§ 0—2. Характарыстыка будовы і функцый тканак раслін

Утваральныя тканкі

Утваральныя тканкі (мерыстэмы) па паходжанні бываюць першасныя і другасныя. Тканка зародка, якая захавалася ў дарослай расліны, называецца першаснай мерыстэмай, а ўтваральная тканка, што з’явілася на працягу жыцця расліны, — другаснай мерыстэмай. Першасныя мерыстэмы знаходзяцца на верхавіне сцябла (конус нарастання), на кончыку кораня (зона дзялення), у вузлах злакавых (уставачная мерыстэма), у сцябле і корані (пракамбій, перыцыкл). Да другасных мерыстэм належаць камбій, коркавы камбій (фелаген). Другасныя мерыстэмы маюцца ў голанасенных і двухдольных пакрытанасенных раслін.

Паводле размяшчэння ў органах расліны мерыстэмы падзяляюць на верхавінкавыя (апікальныя), бакавыя (латэральныя) і ўставачныя (інтэркалярныя). Да верхавінкавых мерыстэм належаць зона дзялення кораня і конус нарастання сцябла. За кошт іх адбываецца рост кораня і сцябла ў даўжыню.

Да бакавых мерыстэм належаць камбій, коркавы камбій (фелаген), перыцыкл.

Камбій фарміруе другасныя праводзячыя тканкі, за кошт чаго адбываецца рост сцябла і кораня ў таўшчыню.

Коркавы камбій закладаецца пад эпідэрмісам на сцябле і ў верхняй частцы кораня ў дрэвавых раслін у выглядзе аднаго пласта клетак і фарміруе покрыўныя тканкі — перыдэрму (корак) і корку.

Перыцыкл прадстаўлены адным (радзей некалькімі) пластом клетак, якія акружаюць праводзячыя тканкі (цэнтральны цыліндр) кораня. У ім закладаюцца бакавыя і прыдатачныя карані. У травяністых раслін перыцыкл у маладых сцёблах можа фарміраваць механічныя тканкі (склеранхіму), выдзяляльныя структуры (млечныя або смаляныя хады).

Уставачная мерыстэма забяспечвае ўставачны рост сцябла злакавых у даўжыню.