2–1. Неалітычная рэвалюцыя

6. Развіццё рэлігійных ідэй

Вельмі складана вызначыць час з’яўлення ў першабытнага чалавека абстрактных ідэй, у тым ліку рэлігійных уяўленняў. У гэтым вучоным дапамагаюць археалагічныя знаходкі, у якіх адлюстраваліся першабытныя вераванні.

Першыя сведчанні існавання рэлігіі адносяцца да 300 тыс. гадоў таму. У неандэртальцаў многія рэлігійныя ідэі ўжо дасягнулі даволі высокага ўзроўню развіцця. Напрыклад, быў вельмі пашыраны абрад пахавання памерлых. Абрады сведчаць пра ўзнікненне ўяўлення пра душу і, магчыма, пра яе адраджэнне ў будучых пакаленнях. Таксама неандэртальцам была вядомая «паляўнічая магія» — ​рэлігійныя абрады дзеля забеспячэння ўдалага палявання.

Рэлігія як з’ява духоўнага жыцця грамадства ўзнікла ў выніку дзеяння многіх фактараў. У старажытнасці чалавек не мог растлумачыць з’явы навакольнага свету. Нейкія з іх яго здзіўлялі, іншыя палохалі, трэція радавалі. Ён спрабаваў іх асэнсаваць, але многае не паддавалася тлумачэнню. Напрыклад, не так проста было нават зразумець, як нараджаюцца новыя людзі. А што адбываецца з чалавекам, калі ён памірае? У руху планет чалавек бачыў пастаяннае паўтарэнне, але хто гэта арганізаваў? Імкнучыся растлумачыць тое, што адбываецца ў свеце, чалавек лічыў, што жыццё створана вышэйшымі сіламі. Пры гэтым ён не мог паўплываць на ­навакольнае асяроддзе, паколькі яго магчымасці былі вельмі абмежаваныя. Чалавек цалкам разумеў сваю залежнасць ад прыроды: ад жорсткіх ураганаў, засухі, змены клімату і г. д. Гэта вымушала пакланяцца звышнатуральным сілам і шанаваць іх.

Першай формай рэлігійных вераванняў быў анімізм — ​вера ў існаванне духу, душы ў кожнай жывой істоце, у кожнай рэчы, з’яве прыроды і г. д. Людзі верылі, што духі могуць уплываць на іх жыццё, таму з імі неабходна было «падтрымліваць добрыя адносіны» праз выкананне абрадаў. А ў самім чалавеку, паводле старажытных вераванняў, існавала душа. Бо ён не мог зразумець, што адбываецца ў час яго сну або як працуе яго фантазія.

Рэлігія з’яўлялася важным фактарам сацыяльнай кансалідацыі. Абрады людзі праводзілі сумесна, лічачы, што толькі іх сумесныя дзеянні могуць паўплываць на духаў. Менавіта рэлігія патрабавала захавання маральных нормаў унутры калектыву.

Першыя рэлігійныя ідэі навукоўцы выявілі яшчэ ў неандэртальцаў, пахавальны абрад у якіх сведчыць пра ўжо сфарміраванае ўяўленне аб душы чалавека — нематэрыяльнай субстанцыі, якая, як лічылі неандэртальцы, існуе ў ім пры жыцці.

Даследаванні пацвярджаюць, што ўжо ў неаліце паўсюдна існавалі абрады пакланення продкам. У аснове культу продкаў — ушанаванне памерлых прабацькоў і суродзічаў і вера ў тое, што яны магічна ўдзельнічаюць у жыцці сваіх нашчадкаў. У паселішчах земляробаў памерлых сталі хаваць побач з дамамі іх нашчадкаў, каб атрымліваць ад іх дапамогу. Часам людзі стваралі прымітыўныя выявы продкаў, якія пасля станавіліся часткай рэлігійных рытуалаў роду.

У Ірландыі захавалася пахаванне часоў неаліту. Толькі ў дзень зімовага сонцастаяння сонечнае святло пранікае ў самую глыбіню гэтай пячоры на алтар у гонар памерлых. Такое складанае ўладкаванне пахавання безумоўна сведчыць пра сумяшчэнне культаў продкаў і Сонца.

У перыяд неаліту пачынае фарміравацца палітэізм. З'явілася вера не толькі ў духаў, але і ў багоў, якія кантралявалі, на думку людзей таго часу, цэлыя стыхіі і сферы дзейнасці. У розных пратагарадскіх паселішчах сталі стварацца малюнкі багоў. Упершыню будаваліся цэлыя храмы ў гонар багоў. Храмы Мальты — адны з самых старажытных у свеце, якія захаваліся да нашых дзён. 

У перыяд «неалітычнай рэвалюцыі» адбыўся пераход да вытворчай гаспадаркі, што дало магчымасць стабільна атрымліваць ежу і меней залежаць ад прыроды. Насельніцтва розных рэгіёнаў свету пераходзіла да земляробства і жывёлагадоўлі, што дало магчымасць акультурыць розныя гатункі раслін і прыручыць розныя віды жывёл. Каляндарныя веды адыгралі вялікую ролю ў развіцці земляробства. У першых пратагарадскіх паселішчах былі зробленыя шматлікія адкрыцці ў галіне рамёстваў. Ускладненне жыцця прывяло і да ўскладнення рэлігійных ідэй.