§ 1. Уводзіны
1. Сэнс і прызначэнне гісторыі як навукі
Вы ўжо ведаеце, што гісторыя — гэта навука пра мінулае чалавечага грамадства, якая імкнецца зразумець прычынна-выніковыя сувязі ў працэсе яго развіцця. Гісторыя — комплексная дысцыпліна, якая вывучае паслядоўнасць падзей з пункту гледжання палітыкі, дзяржаўнага ўладкавання, эканомікі, сацыяльных адносін, рэлігіі, культуры, ваеннай справы і многіх іншых аспектаў.
Слова «гісторыя» прыйшло са старажытнагрэчаскай мовы, дзе абазначала расказ пра мінулыя падзеі, апавяданне пра тое, што спазнана, даследавана. «Бацькам гісторыі» называюць старажытнагрэчаскага пісьменніка Герадота, які напісаў вялікі твор пра вайну грэкаў з персамі. Ён назваў сваю кнігу «Гісторыя». Музай — апякункай гісторыі грэкі прызналі Кліа, якая, як лічылася, праслаўляе людзей. У Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме вывучэнне гістарычных твораў было важнай часткай выхавання грамадзяніна. Ведаючы гісторыю сваіх продкаў і адчуваючы гонар за яе, грамадзянін павінен быў свядома абараняць сваю Радзіму.
Каб зрабіць гісторыю не проста наборам займальных апавяданняў, неабходна было структураваць звесткі ў адпаведнасці з логікай развіцця гістарычнага працэсу. У Антычнасці пачалі адлічваць гады ад заснавання горада Рыма. Для рымлян сэнс гісторыі быў у росце палітычнай магутнасці іх дзяржавы. Гісторыя пачала выбудоўвацца ў адпаведнасці з храналогіяй. Наступны крок зрабілі хрысціянскія аўтары, якія за пачатак летазлічэння прынялі нараджэнне Хрыста. Для хрысціян такі спосаб сімвалізаваў удасканаленне чалавецтва перад Госпадам. Мы дагэтуль лічым гады ад Нараджэння Хрыстова, якое цяпер называем пачаткам нашай эры.
У Сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе асноўным відам гістарычных сачыненняў сталі хронікі і летапісы, у якіх увага галоўным чынам надавалася апісанню гісторыі кіруючых дынастый. Такую ж ролю адыгрывалі гістарычныя тэксты ў многіх старажытных і сярэднявечных цывілізацыях.
Даследчыкі еўрапейскага Адраджэння паспрабавалі рацыянальна падысці да вывучэння гісторыі ўсяго чалавецтва. Вядомы англійскі вучоны XVII ст. Фрэнсіс Бэкан распрацаваў асноўныя прынцыпы навуковага пазнання праз рацыянальны аналіз фактаў. Аднак пра гісторыю ён гаварыў толькі як пра «веды аб прадметах, месца якіх вызначана ў прасторы і часе», а крыніцай ведаў у яго ўяўленні выступала памяць.
У хуткім часе неапалітанец Джамбатыста Віка стварыў новую філасофію гісторыі: чалавецтва паслядоўна развіваецца ад варварства да цывілізацыі. На яго думку, гэтае развіццё ідзе па спіралі, перыяды ўздыму змяняюцца перыядамі заняпаду, але кожны новы віток заўсёды адбываецца на больш высокім узроўні, чым папярэдні.
Гісторыкі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. выпрацавалі стройную канцэпцыю гісторыі як галіны навуковых ведаў: яна даступная пазнанню, мае свае ўласныя законы развіцця, асновай гістарычнага пазнання з’яўляюцца факты, гісторыя выступае асновай для разумення эвалюцыі грамадства, яна можа служыць для стварэння мадэляў далейшага развіцця краін. У гэты час былі распрацаваныя прынцыпы аб’ектыўнага вывучэння гісторыі.
Аднак вывучэнне гістарычных заканамернасцяў з’яўляецца вельмі складаным. Матэрыял даследавання прадстаўлены ў велізарным аб’ёме. Акрамя таго, гісторыю пішуць жывыя людзі са сваімі поглядамі і ацэнкамі, якім іншым разам цяжка заставацца бесстароннімі адносна падзей.
У наш час гістарычная навука развіваецца дзякуючы намаганням не толькі асобных вучоных, але і цэлых інстытутаў. Вядучым цэнтрам даследаванняў у нашай краіне з’яўляецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Вывучаць гісторыю можна на гістарычных факультэтах беларускіх ВНУ, у тым ліку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску, дзе прадстаўлены ўсе кірункі гістарычных даследаванняў.