Печатать книгуПечатать книгу

§ 1. Уводзіны

Якое значэнне мае вывучэнне гісторыі для развіцця грамадства?

Што вывучае гісторыя? На якія перыяды падзяляецца сусветная гісторыя? Што такое гістарычная крыніца? Якія існуюць віды гістарычных крыніц? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 1. Уводзіны
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 8 Май 2024, 03:34

1. Сэнс і прызначэнне гісторыі як навукі

Вы ўжо ведаеце, што гісторыя — ​гэта навука пра мінулае чалавечага грамадства, якая імкнецца зразумець прычынна-­выніковыя сувязі ў працэсе яго развіцця. Гісторыя — ​комплексная дысцыпліна, якая вывучае паслядоўнасць падзей з пункту гледжання палітыкі, дзяржаўнага ўладкавання, эканомікі, сацыяльных адносін, рэлігіі, культуры, ваеннай справы і многіх іншых аспектаў.

Слова «гісторыя» прыйшло са старажытнагрэчаскай мовы, дзе абазначала расказ пра мінулыя падзеі, апавяданне пра тое, што спазнана, даследавана. «Бацькам гісторыі» называюць старажытнагрэчаскага пісьменніка Герадота, які напісаў вялікі твор пра вайну грэкаў з персамі. Ён назваў сваю кнігу «Гісторыя». Музай — ​апякункай гісторыі грэкі прызналі Кліа, якая, як лічылася, праслаўляе людзей. У Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме вывучэнне гістарычных твораў было важнай часткай выхавання грамадзяніна. Ведаючы гісторыю сваіх продкаў і адчуваючы гонар за яе, грамадзянін павінен быў свядома абараняць сваю Радзіму.

Каб зрабіць гісторыю не проста наборам займальных апавяданняў, неабходна было структураваць звесткі ў адпаведнасці з логікай развіцця гістарычнага працэсу. У Антычнасці пачалі адлічваць гады ад заснавання горада Рыма. Для рымлян сэнс гісторыі быў у росце палітычнай магутнасці іх дзяржавы. Гісторыя пачала выбудоўвацца ў адпаведнасці з храналогіяй. Наступны крок зрабілі хрысціянскія аўтары, якія за пачатак летазлічэння прынялі нараджэнне Хрыста. Для хрысціян такі ­спосаб сімвалізаваў удасканаленне чалавецтва перад Госпадам. Мы дагэтуль лічым гады ад Нараджэння Хрыстова, якое цяпер называем пачаткам нашай эры.

У Сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе асноўным відам гістарычных сачыненняў сталі хронікі і летапісы, у якіх увага галоўным чынам надавалася апісанню гісторыі кіруючых дынастый. Такую ж ролю адыгрывалі гістарычныя тэксты ў многіх старажытных і сярэднявечных цывілізацыях.
Даследчыкі еўрапейскага Адраджэння паспрабавалі рацыянальна падысці да вывучэння гісторыі ўсяго чалавецтва. Вядомы англійскі вучоны XVII ст. Фрэн­сіс Бэкан распрацаваў асноўныя прынцыпы навуковага пазнання праз рацыянальны аналіз фактаў. Аднак пра гісторыю ён гаварыў толькі як пра «веды аб прадметах, месца якіх вызначана ў прасторы і часе», а крыніцай ведаў у яго ўяўленні выступала памяць.

У хуткім часе неапалітанец Джамбатыста Віка стварыў новую філасофію гісторыі: чалавецтва паслядоўна развіваецца ад варварства да цывілізацыі. На яго думку, гэтае развіццё ідзе па спіралі, перыяды ўздыму змяняюцца перыядамі заняпаду, але кожны новы віток заўсёды адбываецца на больш высокім узроўні, чым папярэдні.

Гісторыкі канца ХІХ — ​пачатку ХХ ст. выпрацавалі стройную канцэпцыю гісторыі як галіны навуковых ведаў: яна даступная пазнанню, мае свае ўласныя законы развіцця, асновай гістарычнага пазнання з’яўляюцца факты, гісторыя выступае асновай для разумення эвалюцыі грамадства, яна можа служыць для стварэння мадэляў далейшага развіцця краін. У гэты час былі распрацаваныя прынцыпы аб’ектыўнага вывучэння гісторыі.

Аднак вывучэнне гістарычных заканамернасцяў з’яўляецца вельмі складаным. Матэрыял даследавання прадстаўлены ў велізарным аб’ёме. Акрамя таго, гісторыю пішуць жывыя людзі са сваімі поглядамі і ацэнкамі, якім іншым разам цяжка заставацца бесстароннімі адносна падзей.

У наш час гістарычная навука развіваецца дзякуючы намаганням не толькі асобных вучоных, але і цэлых інстытутаў. Вядучым цэнтрам даследаванняў у нашай краіне з’яўляецца Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вывучаць гісторыю можна на гістарычных факультэтах беларускіх ВНУ, у тым ліку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску, дзе прадстаўлены ўсе кірункі гістарычных даследаванняў.

2. Роля сусветнай гісторыі як галіны гістарычнай навукі. Перыядызацыя гісторыі

Кожны народ і кожная краіна прайшлі непаўторны шлях і зрабілі ўнёсак у скарбніцу сусветнай цывілізацыі. Таму вельмі важна ведаць не толькі мінулае сваёй дзяржавы, але і найважнейшыя дасягненні іншых народаў і цывілізацый, уяўляць агульную карціну сусветнага гістарычнага развіцця. Іначай кажучы, трэба ведаць гісторыю свайго народа ў кантэксце гісторыі чалавецтва. У сувязі з гэтым выдзяляюць сусветную гісторыю і гісторыі асобных дзяржаў. Сусветная гісторыя як галіна ведаў вывучае развіццё чалавецтва ад першабытнасці да сучаснасці, аналізуе з’явы прагрэсу і рэгрэсу, даследуе спецыфіку развіцця краін і народаў свету.

У адпаведнасці з логікай развіцця гістарычнага працэсу гісторыя падзяляецца на пэўныя перыяды, асноўны змест якіх вызначаюць важнейшыя з’явы, што адбываліся ў ходзе эвалюцыі чалавецтва.

Гістарычная навука мае свой тэрміналагічны апарат, што складаецца з паняццяў, з дапамогай якіх апісваюцца гістарычныя працэсы. Асноўныя з іх: гістарычны факт — ​падзея або факт, якія адбыліся; гістарычны час — ​рух ад адной грамадскай падзеі да іншай, пры якой у кожнага факта ёсць дакладнае месца ў часе; гістарычная прастора — ​тэрытарыяльныя рамкі, у якіх лакалізуецца гістарычны факт або з’ява.

Рэканструкцыя падзей грунтуецца на гістарычных крыніцах — ​захаваных сведчаннях мінулага, якія змяшчаюць інфармацыю пра падзеі і дзейнасць людзей. Вылучаюць некалькі тыпаў гістарычных крыніц (гл. схему).

2–1. Функцыі гістарычнай навукі ў жыцці грамадства

Гісторыя адыгрывае вялікую ролю ў жыцці ўсяго грамадства. Веданне гісторыі народа звязвае нас з нашымі продкамі, дапамагае разумець вытокі ўласнай дзяржавы, усведамляць неабходнасць нацыянальнага суверэнітэту. Гісторыя як навука вывучаецца невялікай колькасцю прафесійных даследчыкаў. Аднак цікавасць да яе праяўляе амаль кожны адукаваны чалавек: з дапытлівасці і імкнення да ўласнага інтэлектуальнага і асобаснага развіцця.

Гістарычная навука выконвае шэраг сацыяльна значных функцый. 

Пазнавальная функцыя дазваляе рэканструяваць мінулае, даведацца, як жылі нашы продкі, і зразумець, чаму іх жыццё мянялася менавіта ў тым кірунку, які прывёў да сучаснага стану грамадства. Выконваючы светапоглядна-прагнастычную функцыю, гісторыя дапамагае людзям арыентавацца ў свеце, планаваць будучыню, што магчыма толькі пры разуменні гістарычных прычынна-выніковых сувязяў, г. зн. усведамленні таго, чаму склалася пэўная сітуацыя. Выхаваўчая функцыя заключаецца ў тым, што веданне гісторыі фарміруе грамадзянскія якасці, раскрывае ролю народа і пэўных асоб у развіцці грамадства, дазваляе спазнаць маральныя каштоўнасці чалавецтва ў іх развіцці. Культурная функцыя вызначаецца сацыяльнай памяццю, што дазваляе захаваць пераемнасць у гістарычным працэсе, бо самасвядомасць грамадства немагчымая без ведаў пра мінулае.

2–2. Этапы развіцця гістарычнай навукі

Ператварэнне гістарычных ведаў у гістарычную навуку ажыццяўлялася на працягу доўгага часу. Сучасныя даследчыкі вылучаюць у развіцці гэтай навукі наступныя важныя этапы.

Такім чынам, у ходзе свайго развіцця гістарычная навука паказала, што яна можа не толькі назапашваць факты і ўстанаўліваць іх храналагічную паслядоўнасць, але і тлумачыць іх, вызначаць іх узаемасувязь, прычынную абумоўленасць падзей, разглядаць развіццё свету ва ўсёй разнастайнасці гістарычнага працэсу.

3. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы

Сярод падыходаў да вывучэння гісторыі можна вылучыць два асноўныя — ​фармацыйны і цывілізацыйны.

Фармацыйны падыход разглядае паслядоўныя этапы ў развіцці чалавецтва — ​фармацыі. Фактычна гэта тлумачэнне лінейнага развіцця гісторыі чалавецтва этап за этапам, або, у дадзеным выпадку, фармацыя за фармацыяй. Змену фармацый, на думку прыхільнікаў такога падыходу, вызначае змена сацыяльна-­эканамічных адносін, якія залежаць ад канкрэтнага спосабу вытворчасці. Вылучаюць фармацыі, якія паслядоўна змяняюць адна адну: першабытнаабшчынную, рабаўладальніцкую, феадальную, капіталістычную.

У аснову фармацыйнага падыходу было пакладзена вучэнне нямецкага філосафа К. Маркса, які гаварыў пра станаўленне камуністычнай фармацыі пасля капіталізму. Недахопам фармацыйнага падыходу можна лічыць тое, што многія працэсы культурнага, духоўнага жыцця разглядаюцца спрошчана, не вылучаюцца прычыны нераўнамернага і своеасаблівага развіцця асобных народаў, мала ўвагі надаецца ролі асобы ў гісторыі.

Цывілізацыйны падыход дае магчымасць зірнуць на гісторыю праз яго базавае паняцце — ​цывілізацыю (ад лац. civilis — ​грамадзянскі, дзяржаўны). «Цывілізацыя» — ​шматзначны тэрмін, яго можна разумець па-рознаму:

• як узровень развіцця ўсяго чалавецтва, які проціпастаўляецца варварству (у гэтым значэнні цывілізацыя — ​сінонім культурнага развіцця);

• як самастойнае грамадства (або буйнáя дзяржава), што характарызуецца сукупнасцю палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, эканамічных, культурных і сацыяльных традыцый, маралі, каштоўнасцяў і светапогляду (такія цывілізацыі называюць лакальнымі).

Цывілізацыйны падыход прадугледжвае вывучэнне лакальных цывілізацый ва ўсёй сукупнасці іх істотных рыс. Розныя вучоныя налічваюць розную колькасць лакальных цывілізацый, традыцыйна іх прынята выдзяляць некалькі дзясяткаў. Лакальныя цывілізацыі займалі і займаюць вялікія культурныя рэгіёны з некалькімі дзяржавамі. Важную ролю ў фарміраванні цывілізацый адыгралі рэлігіі (такія як хрысціянства, іслам і інш.).

Цывілізацыйны падыход засяроджваецца на вывучэнні спецыфікі лакальных цывілізацый, падкрэсліваючы разнастайнасць формаў гістарычнага працэсу. Гэта своеасаблівая шматколерная карціна, дзе ўсе элементы дапаўняюць адзін аднаго. Разам з тым вывучэнне цывілізацый таксама не дае нам вычарпальнага адказу на пытанне аб заканамернасцях развіцця ўсяго чалавечага грамадства. Таму многія гісторыкі лічаць, што цывілізацыйны і фармацыйны падыходы не ўзаемавыключаюць, а хутчэй дапаўняюць адно аднаго.

З якіх пазіцый ні вялося б вывучэнне гісторыі, трэба заўсёды памятаць, што яно павінна быць накіравана на пазнанне ісціны ў развіцці грамадства, з’яўляцца аб’ектыўным незалежна ад поглядаў даследчыка, якому варта з павагай ставіцца да ўсіх народаў і іх культур. Гэтых прынцыпаў трэба прытрымлівацца ў далейшым працэсе вывучэння гісторыі чалавецтва.

Сэнс і прызначэнне гісторыі разумеліся ў розны час і ў розных грамадствах па-рознаму. Вербальныя і невербальныя тэксты гістарычнага характару разглядаліся часам як павучальныя патрыятычныя расказы пра жыццё продкаў, а калі-нікалі як проста забаўляльнае чытво. Сучасная гістарычная навука ўсебакова вывучае мінулае чалавецтва, імкнучыся зразумець агульнае і адметнае ў развіцці народаў усяго свету.

3–1. Гістарычныя веды

Свае задачы гістарычная навука вырашае праз розныя формы гістарычных ведаў.

Галоўная задача гістарычнай навукі — атрыманне навуковых ведаў пра мінулае, яго рэканструкцыя, адлюстраваная ў працах вучоных (кнігах, артыкулах, матэрыялах канферэнцэй і г. д.). Аднак такая рэканструкцыя не з'яўляецца дакладным узнаўленнем падзей, якія адбываліся, бо будуецца на гістарычных крыніцах, што захаваліся. Пры гэтым крыніц можа мецца мала, яны могуць быць супярэчлівымі, неаб'ектыўнымі, незразумелымі. У выніку нават на аснове адных і тых жа дадзеных у розных навукоўцаў могуць атрымацца адрозныя гістарычныя рэканструкцыі.

У залежнасці ад поглядаў чалавека, яго сістэмы каштоўнасцяў адзін і той жа факт можа атрымаць рознае тлумачэнне і набыць неаднолькавае значэнне. Ні адна з існуючых тэорый не можа даць універсальнай і адзіна правільнай інтэрпрэтацыі падзей і фактаў гісторыі.

Для правядзення аб’ектыўнага аналізу гістарычнага мінулага навукоўцамі былі выпрацаваны прынцыпы гістарычнага даследавання:

  • прынцып аб'ектыўнасці — гісторык у працэсе даследавання павінен імкнуцца да аб'ектыўнасці ў пазнанні; кожная з'ява павінна разглядацца ў яе шматграннасці і супярэчлівасці, з улікам як станоўчых, так і адмоўных бакоў;
  • прынцып гістарызму — усялякі прадмет гістарычнага даследавання (гістарычныя факты, з'явы і падзеі) павінен разглядацца ў развіцці;
  • прынцып усебаковасці — маецца на ўвазе неабходнасць не толькі выкарыстоўваць поўную і дакладную інфармацыі, але і ўсебакова вывучэнне прадмета даследавання;
  • прынцып апоры на гістарычныя крыніцы — інфармацыю аб гістарычным працэсе даследчык павінен здабываць з гістарычных крыніц. 

Магчыма, камусьці з вас прыйдзецца займацца гістарычнымі даследаваннямі і прадстаўляць іх вынікі для навуковай грамадскасці на канферэнцыях, публікаваць артыкулы ў навуковых часопісах. Не забывайце пра тое, што здабытыя веды павінны быць сапраўднымі і аб'ектыўнымі, а значыць, даказаным з дапамогай гістарычных крыніц.

Пытанні

1. Прасачыце эвалюцыю паняцця «гісторыя». Сфармулюйце сучаснае азначэнне гісторыі як галіны навуковых ведаў.

2. Складзіце ментальную карту або схему «Асноўныя паняцці гістарычнай навукі».

*2–1. Ахарактарызуйце кожны этап развіцця гістарычнай навукі. Выкарыстоўвайце для гэтага дадзеныя табліцы, змешчанай у п. 2-2. Якія найважнейшыя змены ў гістарычнай навуцы адбыліся на сучасным этапе?

3. Якія цэнтры гістарычных даследаванняў існуюць у вашай вобласці або горадзе? Высветліце, якія гістарычныя даследаванні яны праводзяць і якія працы былі імі выдадзены.

4. Падрыхтуйце з прыцягненнем дадатковых крыніц паведамленне ў фармаце артыкула для Вікіпедыі аб адным з вядомых беларускіх гісторыкаў.

5. Напішыце эсэ «Значэнне гісторыі для фарміравання сучаснага чалавека».

*6-1. Якія праблемы існуюць пры рэканструкцыі гістарычнага мінулага? Як іх можна пераадолець?