§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін
- Успомніце, якія тканкі характэрны для раслін.
- Як вы думаеце? Што паслужыла прычынай утварэння тканак у раслін?
- Вы даведаецеся пра асаблівасці будовы і функцыі ўтваральных, покрыўных, механічных, праводзячых і асноўных тканак раслін.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 18:08 |
Разнастайнасць тканак
Для клетак раслін характэрна наяўнасць некаторых спецыфічных асаблівасцей будовы. Так, у адрозненне ад клетак жывёл яны маюць клетачную сценку, якая складаецца з цэлюлозы, змяшчаюць вакуолі і хларапласты. Запасным пажыўным рэчывам у клетках раслін з’яўляецца крухмал. Дыферэнцыяцыя цела на тканкі і органы ў раслін з’явілася вынікам іх прыстасавання да наземных умоў асяроддзя. Тканка — сукупнасць клетак і міжклетачнага рэчыва, падобных па паходжанні, будове і выконваемых функцыях. Пасля выхаду на сушу ў раслін у залежнасці ад выконваемай функцыі сфарміраваліся наступныя віды тканак: утваральныя (мерыстэмы), покрыўныя, праводзячыя, механічныя і асноўныя (парэнхімы). Паводле будовы тканкі бываюць простыя і складаныя. Простыя тканкі складаюцца з аднаго тыпу клетак, а складаныя ўключаюць клеткі розных тыпаў. Агульная характарыстыка тканак раслін прыведзена ў табліцы.
Табліца. Агульная характарыстыка будовы, месцазнаходжання і функцый тканак раслін
Назва тканак |
Асаблівасці будовы |
Месцазнаходжанне ў расліне |
Функцыі |
Утваральныя:
|
|
|
Утвараюць усе пастаянныя тканкі і забяспечваюць рост расліны ў вышыню і таўшчыню на працягу ўсяго жыцця |
Покрыўныя:
|
Жывыя (эпідэрміс) ці мёртвыя (перыдэрма, корка) клеткі з тоўстымі сценкамі, шчыльна прылягаюць адна да адной, утвараючы адзін ці некалькі пластоў. Жывыя клеткі звонку пакрыты васковым налётам ці кутыкулай |
На паверхні ўсіх органаў (сцябла, кораня, ліста, кветкі, плода і насення) |
Ахоўваюць унутраныя тканкі расліны ад уздзеяння знешніх фактараў, рэгулююць яго водны і газавы абмен з асяроддзем |
Праводзячыя:
|
Складаныя тканкі.
|
Ва ўсіх органах расліны |
Забяспечваюць транспарт у арганізме:
|
Механічныя:
|
|
Ва ўсіх органах расліны (найбольш развіты ў сцябле, у корані займаюць цэнтральнае становішча) |
Надаюць трываласць і пругкасць усім органам расліны і забяспечваюць іх арыентацыю ў прасторы |
Асноўныя (парэнхіма):
|
Буйныя, круглыя ці авальныя, рыхла размешчаныя клеткі, паміж якімі маюцца міжклетнікі |
Ва ўсіх органах расліны (найбольш развіты ў пладах, насенні і запасаючых органах) |
Функцыя залежыць ад асаблівасцей будовы і месца размяшчэння тканкі:
|
Далей разгледзім больш падрабязна характарыстыку вышэйназваных тканак.
Утваральныя тканкі
Утваральныя тканкі (мерыстэмы) па паходжанні бываюць першасныя і другасныя. Тканка зародка, якая захавалася ў дарослай расліны, называецца першаснай мерыстэмай, а ўтваральная тканка, што з’явілася на працягу жыцця расліны, — другаснай мерыстэмай. Першасныя мерыстэмы знаходзяцца на верхавіне сцябла (конус нарастання), на кончыку кораня (зона дзялення), у вузлах злакавых (уставачная мерыстэма), у сцябле і корані (пракамбій, перыцыкл). Да другасных мерыстэм належаць камбій, коркавы камбій (фелаген). Другасныя мерыстэмы маюцца ў голанасенных і двухдольных пакрытанасенных раслін.
Паводле размяшчэння ў органах расліны мерыстэмы падзяляюць на верхавінкавыя (апікальныя), бакавыя (латэральныя) і ўставачныя (інтэркалярныя). Да верхавінкавых мерыстэм належаць зона дзялення кораня і конус нарастання сцябла. За кошт іх адбываецца рост кораня і сцябла ў даўжыню.
Да бакавых мерыстэм належаць камбій, коркавы камбій (фелаген), перыцыкл.
Камбій фарміруе другасныя праводзячыя тканкі, за кошт чаго адбываецца рост сцябла і кораня ў таўшчыню.
Коркавы камбій закладаецца пад эпідэрмісам на сцябле і ў верхняй частцы кораня ў дрэвавых раслін у выглядзе аднаго пласта клетак і фарміруе покрыўныя тканкі — перыдэрму (корак) і корку.
Перыцыкл прадстаўлены адным (радзей некалькімі) пластом клетак, якія акружаюць праводзячыя тканкі (цэнтральны цыліндр) кораня. У ім закладаюцца бакавыя і прыдатачныя карані. У травяністых раслін перыцыкл у маладых сцёблах можа фарміраваць механічныя тканкі (склеранхіму), выдзяляльныя структуры (млечныя або смаляныя хады).
Уставачная мерыстэма забяспечвае ўставачны рост сцябла злакавых у даўжыню.
Покрыўныя тканкі
Покрыўныя тканкі ўзніклі пры выхадзе раслін на сушу. У дрэвавых раслін з узростам яны змяняюцца ў такой паслядоўнасці:
эпідэрміс (скурка) → перыдэрма → корка.
Эпідэрміс (скурка) — першасная покрыўная тканка, якая складаецца з аднаго пласта жывых клетак, якія не маюць хларапластаў. Эпідэрміс пакрывае ўсе органы праросткаў і травяністых раслін. У шматгадовых дрэвавых раслін эпідэрміс пакрывае лісты, маладыя парасткі і корань, за выключэннем зоны правядзення. Транспірацыя і газаабмен праз эпідэрміс адбываюцца з дапамогай вусцейкаў. Кожнае вусцейка складаецца з дзвюх бобападобных клетак (замыкальныя клеткі), якія змяшчаюць хларапласты. Паміж клеткамі маецца вусцейкавая шчыліна, якая можа адкрывацца ці закрывацца ў залежнасці ад забяспечанасці расліны вільгаццю. На каранях у зоне ўсмоктвання вонкавыя абалонкі клетак эпідэрмісу ўтвараюць вырасты — каранёвыя валаскі, якія забяспечваюць усмоктванне вады і мінеральных рэчываў. Эпідэрміс з каранёвымі валаскамі называецца рызадэрмай (эпіблемай).
Да восені эпідэрміс на сцёблах маладых парасткаў у голанасенных і дрэвавых пакрытанасенных замяняецца другаснай покрыўнай тканкай — перыдэрмай. Яна фарміруецца за кошт коркавага камбію (фелагену), які закладаецца пад эпідэрмісам у выглядзе аднаго пласта клетак. Клеткі фелагену дзеляцца ў падоўжным напрамку і звонку ўтвараюць шматслойную мёртвую тканку — корак, а ўнутр адкладаюць клеткі, якія фарміруюць феладэрму. Фелаген, феладэрма і корак у сукупнасці складаюць перыдэрму. Газаабмен і транспірацыя праз перыдэрму адбываюцца з дапамогай чачавічак — разрываў у корку, запоўненых рыхла размешчанымі клеткамі парэнхімы. На каранях дрэвавых раслін у зоне правядзення эпідэрміс таксама замяняецца перыдэрмай.
На сцёблах старых дрэвавых раслін у выніку неаднаразовай больш глыбокай закладкі коркавага камбію ў парэнхіме кары фарміруецца некалькі пластоў перыдэрмы. Ізаляваныя паміж пластамі перыдэрмы клеткі парэнхімы кары адміраюць, і ўтвараецца складаная шматслойная мёртвая тканка — корка. Корка не можа расцягвацца, і пры росце сцябла ў таўшчыню ў ёй утвараюцца глыбокія расколіны, праз якія адбываецца газаабмен і транспірацыя.
Праводзячыя тканкі
Праводзячыя тканкі належаць да складаных тканак, бо складаюцца з некалькіх відаў клетак. У залежнасці ад асаблівасцей будовы і выконваемай функцыі адрозніваюць два віды праводзячых тканак — гэта ксілема і флаэма. У дрэвавых раслін ксілему яшчэ называюць драўнінай, а флаэму — лубам.
Ксілема забяспечвае транспарт вады і мінеральных рэчываў з кораня да ўсіх органаў расліны (узыходны ток) з дапамогай праводзячых элементаў. У мохападобных праводзячыя элементы адсутнічаюць, іх функцыю выконваюць спецыялізаваныя клеткі сцябла. У дзеразападобных, хвошчападобных, папарацепадобных і голанасенных праводзячыя элементы прадстаўлены трахеідамі — падоўжанымі і коса завостранымі з двух бакоў клеткамі, сценкі якіх пранізаны порамі. Яны размяшчаюцца адны над аднымі і забяспечваюць адносна павольны транспарт вады і мінеральных рэчываў. Праводзячыя элементы ксілемы ў пакрытанасенных раслін прадстаўлены пераважна сасудамі (трахеямі). Сасуды складаюцца з цыліндрычных клетак, якія не маюць папярочных перагародак. Яны размешчаны адна над адной і ўтвараюць скразны канал, які забяспечвае хуткае цячэнне вады і мінеральных рэчываў. Сценкі сасудаў і трахеід адраўнелі і дадаткова надаюць органам трываласць. Ксілема ўключае не толькі праводзячыя элементы, але і механічную тканку (драўняныя валокны — склеранхіму), якая ажыццяўляе апорную функцыю і запасаючую тканку — драўняную парэнхіму.
Флаэма забяспечвае транспарт арганічных рэчываў з лістоў да ўсіх органаў расліны (сыходны ток). У найбольшай ступені арганічныя рэчывы адцякаюць да насення, пладоў і запасаючых органаў. Праводзячымі элементамі флаэмы з’яўляюцца сітападобныя трубкі, якія складаюцца з жывых клетак, размешчаных адна над адной. У гэтых клетках маецца цытаплазма, але адсутнічае ядро. Цытаплазмы суседніх клетак звязваюцца адна з адной праз асаблівыя дробныя адтуліны ў папярочных сценках, якія нагадваюць сіта (сітападобныя пласцінкі). У пакрытанасенных побач з сітападобнымі трубкамі размяшчаюцца клеткі-спадарожніцы, якія маюць ядры і выконваюць дапаможныя функцыі. У склад флаэмы, як і ў склад ксілемы, акрамя праводзячых элементаў, уваходзіць механічная тканка (лубяныя валокны — склеранхіма) і запасаючая тканка — лубяная парэнхіма.
Праводзячыя элементы ксілемы і флаэмы ў сукупнасці з лубянымі валокнамі і лубяной парэнхімай фарміруюць сасудзіста-валакністыя праводзячыя пучкі, якія пранікаюць ва ўсе органы расліны. У лістах іх называюць жылкамі.
Механічныя тканкі
Механічныя тканкі ў расліне ўтвараюць свайго роду «ўнутраны шкілет», які падтрымлівае ўсе астатнія тканкі і перашкаджае іх залому ці разрыву. Вылучаюць два віды механічных тканак: калянхіма і склеранхіма. Калянхіма прадстаўлена ў органах маладой расліны і надае ім пругкасць. У дарослых раслін яна захоўваецца толькі ў хвосціках лістоў і забяспечвае іх арыентацыю ў прасторы ў адносінах да сонца. Калянхіма складаецца з жывых клетак з нераўнамерна патоўшчанымі абалонкамі, якія змяшчаюць пекцінавыя рэчывы, здольныя набракаць за кошт паглынання вады. З часам калянхіма замяняецца склеранхімай.
Склеранхіма ўтворана двума відамі мёртвых клетак: валокнамі (драўнянымі і лубянымі) і склерэідамі (камяністымі клеткамі). Валокны прадстаўлены доўгімі клеткамі з завостранымі канцамі, сценкі якіх насычаны лігнінам. Драўняныя валокны ўваходзяць у склад ксілемы ў пакрытанасенных і надаюць раслінам трываласць. У астатніх раслін яны адсутнічаюць, і іх функцыю выконваюць трахеіды. Лубяныя валокны ўваходзяць у склад флаэмы і надаюць раслінам пругкасць. Сценкі склерэід насычаны крэменязёмам. Такія клеткі сустракаюцца ў шкарлупіне арэхаў, у костачках (вішня, сліва, абрыкос) ці ў мякаці некаторых пладоў.
Асноўныя тканкі
Асноўныя тканкі (парэнхіма) у органах расліны запаўняюць прастору паміж іншымі тканкамі і могуць выконваць розныя функцыі ў залежнасці ад асаблівасцей будовы. Парэнхіма складаецца з буйных, рыхла размешчаных клетак. У сувязі з выконваемымі функцыямі вылучаюць наступныя віды парэнхімы: асіміляцыйную (хларэнхіму), запасаючую, паветраносную (аэрэнхіму), ваданосную.
Асіміляцыйная парэнхіма змяшчае хларапласты і выконвае функцыю фотасінтэзу. Яна маецца ва ўсіх зялёных частках раслін. Запасаючая парэнхіма складаецца з буйных танкасценных жывых клетак, у якіх назапашваюцца пажыўныя рэчывы: крухмальнае (бульба) ці бялковае (пшаніца) зерне, кроплі тлушчу (сланечнік). Яна добра развіта ў пладах, насенні і запасаючых органах. У паветраноснай парэнхіме (аэрэнхіме) маюцца вялікія міжклетнікі (поласці), у якіх запасіцца паветра, што ўдзельнічае ў газаабмене і забяспечвае плывучасць раслін. Аэрэнхіма змяшчаецца ва ўсіх органах водных раслін, у дыхальных каранях балотных раслін. Ваданосная парэнхіма збірае ў міжклетніках запас вады і добра развіта ў лістах і сцёблах раслін засушлівых месцаў.
Паўторым галоўнае. У наземных раслін маюцца ўтваральныя (мерыстэмы), покрыўныя, праводзячыя, механічныя і асноўныя (парэнхіма) тканкі. Утваральныя тканкі забяспечваюць рост расліны за кошт фарміравання ўсіх астатніх тканак. Покрыўныя тканкі размешчаны на паверхні органаў расліны і выконваюць ахоўную функцыю. У маладых і травяністых раслін гэта эпідэрміс (скурка). У дрэвавых раслін ён замяняецца перыдэрмай (коркам), а да старасці фарміруецца корка. Да праводзячых тканак належаць ксілема і флаэма, што складаюцца з праводзячых элементаў і клетак асноўнай і механічнай тканак. Іх функцыя — транспарт вады, мінеральных і арганічных рэчываў у расліне. Механічную функцыю выконваюць калянхіма — жывая тканка — і склеранхіма (драўняныя і лубяныя валокны, склерэіды) — мёртвая тканка. Да асноўных тканак належаць асіміляцыйная, запасаючая, паветраносная, ваданосная парэнхіма.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Якія функцыі ў раслін выконваюць праводзячыя тканкі?
2. Чым адрозніваецца будова ксілемы ў голанасенных і пакрытанасенных?
3. Чаму ў травяністых раслін не адбываецца рост сцябла ў таўшчыню?
4. У чым адрозненне калянхімы і склеранхімы? Чаму склеранхіма замяняе калянхіму ў дарослых раслін?
5. Якія віды покрыўных тканак і ў якім парадку змяняюць адна адну ў дрэвавых раслін? Які від утваральнай тканкі прымае ў гэтым удзел?
Складаныя пытанні
1. З маленькага кавалачка расліннай тканкі вучоныя могуць вырасціць сотні дарослых раслін. Як вы думаеце, якую тканку расліны бяруць для гэтых даследаванняў? Чаму не атрымліваюцца падобныя доследы на жывёлах?
2. Растлумачце, чаму ў ходзе эвалюцыі раслін узніклі праводзячыя, механічныя і покрыўныя тканкі.
3. Як вы думаеце, ці існуюць у раслін тканкі, якія выконваюць выдзяляльную функцыю?