2–1. Неалітычная рэвалюцыя

2. Асноўныя цэнтры ранніх земляробчых культур Азіі і Афрыкі

Самым вядомым рэгіёнам акультурвання сельскагаспадарчых раслін і прыручэння жывёл з'яўляецца «ўрадлівы паўмесяц» на Блізкім Усходзе. Першапачаткова акультурванне адбывалася ў раёнах перадгор'яў сучасных Турцыі, Ізраіля, Ірака і Ірана, дзе існавалі спрыяльныя ўмовы для развіцця земляробства. Трохі пазней вырошчванне культурных раслін было асвоена ў Старажытным Егіпце, Месапатаміі, на тэрыторыі сучаснай Туркменіі, на Каўказе, паступова яно распаўсюдзілася ў Еўропе — спачатку на Балканскім паўвостраве, а затым практычна па ўсяму кантыненту.

Аднак «урадлівы паўмесяц» быў не адзіным рэгіёнам, дзе адбывалася акультурванне раслін. Выбітны рускі навуковец М. І. Вавілаў стварыў вучэнне аб цэнтрах паходжання культурных раслін, якія існавалі незалежна адзін ад аднаго ў розных рэгіёнах свету. Усюды былі акультураныя мясцовыя віды і гатункі раслін (напрыклад, розныя гатункі пшаніцы), прыручаныя мясцовыя жывёлы.

Для атрымання і вырошчвання найбольш урадлівых гатункаў раслін людзі пачалі выкарыстоўваць селекцыю — адбіралі самыя пладаносныя і ўстойлівыя расліны.

Іншымі цэнтрамі акультурвання раслін былі Індыйскі, Сярэднеазіяцкі, Кітайскі рэгіёны і рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі. Міжземнаморскі цэнтр першапачаткова зведаў уплыў Блізкага Усходу і яго «ўрадлівага паўмесяца», але пасля тут было асвоена шмат новых раслін.

Адзіным цэнтрам паходжання культурных раслін у Афрыцы стаў Эфыёпскі. Затое ў Амерыцы ўзнікла некалькі значных цэнтраў, перш за ўсё Цэнтральнаамерыканскі і Паўднёваамерыканскі (Андыйскі). Сучасныя даследчыкі вылучаюць таксама Паўночнаамерыканскі цэнтр на паўднёвым усходзе сучасных ЗША.

Усе цэнтры развіваліся самастойна, людзі ў розны час акультурвалі расліны. Менавіта ў гэтых рэгіёнах пасля склалася земляробчае грамадства і пачалі фарміравацца дзяржаўныя ўтварэнні. Дзікая прырода ў рэгіёнах пражывання супольнасцяў земляробаў стала адступаць. Ландшафты, не прыстасаваныя для аселага жыцця чалавека, у ходзе гаспадарчай дзейнасці ператвараліся ў зручныя тэрыторыі, якія пастаянна апрацоўваліся.