2–1. Неалітычная рэвалюцыя

1. Сутнасць «неалітычнай рэвалюцыі»

Кліматычныя зрухі справакавалі змены ў жыцці людзей. Каля 11,5 тыс. гадоў таму на Зямлі пачалося рэзкае пацяпленне і ледавік, які займаў велізарную тэрыторыю на поўначы Еўразіі, пачаў хутка адступаць. Услед за ім сталі сыходзіць на поўнач шматлікія статкі буйны́х жывёл, якія з'яўляліся асноўнай ежай у перыяд абледзянення. Частка чалавечых калектываў рушыла за імі, засяляючы новыя землі, у тым ліку і тэрыторыю сучаснай Беларусі, якая вызвалілася з-пад лёду. Чалавецтва асвойвала новыя тэрыторыі ў пошуках найбольш зручных раёнаў для рассялення.

Аднак многія абшчыны не пакінулі сваіх месцаў жыхарства. І цяпер яны вымушаны былі шукаць новыя крыніцы харчавання ў межах сваіх рэгіёнаў. Вынікам стаў пераход да новага тыпу вядзення гаспадаркі.

Каля 10 тыс. гадоў таму на Блізкім Усходзе і ў Месапатаміі пачаўся пераход ад прысвойвальнай гаспадаркі (палявання, рыбалоўства і збіральніцтва) да вытворчай гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі). Гэтыя змены былі настолькі глабальныя для жыцця чалавецтва, што сучасныя вучоныя назвалі гэты працэс «неалітычнай рэвалюцыяй».

Калі чалавек вёў прысвойвальную гаспадарку, ён не мог уплываць на аднаўленне прыродных рэсурсаў. Такім чынам, усё залежала ад прыроды, а чалавек толькі выкарыстоўваў тое, што ўжо існавала. Вядома ж, у яго заўсёды прысутнічала імкненне гарантавана забяспечыць сябе ежай.

У спрыяльным клімаце «ўрадлівага паўмесяца» Блізкага Усходу і Месапатаміі (утварае дугу ад Егіпта да Міжрэчча і гор Ірана цераз Палесціну і Сірыю) удалося арганізаваць вытворчую гаспадарку. Вырошчванне розных культур было больш працаёмкай справай, чым збіральніцтва, аднак земляробства стабільна забяспечвала ўраджай. Калі, вядома, не адбываліся прыродныя катаклізмы, напрыклад, засухі або праліўныя дажджы. Жывёлагадоўля гарантавала запасы мяса.

Пераход да земляробства не адразу палепшыў жыццё людзей. Пры пераходзе ад мяснога рацыёну да расліннага першапачаткова ежы стала менш. Працягласць жыцця складала крыху больш за 30 гадоў. Паступовая напружаная праца земляробаў, вырошчванне ўсё новых сельскагаспадарчых культур далі магчымасць палепшыць умовы жыцця і спрыялі пачатку росту колькасці насельніцтва.

Практычна ўсе віды сучасных культурных раслін былі акультураныя менавіта ў перыяд «неалітычнай рэвалюцыі». На тэрыторыі «ўрадлівага паўмесяца» сталі вырошчваць пшаніцу, ячмень, садовыя культуры; разводзілі коз, авечак, свіней, буйну́ю рагатую жывёлу.

У час «неалітычнай рэвалюцыі» з’явіліся і першыя рамёствы. Вырошчванне лёну дало магчымасць вырабляць лёгкае і зручнае адзенне. Выкарыстанне глінянага посуду дазваляла захоўваць запасы ежы і гатаваць разнастайныя стравы.

Пераход да земляробства садзейнічаў фарміраванню аселага ладу жыцця. З’явіліся вялікія паселішчы з пастаянным жыллём, сховішчамі для сельскагаспадарчых прадуктаў, будынінамі для ўтрымання жывёлы. Квітнеючыя паселішчы земляробаў прыцягвалі ахвотных жыць тут з іншых родаў. На змену радавым абшчынам прыйшлі суседскія абшчыны. Яны складаліся з вялікіх патрыярхальных сем’яў на чале са старэйшынам роду — ​патрыярхам, побач з якім жылі сем’і яго сыноў. Такое ўладкаванне грамадства давала магчымасць найбольш эфектыўна весці вытворчую гаспадарку.