§ 1. Уводзіны

2–1. Функцыі гістарычнай навукі ў жыцці грамадства

Гісторыя адыгрывае вялікую ролю ў жыцці ўсяго грамадства. Веданне гісторыі народа звязвае нас з нашымі продкамі, дапамагае разумець вытокі ўласнай дзяржавы, усведамляць неабходнасць нацыянальнага суверэнітэту. Гісторыя як навука вывучаецца невялікай колькасцю прафесійных даследчыкаў. Аднак цікавасць да яе праяўляе амаль кожны адукаваны чалавек: з дапытлівасці і імкнення да ўласнага інтэлектуальнага і асобаснага развіцця.

Гістарычная навука выконвае шэраг сацыяльна значных функцый. 

Пазнавальная функцыя дазваляе рэканструяваць мінулае, даведацца, як жылі нашы продкі, і зразумець, чаму іх жыццё мянялася менавіта ў тым кірунку, які прывёў да сучаснага стану грамадства. Выконваючы светапоглядна-прагнастычную функцыю, гісторыя дапамагае людзям арыентавацца ў свеце, планаваць будучыню, што магчыма толькі пры разуменні гістарычных прычынна-выніковых сувязяў, г. зн. усведамленні таго, чаму склалася пэўная сітуацыя. Выхаваўчая функцыя заключаецца ў тым, што веданне гісторыі фарміруе грамадзянскія якасці, раскрывае ролю народа і пэўных асоб у развіцці грамадства, дазваляе спазнаць маральныя каштоўнасці чалавецтва ў іх развіцці. Культурная функцыя вызначаецца сацыяльнай памяццю, што дазваляе захаваць пераемнасць у гістарычным працэсе, бо самасвядомасць грамадства немагчымая без ведаў пра мінулае.