§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Асноўныя тканкі

Асноўныя тканкі (парэнхіма) у органах расліны запаўняюць прастору паміж іншымі тканкамі і могуць выконваць розныя функцыі ў залежнасці ад асаблівасцей будовы. Парэнхіма складаецца з буйных, рыхла размешчаных клетак. У сувязі з выконваемымі функцыямі вылучаюць наступныя віды парэнхімы: асіміляцыйную (хларэнхіму), запасаючую, паветраносную (аэрэнхіму), ваданосную.

Асіміляцыйная парэнхіма змяшчае хларапласты і выконвае функцыю фотасінтэзу. Яна маецца ва ўсіх зялёных частках раслін. Запасаючая парэнхіма складаецца з буйных танкасценных жывых клетак, у якіх назапашваюцца пажыўныя рэчывы: крухмальнае (бульба) ці бялковае (пшаніца) зерне, кроплі тлушчу (сланечнік). Яна добра развіта ў пладах, насенні і запасаючых органах. У паветраноснай парэнхіме (аэрэнхіме) маюцца вялікія міжклетнікі (поласці), у якіх запасіцца паветра, што ўдзельнічае ў газаабмене і забяспечвае плывучасць раслін. Аэрэнхіма змяшчаецца ва ўсіх органах водных раслін, у дыхальных каранях балотных раслін. Ваданосная парэнхіма збірае ў міжклетніках запас вады і добра развіта ў лістах і сцёблах раслін засушлівых месцаў.

Паўторым галоўнае. У наземных раслін маюцца ўтваральныя (мерыстэмы), покрыўныя, праводзячыя, механічныя і асноўныя (парэнхіма) тканкі. Утваральныя тканкі забяспечваюць рост расліны за кошт фарміравання ўсіх астатніх тканак. Покрыўныя тканкі размешчаны на паверхні органаў расліны і выконваюць ахоўную функцыю. У маладых і травяністых раслін гэта эпідэрміс (скурка). У дрэвавых раслін ён замяняецца перыдэрмай (коркам), а да старасці фарміруецца корка. Да праводзячых тканак належаць ксілема і флаэма, што складаюцца з праводзячых элементаў і клетак асноўнай і механічнай тканак. Іх функцыя — транспарт вады, мінеральных і арганічных рэчываў у расліне. Механічную функцыю выконваюць калянхіма — жывая тканка — і склеранхіма (драўняныя і лубяныя валокны, склерэіды) — мёртвая тканка. Да асноўных тканак належаць асіміляцыйная, запасаючая, паветраносная, ваданосная парэнхіма.