§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Праводзячыя тканкі

Праводзячыя тканкі належаць да складаных тканак, бо складаюцца з некалькіх відаў клетак. У залежнасці ад асаблівасцей будовы і выконваемай функцыі адрозніваюць два віды праводзячых тканак — гэта ксілема і флаэма. У дрэвавых раслін ксілему яшчэ называюць драўнінай, а флаэму — лубам.

Ксілема забяспечвае транспарт вады і мінеральных рэчываў з кораня да ўсіх органаў расліны (узыходны ток) з дапамогай праводзячых элементаў. У мохападобных праводзячыя элементы адсутнічаюць, іх функцыю выконваюць спецыялізаваныя клеткі сцябла. У дзеразападобных, хвошчападобных, папарацепадобных і голанасенных праводзячыя элементы прадстаўлены трахеідамі — падоўжанымі і коса завостранымі з двух бакоў клеткамі, сценкі якіх пранізаны порамі. Яны размяшчаюцца адны над аднымі і забяспечваюць адносна павольны транспарт вады і мінеральных рэчываў. Праводзячыя элементы ксілемы ў пакрытанасенных раслін прадстаўлены пераважна сасудамі (трахеямі). Сасуды складаюцца з цыліндрычных клетак, якія не маюць папярочных перагародак. Яны размешчаны адна над адной і ўтвараюць скразны канал, які забяспечвае хуткае цячэнне вады і мінеральных рэчываў. Сценкі сасудаў і трахеід адраўнелі і дадаткова надаюць органам трываласць. Ксілема ўключае не толькі праводзячыя элементы, але і механічную тканку (драўняныя валокны — склеранхіму), якая ажыццяўляе апорную функцыю і запасаючую тканку — драўняную парэнхіму.

Флаэма забяспечвае транспарт арганічных рэчываў з лістоў да ўсіх органаў расліны (сыходны ток). У найбольшай ступені арганічныя рэчывы адцякаюць да насення, пладоў і запасаючых органаў. Праводзячымі элементамі флаэмы з’яўляюцца сітападобныя трубкі, якія складаюцца з жывых клетак, размешчаных адна над адной. У гэтых клетках маецца цытаплазма, але адсутнічае ядро. Цытаплазмы суседніх клетак звязваюцца адна з адной праз асаблівыя дробныя адтуліны ў папярочных сценках, якія нагадваюць сіта (сітападобныя пласцінкі). У пакрытанасенных побач з сітападобнымі трубкамі размяшчаюцца клеткі-спадарожніцы, якія маюць ядры і выконваюць дапаможныя функцыі. У склад флаэмы, як і ў склад ксілемы, акрамя праводзячых элементаў, уваходзіць механічная тканка (лубяныя валокны — склеранхіма) і запасаючая тканка — лубяная парэнхіма.

Праводзячыя элементы ксілемы і флаэмы ў сукупнасці з лубянымі валокнамі і лубяной парэнхімай фарміруюць сасудзіста-валакністыя праводзячыя пучкі, якія пранікаюць ва ўсе органы расліны. У лістах іх называюць жылкамі.