§ 3. Заканамернасці ўздзеяння фактараў асяроддзя на арганізм. Межы трываласці (талерантнасці)

* Паняцце пра стэнабіёнтаў і эўрыбіёнтаў

Ва ўсіх відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі выпрацавалася здольнасць успрымаць сілу ўздзеяння фактараў асяроддзя ў тых межах, якія спрыяльна ўплываюць на іх жыццядзейнасць. Віды, якія доўга жылі ў адносна стабільных умовах асяроддзя, страцілі здольнасць вытрымліваць значныя адхіленні фактараў ад іх аптымальных значэнняў. У той жа час віды, якія былі схільныя да  істотных ваганняў фактараў, сталі трывалымі ў адносінах да зменлівых умоў асяроддзя. Прыроджаная ўласцівасць відаў прыстасоўвацца да пэўнага дыяпазону змянення фактараў асяроддзя называецца экалагічнай пластычнасцю або экалагічнай валентнасцю. Экалагічная валентнасць віду шырэйшая за экалагічную валентнасць асобнай асобіны. У дарослага арганізма яна шырэйшая, чым у маладога.

У залежнасці ад экалагічнай пластычнасці ў арганізмаў маюцца розныя межы трываласці да розных экалагічных фактараў. Менавіта таму адны віды жывуць у вельмі зменлівых умовах асяроддзя, а іншым для жыцця патрабуецца адноснае пастаянства гэтых умоў. У сувязі з гэтым перасяленне з аднаго асяроддзя пражывання ў іншае для адных відаў завяршаецца паспяхова, а для іншых заканчваецца гібеллю.

У залежнасці ад меж трываласці віды падзяляюць на дзве групы: стэнабіёнты і эўрыбіёнты. Стэнабіёнты (ад грэч. stenós — вузкі) — віды арганізмаў, якія маюць вузкія межы трываласці. Яны здольныя існаваць на абмежаваных тэрыторыях з адносна пастаяннымі ўмовамі асяроддзя. Такім чынам, стэнабіёнты малавынослівыя ў адносінах да зменлівых умоў асяроддзя. Іх прадстаўнікамі з’яўляюцца тыповыя жыхары мораў і прэсных вадаёмаў. Напрыклад, камбала жыве толькі ў салёнай, а карась — толькі ў прэснай вадзе. Да стэнабіёнтаў таксама належаць шмат якія жывёлы акіянічных глыбінь (скаты), жыхары вільготных трапічных лясоў (калібры), высакагорных раёнаў, пячор, ізаляванага кантынента Аўстралія (каала, яхідна, качканос). Стэнабіёнтнасць абмяжоўвае магчымасць рассялення і абумоўлівае лакальнае распаўсюджванне відаў.

Эўрыбіёнты (ад грэч. eurýs — шырокі) — віды арганізмаў, якія маюць шырокія межы трываласці. Яны могуць засяляць вялікія тэрыторыі і вытрымліваць значныя ваганні фактараў навакольнага асяроддзя. Эўрыбіёнты характарызуюцца здольнасцю лёгка прыстасоўвацца да вельмі зменлівых умоў асяроддзя, таму шырока распаўсюджаны па ўсёй планеце. Тыповым прадстаўніком эўрыбіёнтаў з’яўляецца колюшка, якая можа жыць як у прэсных, так і ў салёных водах. Сярод раслін да эўрыбіёнтаў належаць яліна, сасна, бяроза, шмат якое пустазелле (пырнік, дзьмухавец). З жывёльнага царства — сабакі, пацукі, мышы, вераб’і, сініцы, галубы.

!  Гэта цікава

Рыбы, якія жывуць у вадаёмах пустынь, пераносяць перапады тэмпературы ад +10 да +40 °C. Яны з’яўляюцца эўрыбіёнтамі ў параўнанні з антарктычнымі рыбамі, якія пераносяць дыяпазон тэмператур усяго 4 °C (ад –2 да +2 °C). Эладэя канадская і сумнік канадскі з’яўляюцца эўрыбіёнтамі па тэмпературным фактары, у выніку чаго яны шырока распаўсюдзіліся па тэрыторыі Беларусі. У той жа час ручаёвая фарэль — стэнабіёнт у адносінах да тэмпературы і канцэнтрацыі кіслароду. Яна не вытрымлівае прыметнага вагання значэнняў гэтых фактараў, таму можа жыць толькі ў пэўных вадаёмах. 

З разнастайнасцю стэнабіёнтаў і эўрыбіёнтаў у адносінах да асобных экалагічных фактараў (святло, вільготнасць, тэмпература) вы пазнаёміцеся ў наступных параграфах дадзенага раздзела, дзе разглядаюцца прыстасаванні арганізмаў да гэтых фактараў.

Паўторым галоўнае. Усе віды жывых арганізмаў у адносінах да розных экалагічных фактараў маюць пэўныя межы трываласці (талерантнасці). Гэтыя межы абмежаваны экалагічным мінімумам і экалагічным максімумам. У межах талерантнасці вылучаюць зоны оптымуму, нармальнай жыццядзейнасці і песімуму. У залежнасці ад меж талерантнасці арганізмы падзяляюць на стэнабіёнтаў, якія маюць вузкія межы трываласці, і эўрыбіёнтаў — з шырокімі межамі трываласці.