§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Покрыўныя тканкі

Покрыўныя тканкі ўзніклі пры выхадзе раслін на сушу. У дрэвавых раслін з узростам яны змяняюцца ў такой паслядоўнасці:

эпідэрміс (скурка) → перыдэрма → корка.

Эпідэрміс (скурка) — першасная покрыўная тканка, якая складаецца з аднаго пласта жывых клетак, якія не маюць хларапластаў. Эпідэрміс пакрывае ўсе органы праросткаў і травяністых раслін. У шматгадовых дрэвавых раслін эпідэрміс пакрывае лісты, маладыя парасткі і корань, за выключэннем зоны правядзення. Транспірацыя і газаабмен праз эпідэрміс адбываюцца з дапамогай вусцейкаў. Кожнае вусцейка складаецца з дзвюх бобападобных клетак (замыкальныя клеткі), якія змяшчаюць хларапласты. Паміж клеткамі маецца вусцейкавая шчыліна, якая можа адкрывацца ці закрывацца ў залежнасці ад забяспечанасці расліны вільгаццю. На каранях у зоне ўсмоктвання вонкавыя абалонкі клетак эпідэрмісу ўтвараюць вырасты — каранёвыя валаскі, якія забяспечваюць усмоктванне вады і мінеральных рэчываў. Эпідэрміс з каранёвымі валаскамі называецца рызадэрмай (эпіблемай).

Да восені эпідэрміс на сцёблах маладых парасткаў у голанасенных і дрэвавых пакрытанасенных замяняецца другаснай покрыўнай тканкай — перыдэрмай. Яна фарміруецца за кошт коркавага камбію (фелагену), які закладаецца пад эпідэрмісам у выглядзе аднаго пласта клетак. Клеткі фелагену дзеляцца ў падоўжным напрамку і звонку ўтвараюць шматслойную мёртвую тканку — корак, а ўнутр адкладаюць клеткі, якія фарміруюць феладэрму. Фелаген, феладэрма і корак у сукупнасці складаюць перыдэрму. Газаабмен і транспірацыя праз перыдэрму адбываюцца з дапамогай чачавічак — разрываў у корку, запоўненых рыхла размешчанымі клеткамі парэнхімы. На каранях дрэвавых раслін у зоне правядзення эпідэрміс таксама замяняецца перыдэрмай.

На сцёблах старых дрэвавых раслін у выніку неаднаразовай больш глыбокай закладкі коркавага камбію ў парэнхіме кары фарміруецца некалькі пластоў перыдэрмы. Ізаляваныя паміж пластамі перыдэрмы клеткі парэнхімы кары адміраюць, і ўтвараецца складаная шматслойная мёртвая тканка — корка. Корка не можа расцягвацца, і пры росце сцябла ў таўшчыню ў ёй утвараюцца глыбокія расколіны, праз якія адбываецца газаабмен і транспірацыя.