца захворвання — хворы чалавек. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам пры кашлі, чханні, размове.
Працягласць інкубацыйнага перыяду — ад некалькіх гадзін да 2 дзён. Сімптомы: дрыготка, недамаганне, слабасць, галаўны боль, ламота ва ўсім целе, пачырваненне слізістай абалонкі горла і багатыя выдзяленні з носа, кашаль. Тэмпература павышаецца да 38—39 °С. Захворванне звычайна працягваецца 5—6 дзён і вельмі небяспечнае ўскладненнямі, напрыклад парушэннямі работы нервовай сістэмы, сардэчнай дзейнасці, запаленнем лёгкіх, сярэдняга і ўнутранага вуха. Для прадухілення распаўсюджвання захворвання хворы грыпам павінен быць ізаляваны. Найважнейшае прафілактычнае мерапрыемства — прышчэпкі.
Прафілактыка інфекцыйных захворванняў
Для прафілактыкі інфекцыйных захворванняў неабходна выконваць наступныя правілы.
1. Старанна мыць перад ужываннем садавіну і агародніну.
2. Мыць рукі перад ядой, а таксама пасля наведвання туалета.
3. Пры прастудных захворваннях неабходна насіць медыцынскую маску, выкарыстоўваць індывідуальны посуд і аднаразовыя насавыя хустачкі.
4. Для прадухілення распаўсюджвання крывяных інфекцый — знішчаць або адпужваць насякомых.
5. Своечасова рабіць прышчэпкі.
6. Для ўмацавання імунітэту актыўна займацца фізкультурай і весці здаровы лад жыцця.
Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь складзены Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Згодна з ім праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфекцыйных захворванняў: грыпу, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, сухот, коклюшу, гемафільнай інфекцыі, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, пнеўмакокавай інфекцыі, віруснага гепатыту В.
Для прадухілення распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання патрабуюцца намаганні не толькі медыцынскіх спецыялістаў, але і нас з вамі. Зрабіць своечасова прышчэпку, выконваць правілы асабістай гігіены і догляду хворых, імкнуцца не заражаць людзей, што навокал, у перыяд хваробы, весці спосаб жыцця, які спрыяе падтрыманню добрага імунітэту, — гэта ў інтарэсах кожнага з нас і грамадства ў цэлым.
Паўторым галоўнае. Вірусы, бактэрыі, грыбы, пратысты, членістаногія і гельмінты часта з’яўляюцца прычынай інфекцыйных захворванняў. Перадача ўзбуджальнікаў інфекцый ажыццяўляецца паветрана-кропельным, паветрана-пылавым шляхам, а таксама пры непасрэдным кантакце здаровага чалавека з хворым і праз укусы жывёл. Асноўнымі фактарамі перадачы служаць ежа, вада, глеба, мухі, брудныя рукі, прадметы быту. Адметныя асаблівасці інфекцыйных захворванняў заключаюцца ў наяўнасці інкубацыйнага перыяду і дастаткова хуткім і масавым распаўсюджванні сярод людзей.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Назавіце ўзбуджальнікаў інфекцыйных і паразітарных захворванняў.
2. Пералічыце групы інфекцыйных захворванняў і дайце іх характарыстыку.
3. Што ўяўляе сабой інкубацыйны перыяд інфекцыйнага захворвання?
4. Якія сімптомы кішачных інфекцый? У чым заключаецца дапамога хворым пры гэтых інфекцыях?
Складаныя пытанні
1. Пасля якіх прышчэпак ад інфекцыйных захворванняў імунітэт захоўваецца на працягу ўсяго жыцця? Чаму?
2. Што неабходна ведаць, накіроўваючыся ў іншыя краіны, каб захаваць здароўе?
* Індывідуальнае дамашняе заданне. Вывучыце сучасную навуковую літаратуру пра эктапаразітаў і захворванні, якія яны выклікаюць. Падрыхтуйце паведамленне на гэту тэму.