§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Механічныя тканкі

Механічныя тканкі ў расліне ўтвараюць свайго роду «ўнутраны шкілет», які падтрымлівае ўсе астатнія тканкі і перашкаджае іх залому ці разрыву. Вылучаюць два віды механічных тканак: калянхіма і склеранхіма. Калянхіма прадстаўлена ў органах маладой расліны і надае ім пругкасць. У дарослых раслін яна захоўваецца толькі ў хвосціках лістоў і забяспечвае іх арыентацыю ў прасторы ў адносінах да сонца. Калянхіма складаецца з жывых клетак з нераўнамерна патоўшчанымі абалонкамі, якія змяшчаюць пекцінавыя рэчывы, здольныя набракаць за кошт паглынання вады. З часам калянхіма замяняецца склеранхімай.

Склеранхіма ўтворана двума відамі мёртвых клетак: валокнамі (драўнянымі і лубянымі) і склерэідамі (камяністымі клеткамі). Валокны прадстаўлены доўгімі клеткамі з завостранымі канцамі, сценкі якіх насычаны лігнінам. Драўняныя валокны ўваходзяць у склад ксілемы ў пакрытанасенных і надаюць раслінам трываласць. У астатніх раслін яны адсутнічаюць, і іх функцыю выконваюць трахеіды. Лубяныя валокны ўваходзяць у склад флаэмы і надаюць раслінам пругкасць. Сценкі склерэід насычаны крэменязёмам. Такія клеткі сустракаюцца ў шкарлупіне арэхаў, у костачках (вішня, сліва, абрыкос) ці ў мякаці некаторых пладоў.