2–1. Неалітычная рэвалюцыя

5. З’яўленне мастацтва

У краманьёнцаў пачало зараджацца мастацтва, у тым ліку ўзнікла развітое выяўленчае мастацтва, якое вызначалася вельмі рэалістычнымі формамі. Чалавек перш за ўсё адлюстроўваў жывёл, з якімі пастаянна сутыкаўся на паляванні: бізонаў, аленяў, коней, мамантаў, дзікоў і інш. Вядома больш за 70 старажытных пячор, дзе былі знойдзены малюнкі. Самымі знакамітымі з’яўляюцца роспісы ў пячорах Францыі і Іспаніі, напрыклад, у пячоры Трох братоў у Францыі, пячоры Альтаміра ў Іспаніі.

Сцены і столь пячор спрэс пакрытыя малюнкамі. У іх было цёмна. Лічыцца, што пры святле факелаў тут праводзілі рэлігійныя абрады, а некаторыя выявы мелі магічнае значэнне.

У каменным веку зарадзіўся яшчэ адзін від выяўленчага мастацтва — ​скульптура малых формаў. З каменю, косці, дрэва выраблялі розныя статуэткі. Археолагі знаходзяць шмат фігурак жывёл і птушак на месцах стаянак старажытнага чалавека і ў пахаваннях. Нярэдка на прыладах працы, упрыгажэннях з косці або дрэва надрапваліся выявы звяроў. З’явіўся прымітыўны арнамент. Такім чынам, чалавек не проста вырабляў прылады працы, але і аздабляў іх. Значыць, у яго сфарміраваўся мастацкі густ, дзякуючы якому ён імкнуўся эстэтычна афармляць рэчы, што выкарыстоўваў. Краманьёнец пачаў ставіцца ўважліва і да сваёй знешнасці. Мужчыны і жанчыны насілі розныя ўпрыгажэнні, расфарбоўвалі целы, дэкаравалі адзенне.

Асаблівае месца ў мастацтве краманьёнца займаюць жаночыя статуэткі. Папулярнасцю карысталася выява першага бажаства ў гісторыі чалавецтва — ​багіні-маці, якая, як лічылася, дае ўрадлівасць, спараджае ўсіх жывых істот.

Узнікненне мастацтва сведчыла пра фарміраванне ў чалавека абстрактнага мыслення, а як вынік, творчасці ў самых розных формах. Першабытныя мастакі былі заснавальнікамі многіх відаў выяўленчага мастацтва: жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўнага мастацтва.