Печатать книгуПечатать книгу

2–1. Неалітычная рэвалюцыя

Ці можна «неалітычную рэвалюцыю» разглядаць як адзін з найважнейшых перыядаў ва ўсёй гісторыі чалавецтва?

Якія існавалі прычыны пераходу да вытворчай гаспадаркі? Якімі былі прычыны ўзнікнення рэлігіі і мастацтва? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: 2–1. Неалітычная рэвалюцыя
Напечатано:: Guest user
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 09:57

1. Сутнасць «неалітычнай рэвалюцыі»

Кліматычныя зрухі справакавалі змены ў жыцці людзей. Каля 11,5 тыс. гадоў таму на Зямлі пачалося рэзкае пацяпленне і ледавік, які займаў велізарную тэрыторыю на поўначы Еўразіі, пачаў хутка адступаць. Услед за ім сталі сыходзіць на поўнач шматлікія статкі буйны́х жывёл, якія з'яўляліся асноўнай ежай у перыяд абледзянення. Частка чалавечых калектываў рушыла за імі, засяляючы новыя землі, у тым ліку і тэрыторыю сучаснай Беларусі, якая вызвалілася з-пад лёду. Чалавецтва асвойвала новыя тэрыторыі ў пошуках найбольш зручных раёнаў для рассялення.

Аднак многія абшчыны не пакінулі сваіх месцаў жыхарства. І цяпер яны вымушаны былі шукаць новыя крыніцы харчавання ў межах сваіх рэгіёнаў. Вынікам стаў пераход да новага тыпу вядзення гаспадаркі.

Каля 10 тыс. гадоў таму на Блізкім Усходзе і ў Месапатаміі пачаўся пераход ад прысвойвальнай гаспадаркі (палявання, рыбалоўства і збіральніцтва) да вытворчай гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі). Гэтыя змены былі настолькі глабальныя для жыцця чалавецтва, што сучасныя вучоныя назвалі гэты працэс «неалітычнай рэвалюцыяй».

Калі чалавек вёў прысвойвальную гаспадарку, ён не мог уплываць на аднаўленне прыродных рэсурсаў. Такім чынам, усё залежала ад прыроды, а чалавек толькі выкарыстоўваў тое, што ўжо існавала. Вядома ж, у яго заўсёды прысутнічала імкненне гарантавана забяспечыць сябе ежай.

У спрыяльным клімаце «ўрадлівага паўмесяца» Блізкага Усходу і Месапатаміі (утварае дугу ад Егіпта да Міжрэчча і гор Ірана цераз Палесціну і Сірыю) удалося арганізаваць вытворчую гаспадарку. Вырошчванне розных культур было больш працаёмкай справай, чым збіральніцтва, аднак земляробства стабільна забяспечвала ўраджай. Калі, вядома, не адбываліся прыродныя катаклізмы, напрыклад, засухі або праліўныя дажджы. Жывёлагадоўля гарантавала запасы мяса.

Пераход да земляробства не адразу палепшыў жыццё людзей. Пры пераходзе ад мяснога рацыёну да расліннага першапачаткова ежы стала менш. Працягласць жыцця складала крыху больш за 30 гадоў. Паступовая напружаная праца земляробаў, вырошчванне ўсё новых сельскагаспадарчых культур далі магчымасць палепшыць умовы жыцця і спрыялі пачатку росту колькасці насельніцтва.

Практычна ўсе віды сучасных культурных раслін былі акультураныя менавіта ў перыяд «неалітычнай рэвалюцыі». На тэрыторыі «ўрадлівага паўмесяца» сталі вырошчваць пшаніцу, ячмень, садовыя культуры; разводзілі коз, авечак, свіней, буйну́ю рагатую жывёлу.

У час «неалітычнай рэвалюцыі» з’явіліся і першыя рамёствы. Вырошчванне лёну дало магчымасць вырабляць лёгкае і зручнае адзенне. Выкарыстанне глінянага посуду дазваляла захоўваць запасы ежы і гатаваць разнастайныя стравы.

Пераход да земляробства садзейнічаў фарміраванню аселага ладу жыцця. З’явіліся вялікія паселішчы з пастаянным жыллём, сховішчамі для сельскагаспадарчых прадуктаў, будынінамі для ўтрымання жывёлы. Квітнеючыя паселішчы земляробаў прыцягвалі ахвотных жыць тут з іншых родаў. На змену радавым абшчынам прыйшлі суседскія абшчыны. Яны складаліся з вялікіх патрыярхальных сем’яў на чале са старэйшынам роду — ​патрыярхам, побач з якім жылі сем’і яго сыноў. Такое ўладкаванне грамадства давала магчымасць найбольш эфектыўна весці вытворчую гаспадарку.

2. Асноўныя цэнтры ранніх земляробчых культур Азіі і Афрыкі

Самым вядомым рэгіёнам акультурвання сельскагаспадарчых раслін і прыручэння жывёл з'яўляецца «ўрадлівы паўмесяц» на Блізкім Усходзе. Першапачаткова акультурванне адбывалася ў раёнах перадгор'яў сучасных Турцыі, Ізраіля, Ірака і Ірана, дзе існавалі спрыяльныя ўмовы для развіцця земляробства. Трохі пазней вырошчванне культурных раслін было асвоена ў Старажытным Егіпце, Месапатаміі, на тэрыторыі сучаснай Туркменіі, на Каўказе, паступова яно распаўсюдзілася ў Еўропе — спачатку на Балканскім паўвостраве, а затым практычна па ўсяму кантыненту.

Аднак «урадлівы паўмесяц» быў не адзіным рэгіёнам, дзе адбывалася акультурванне раслін. Выбітны рускі навуковец М. І. Вавілаў стварыў вучэнне аб цэнтрах паходжання культурных раслін, якія існавалі незалежна адзін ад аднаго ў розных рэгіёнах свету. Усюды былі акультураныя мясцовыя віды і гатункі раслін (напрыклад, розныя гатункі пшаніцы), прыручаныя мясцовыя жывёлы.

Для атрымання і вырошчвання найбольш урадлівых гатункаў раслін людзі пачалі выкарыстоўваць селекцыю — адбіралі самыя пладаносныя і ўстойлівыя расліны.

Іншымі цэнтрамі акультурвання раслін былі Індыйскі, Сярэднеазіяцкі, Кітайскі рэгіёны і рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі. Міжземнаморскі цэнтр першапачаткова зведаў уплыў Блізкага Усходу і яго «ўрадлівага паўмесяца», але пасля тут было асвоена шмат новых раслін.

Адзіным цэнтрам паходжання культурных раслін у Афрыцы стаў Эфыёпскі. Затое ў Амерыцы ўзнікла некалькі значных цэнтраў, перш за ўсё Цэнтральнаамерыканскі і Паўднёваамерыканскі (Андыйскі). Сучасныя даследчыкі вылучаюць таксама Паўночнаамерыканскі цэнтр на паўднёвым усходзе сучасных ЗША.

Усе цэнтры развіваліся самастойна, людзі ў розны час акультурвалі расліны. Менавіта ў гэтых рэгіёнах пасля склалася земляробчае грамадства і пачалі фарміравацца дзяржаўныя ўтварэнні. Дзікая прырода ў рэгіёнах пражывання супольнасцяў земляробаў стала адступаць. Ландшафты, не прыстасаваныя для аселага жыцця чалавека, у ходзе гаспадарчай дзейнасці ператвараліся ў зручныя тэрыторыі, якія пастаянна апрацоўваліся.

3. Першыя пратагарадскія паселішчы

Першыя пратагарадскія паселішчы ўзніклі каля 10—9,5 тыс. гадоў таму на Блізкім Усходзе. Гэта былі Іерыхон, Гёбеклí-Тэпэ́ і Чатал-Хююк. Пратагарадскімі называюць пастаянныя паселішчы, жыхары якіх будавалі хаты і вялі развітую земляробчую і жывёлагадоўчую гаспадарку, паступова асвойвалі рамёствы і гандаль. Пры гэтым насельніцтва гэтых пратагарадоў яшчэ не было сацыяльна падзелена, не мела сацыяльнай структуры або дзяржаўнай арганізацыі. Яго колькасць даходзіла да некалькіх тысяч чалавек. У пару росквіту налічвалася больш за 2 тыс. дамоў. Фарміраванне пратагарадскіх паселішчаў стала вынікам аселага ладу жыцця ў новых умовах вядзення земляробчай гаспадаркі.

Першым пратагорадам цяпер прызнаюць Іерыхон у Палесціне. Ён узнік больш за 10 тыс. гадоў таму і доўгі час з'яўляўся ўнікальным. На пачатковым этапе існавання пратагорада яго жыхары не выкарыстоўвалі кераміку, г. зн. нават не ведалі ганчарства. Такім чынам, яшчэ не былі засвоены ўсе дасягненні «неалітычнай рэвалюцыі». Іерыхон быў абнесены сцяной, магчыма, для абароны ад ворагаў, хоць гэта не было характэрна для пратагарадскіх паселішчаў. Вакол горада размяшчалася земляробчая зона, што апрацоўвалася з выкарыстаннем прымітыўнага арашэння. Жыхары Іерыхона ўжо прыручылі авечак.

 

У пратагарадах, мяркуючы па ўсім, упершыню з'явіліся вырабы з металу. Першым металам, які пачалі апрацоўваць 8 тыс. гадоў назад, была медзь. Яе выплаўлялі ў спецыяльных формах. Гэты метал складана было выкарыстоўваць для цяжкіх работ з прычыны яго мяккасці, затое лёгка было перакаваць ці пераплавіць. Яшчэ праз дзве тысячы гадоў навучыліся рабіць цвёрды сплаў медзі і волава — бронзу.

Менавіта ў такіх пратагарадскіх паселішчах ва «ўрадлівым паўмесяцы» былі асвоены многія дасягненні «неалітычнай рэвалюцыі», а земляробства стала асноўнай крыніцай атрымання ежы.

4. Пачатак выкарыстання календара

Каляндар — гэта сістэма вылічэння часу, заснаваная на перыядычнасці руху нябесных цел: Месяца і Сонца.

Першы каляндар, які пачалі выкарыстоўваць людзі, быў месячным. Месяц кожную ноч трохі змяняе свой выгляд, і гэта лёгка назіраць любому чалавеку. Поўнае змяненне яго фаз займае амаль 30 дзён, і гэта досыць лёгка запомніць ці зазначыць. Знойдзена нямала сведчанняў таго, што людзі рабілі каляндарныя нататкі з адзначэннем руху Месяца яшчэ ў палеаліце. Значыць, ужо тады з'явіліся веды пра месячны календар.

Да гэтай пары пры вылічэнні часу мы выкарыстоўваем такую адзінку, як месяц, які ў сярэднім складаецца з 30 дзён. Узнікла гэтая традыцыя ў вельмі далёкай старажытнасці.

Назіранне за сонцам значна складанейшае, таму што сонечны каляндар трэба весці на працягу 365 дзён. Пры гэтым ужо ў эпоху неаліту людзі ім карысталіся. Яны маглі выкарыстоўваць свае веды для стварэння складаных збудаванняў, якія дазвалялі праводзіць святкаванні летняга і зімовага сонцастаяння.

Доказам выдатнага ведання нашымі продкамі календара з'яўляецца знакаміты Стоўнхендж на поўдні сучаснай Англіі, пабудаваны з велізарных каменных блокаў — мегалітаў. Яго будаўніцтва пачалося каля 5 тыс. гадоў назад і расцягнулася на сотні гадоў. У 1995 г. брытанскі астраном Дункан Сціл прапанаваў гіпотэзу, згодна з якой Стоўнхендж першапачаткова служыў для прадказання касмічных катастроф. Таксама часта сцвярджаюць, што Стоўнхендж выкарыстоўваўся для пахаванняў. Навуковага пацверджання гэтыя тэорыі не атрымалі.

Важнае значэнне каляндарныя веды набылі ў сувязі з развіццём земляробства. Бо земляробу трэба было дакладна ведаць, калі рыхтавацца да пачатку работ, улічваць змены надвор'я на працягу кожнага сезона, напрыклад, каб своечасова збіраць ураджай перад надыходам неспрыяльных умоў. Выкарыстанне календара было неабходным вынікам «неалітычнай рэвалюцыі».

Далейшае развіццё календароў адбывалася ў перыяд станаўлення першых цывілізацый. Дасягненні нашых далёкіх продкаў у каляндарных ведах мы выкарыстоўваем і сёння.

5. З’яўленне мастацтва

У краманьёнцаў пачало зараджацца мастацтва, у тым ліку ўзнікла развітое выяўленчае мастацтва, якое вызначалася вельмі рэалістычнымі формамі. Чалавек перш за ўсё адлюстроўваў жывёл, з якімі пастаянна сутыкаўся на паляванні: бізонаў, аленяў, коней, мамантаў, дзікоў і інш. Вядома больш за 70 старажытных пячор, дзе былі знойдзены малюнкі. Самымі знакамітымі з’яўляюцца роспісы ў пячорах Францыі і Іспаніі, напрыклад, у пячоры Трох братоў у Францыі, пячоры Альтаміра ў Іспаніі.

Сцены і столь пячор спрэс пакрытыя малюнкамі. У іх было цёмна. Лічыцца, што пры святле факелаў тут праводзілі рэлігійныя абрады, а некаторыя выявы мелі магічнае значэнне.

У каменным веку зарадзіўся яшчэ адзін від выяўленчага мастацтва — ​скульптура малых формаў. З каменю, косці, дрэва выраблялі розныя статуэткі. Археолагі знаходзяць шмат фігурак жывёл і птушак на месцах стаянак старажытнага чалавека і ў пахаваннях. Нярэдка на прыладах працы, упрыгажэннях з косці або дрэва надрапваліся выявы звяроў. З’явіўся прымітыўны арнамент. Такім чынам, чалавек не проста вырабляў прылады працы, але і аздабляў іх. Значыць, у яго сфарміраваўся мастацкі густ, дзякуючы якому ён імкнуўся эстэтычна афармляць рэчы, што выкарыстоўваў. Краманьёнец пачаў ставіцца ўважліва і да сваёй знешнасці. Мужчыны і жанчыны насілі розныя ўпрыгажэнні, расфарбоўвалі целы, дэкаравалі адзенне.

Асаблівае месца ў мастацтве краманьёнца займаюць жаночыя статуэткі. Папулярнасцю карысталася выява першага бажаства ў гісторыі чалавецтва — ​багіні-маці, якая, як лічылася, дае ўрадлівасць, спараджае ўсіх жывых істот.

Узнікненне мастацтва сведчыла пра фарміраванне ў чалавека абстрактнага мыслення, а як вынік, творчасці ў самых розных формах. Першабытныя мастакі былі заснавальнікамі многіх відаў выяўленчага мастацтва: жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўнага мастацтва.

6. Развіццё рэлігійных ідэй

Вельмі складана вызначыць час з’яўлення ў першабытнага чалавека абстрактных ідэй, у тым ліку рэлігійных уяўленняў. У гэтым вучоным дапамагаюць археалагічныя знаходкі, у якіх адлюстраваліся першабытныя вераванні.

Першыя сведчанні існавання рэлігіі адносяцца да 300 тыс. гадоў таму. У неандэртальцаў многія рэлігійныя ідэі ўжо дасягнулі даволі высокага ўзроўню развіцця. Напрыклад, быў вельмі пашыраны абрад пахавання памерлых. Абрады сведчаць пра ўзнікненне ўяўлення пра душу і, магчыма, пра яе адраджэнне ў будучых пакаленнях. Таксама неандэртальцам была вядомая «паляўнічая магія» — ​рэлігійныя абрады дзеля забеспячэння ўдалага палявання.

Рэлігія як з’ява духоўнага жыцця грамадства ўзнікла ў выніку дзеяння многіх фактараў. У старажытнасці чалавек не мог растлумачыць з’явы навакольнага свету. Нейкія з іх яго здзіўлялі, іншыя палохалі, трэція радавалі. Ён спрабаваў іх асэнсаваць, але многае не паддавалася тлумачэнню. Напрыклад, не так проста было нават зразумець, як нараджаюцца новыя людзі. А што адбываецца з чалавекам, калі ён памірае? У руху планет чалавек бачыў пастаяннае паўтарэнне, але хто гэта арганізаваў? Імкнучыся растлумачыць тое, што адбываецца ў свеце, чалавек лічыў, што жыццё створана вышэйшымі сіламі. Пры гэтым ён не мог паўплываць на ­навакольнае асяроддзе, паколькі яго магчымасці былі вельмі абмежаваныя. Чалавек цалкам разумеў сваю залежнасць ад прыроды: ад жорсткіх ураганаў, засухі, змены клімату і г. д. Гэта вымушала пакланяцца звышнатуральным сілам і шанаваць іх.

Першай формай рэлігійных вераванняў быў анімізм — ​вера ў існаванне духу, душы ў кожнай жывой істоце, у кожнай рэчы, з’яве прыроды і г. д. Людзі верылі, што духі могуць уплываць на іх жыццё, таму з імі неабходна было «падтрымліваць добрыя адносіны» праз выкананне абрадаў. А ў самім чалавеку, паводле старажытных вераванняў, існавала душа. Бо ён не мог зразумець, што адбываецца ў час яго сну або як працуе яго фантазія.

Рэлігія з’яўлялася важным фактарам сацыяльнай кансалідацыі. Абрады людзі праводзілі сумесна, лічачы, што толькі іх сумесныя дзеянні могуць паўплываць на духаў. Менавіта рэлігія патрабавала захавання маральных нормаў унутры калектыву.

Першыя рэлігійныя ідэі навукоўцы выявілі яшчэ ў неандэртальцаў, пахавальны абрад у якіх сведчыць пра ўжо сфарміраванае ўяўленне аб душы чалавека — нематэрыяльнай субстанцыі, якая, як лічылі неандэртальцы, існуе ў ім пры жыцці.

Даследаванні пацвярджаюць, што ўжо ў неаліце паўсюдна існавалі абрады пакланення продкам. У аснове культу продкаў — ушанаванне памерлых прабацькоў і суродзічаў і вера ў тое, што яны магічна ўдзельнічаюць у жыцці сваіх нашчадкаў. У паселішчах земляробаў памерлых сталі хаваць побач з дамамі іх нашчадкаў, каб атрымліваць ад іх дапамогу. Часам людзі стваралі прымітыўныя выявы продкаў, якія пасля станавіліся часткай рэлігійных рытуалаў роду.

У Ірландыі захавалася пахаванне часоў неаліту. Толькі ў дзень зімовага сонцастаяння сонечнае святло пранікае ў самую глыбіню гэтай пячоры на алтар у гонар памерлых. Такое складанае ўладкаванне пахавання безумоўна сведчыць пра сумяшчэнне культаў продкаў і Сонца.

У перыяд неаліту пачынае фарміравацца палітэізм. З'явілася вера не толькі ў духаў, але і ў багоў, якія кантралявалі, на думку людзей таго часу, цэлыя стыхіі і сферы дзейнасці. У розных пратагарадскіх паселішчах сталі стварацца малюнкі багоў. Упершыню будаваліся цэлыя храмы ў гонар багоў. Храмы Мальты — адны з самых старажытных у свеце, якія захаваліся да нашых дзён. 

У перыяд «неалітычнай рэвалюцыі» адбыўся пераход да вытворчай гаспадаркі, што дало магчымасць стабільна атрымліваць ежу і меней залежаць ад прыроды. Насельніцтва розных рэгіёнаў свету пераходзіла да земляробства і жывёлагадоўлі, што дало магчымасць акультурыць розныя гатункі раслін і прыручыць розныя віды жывёл. Каляндарныя веды адыгралі вялікую ролю ў развіцці земляробства. У першых пратагарадскіх паселішчах былі зробленыя шматлікія адкрыцці ў галіне рамёстваў. Ускладненне жыцця прывяло і да ўскладнення рэлігійных ідэй.

Пытанні

1. Сфармулюйце азначэнне паняцця «неалітычная рэвалюцыя». Растлумачце, чаму гэты працэс называюць рэвалюцыяй і чаму неалітычнай. Як паўплываў на жыццё людзей пераход да земляробства?

2. Што такое «ўрадлівы паўмесяц»? Чаму менавіта там адбылося першапачатковае асваенне сельскагаспадарчых культур? Што паўплывала на гэты працэс?

3. Растлумачце прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі фактамі:

4. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі (у тым ліку карты), упішыце ў табліцу назвы найбольш вядомых стаянак старажытных людзей (не менш за тры), у тым ліку на тэрыторыі Беларусі (калі такія былі).

5. Як вы думаеце, чаму пераход да вытворчай гаспадаркі прывёў да ўзнікнення абмену?

6. Для чаго быў неабходны каляндар у старажытнасці? Ці ёсць адрозненні ў выкарыстанні календара сучаснымі людзьмі і старажытнымі? Якія доказы існавання і выкарыстання календара ў старажытнасці прыведзены ў параграфе?

7. Назавіце адметныя рысы грамадства, якое ўстала на шлях цывілізацыі.

8. Вызначце і растлумачце заканамернасці з'яўлення: а) мастацтва, б) рэлігіі.

9. Як рэлігія ў першабытным грамадстве была звязана з паўсядзённым жыццём чалавека?

10. Ахарактарызуйце наступствы «неалітычнай рэвалюцыі» для развіцця ўсяго чалавецтва. У якіх сферах жыцця грамадства адбыліся змены і як вы можаце ацаніць гэтыя змены?

11. Знайдзіце пацверджанні існавання першых рэлігійных вераванняў у казках народаў свету.