§ 1. Уводзіны

3. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы

Сярод падыходаў да вывучэння гісторыі можна вылучыць два асноўныя — ​фармацыйны і цывілізацыйны.

Фармацыйны падыход разглядае паслядоўныя этапы ў развіцці чалавецтва — ​фармацыі. Фактычна гэта тлумачэнне лінейнага развіцця гісторыі чалавецтва этап за этапам, або, у дадзеным выпадку, фармацыя за фармацыяй. Змену фармацый, на думку прыхільнікаў такога падыходу, вызначае змена сацыяльна-­эканамічных адносін, якія залежаць ад канкрэтнага спосабу вытворчасці. Вылучаюць фармацыі, якія паслядоўна змяняюць адна адну: першабытнаабшчынную, рабаўладальніцкую, феадальную, капіталістычную.

У аснову фармацыйнага падыходу было пакладзена вучэнне нямецкага філосафа К. Маркса, які гаварыў пра станаўленне камуністычнай фармацыі пасля капіталізму. Недахопам фармацыйнага падыходу можна лічыць тое, што многія працэсы культурнага, духоўнага жыцця разглядаюцца спрошчана, не вылучаюцца прычыны нераўнамернага і своеасаблівага развіцця асобных народаў, мала ўвагі надаецца ролі асобы ў гісторыі.

Цывілізацыйны падыход дае магчымасць зірнуць на гісторыю праз яго базавае паняцце — ​цывілізацыю (ад лац. civilis — ​грамадзянскі, дзяржаўны). «Цывілізацыя» — ​шматзначны тэрмін, яго можна разумець па-рознаму:

• як узровень развіцця ўсяго чалавецтва, які проціпастаўляецца варварству (у гэтым значэнні цывілізацыя — ​сінонім культурнага развіцця);

• як самастойнае грамадства (або буйнáя дзяржава), што характарызуецца сукупнасцю палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, эканамічных, культурных і сацыяльных традыцый, маралі, каштоўнасцяў і светапогляду (такія цывілізацыі называюць лакальнымі).

Цывілізацыйны падыход прадугледжвае вывучэнне лакальных цывілізацый ва ўсёй сукупнасці іх істотных рыс. Розныя вучоныя налічваюць розную колькасць лакальных цывілізацый, традыцыйна іх прынята выдзяляць некалькі дзясяткаў. Лакальныя цывілізацыі займалі і займаюць вялікія культурныя рэгіёны з некалькімі дзяржавамі. Важную ролю ў фарміраванні цывілізацый адыгралі рэлігіі (такія як хрысціянства, іслам і інш.).

Цывілізацыйны падыход засяроджваецца на вывучэнні спецыфікі лакальных цывілізацый, падкрэсліваючы разнастайнасць формаў гістарычнага працэсу. Гэта своеасаблівая шматколерная карціна, дзе ўсе элементы дапаўняюць адзін аднаго. Разам з тым вывучэнне цывілізацый таксама не дае нам вычарпальнага адказу на пытанне аб заканамернасцях развіцця ўсяго чалавечага грамадства. Таму многія гісторыкі лічаць, што цывілізацыйны і фармацыйны падыходы не ўзаемавыключаюць, а хутчэй дапаўняюць адно аднаго.

З якіх пазіцый ні вялося б вывучэнне гісторыі, трэба заўсёды памятаць, што яно павінна быць накіравана на пазнанне ісціны ў развіцці грамадства, з’яўляцца аб’ектыўным незалежна ад поглядаў даследчыка, якому варта з павагай ставіцца да ўсіх народаў і іх культур. Гэтых прынцыпаў трэба прытрымлівацца ў далейшым працэсе вывучэння гісторыі чалавецтва.

Сэнс і прызначэнне гісторыі разумеліся ў розны час і ў розных грамадствах па-рознаму. Вербальныя і невербальныя тэксты гістарычнага характару разглядаліся часам як павучальныя патрыятычныя расказы пра жыццё продкаў, а калі-нікалі як проста забаўляльнае чытво. Сучасная гістарычная навука ўсебакова вывучае мінулае чалавецтва, імкнучыся зразумець агульнае і адметнае ў развіцці народаў усяго свету.