§ 3. Заканамернасці ўздзеяння фактараў асяроддзя на арганізм. Межы трываласці (талерантнасці)

*Межы трываласці (талерантнасці) і зоны ўздзеяння экалагічнага фактару

Чалавек, назіраючы за жыццём арганізмаў у прыродзе, доўгі час не мог атрымаць адказы на шэраг пытанняў, якія цікавілі яго. Чаму перасяленне з аднаго асяроддзя пражывання ў іншае для адных відаў завяршаецца паспяхова, а для іншых  — не? Чаму адны віды могуць жыць у вельмі зменлівых умовах асяроддзя, а іншым для жыцця патрабуецца адноснае пастаянства гэтых умоў?

Растлумачыць дадзеныя асаблівасці ўзаемадзеяння арганізмаў з асяроддзем пражывання стала магчыма пасля з’яўлення навукі экалогіі. Экалагічныя веды дазволілі ўстанавіць залежнасць жыццядзейнасці арганізмаў ад сілы ўздзеяння экалагічных фактараў. Любая рэакцыя арганізма ў адказ на дзеянне фактару асяроддзя ў канчатковым выніку адлюстроўваецца на яго жыццядзейнасці. Яна залежыць не толькі ад прыроды фактару, але і ад сілы і працягласці яго ўздзеяння на арганізм, гэта значыць ад дозы фактару.

Нягледзячы на разнастайнасць экалагічных фактараў, быў выяўлены шэраг агульных заканамернасцей у рэакцыях жывых арганізмаў, атрыманых у адказ. Тэарэтычна залежнасць жыццядзейнасці арганізма (яго рэакцыі ў адказ) ад сілы ўздзеяння фактару ў агульным выглядзе можна паказаць купалападобнай крывой. У рэальнай сітуацыі гэта крывая, як правіла, не бывае ідэальна сіметрычнай. Як бачна з графіка, арганізм праяўляе жыццядзейнасць не пры любой сіле ўздзеяння фактару, а ў пэўным дыяпазоне. Гэты дыяпазон абмежаваны мінімальным і максімальным значэннямі сілы ўздзеяння фактару, якія можа перанесці арганізм. Мінімальнае значэнне сілы ўздзеяння фактару, пры якім пачынаецца праяўленне жыццядзейнасці арганізма, называецца экалагічным мінімумам або ніжняй мяжой трываласці. А максімальнае значэнне, пры якім жыццядзейнасць арганізма спыняецца, — экалагічным максімумам або верхняй мяжой трываласці. Розныя віды могуць істотна адрознівацца па гэтых значэннях. У зоне ўмеранага клімату экалагічны мінімум па тэмпературы для дрэвавых раслін ляжыць у вобласці адмоўных тэмператур. Для травяністых раслін (пырнік паўзучы, цімафееўка лугавая, стрэлкі) ён крыху вышэйшы за 0 °C, а для некаторых культурных раслін (агуркі, таматы) ён не ніжэйшы за +10 °C. Такім чынам, для кожнага віду характэрны свае межы трываласці.

Межы трываласці, або талерантнасці (ад лац. tolerantia — цярпенне, трываласць), — дыяпазон сілы ўздзеяння фактару, у якім магчыма жыццядзейнасць арганізма.

Калі сіла ўздзеяння фактару выходзіць за гэтыя межы, то жыццё арганізма ў дадзеным асяроддзі становіцца немагчымым, і ён гіне. У межах трываласці жыццядзейнасць арганізма моцна вар’іруецца ў залежнасці ад ступені выяўленасці фактару. Але можна вылучыць тры зоны ўздзеяння фактару, у якіх арганізм у адказ выяўляе характэрную рэакцыю:

1) зона песімуму (ад лац. pessimum — прычыняць шкоду), або зона прыгнечання, — гэта дыяпазоны (іх два) сілы ўздзеяння фактару, у межах якіх жыццядзейнасць арганізма зніжана. Пры такой сіле ўздзеяння фактару немагчымы яго рост і развіццё, але захоўваецца магчымасць для існавання;

2) зона нармальнай жыццядзейнасці, або зона нормы, — дыяпазоны (іх два) сілы ўздзеяння фактару, у межах якіх назіраюцца рост і развіццё арганізма. Аднак дадзеная сіла ўздзеяння фактару неспрыяльная для яго размнажэння;

3) зона оптымуму (ад лац. optimum — найлепшы) — дыяпазон сілы ўздзеяння фактару, у межах якога арганізм праяўляе максімальную жыццядзейнасць. Пры такой сіле ўздзеяння фактару назіраюцца рост, развіццё і размнажэнне арганізма.

Для некаторых відаў арганізмаў у зоне оптымуму можна вылучыць пэўнае значэнне сілы фактару, найбольш спрыяльнае для жыццядзейнасці. Яго называюць экалагічным оптымумам. Аднак часцей за ўсё найлепшыя паказчыкі жыццядзейнасці назіраюцца ў пэўным дыяпазоне сілы ўздзеяння фактару, гэта значыць у зоне оптымуму.

Такім чынам, заканамернасцямі ўздзеяння фактараў асяроддзя на арганізм з’яўляюцца: экалагічны мінімум, экалагічны максімум, межы трываласці. У межах трываласці можна вылучыць зоны песімуму, нармальнай жыццядзейнасці і оптымуму.