§ 1. Уводзіны

2. Роля сусветнай гісторыі як галіны гістарычнай навукі. Перыядызацыя гісторыі

Кожны народ і кожная краіна прайшлі непаўторны шлях і зрабілі ўнёсак у скарбніцу сусветнай цывілізацыі. Таму вельмі важна ведаць не толькі мінулае сваёй дзяржавы, але і найважнейшыя дасягненні іншых народаў і цывілізацый, уяўляць агульную карціну сусветнага гістарычнага развіцця. Іначай кажучы, трэба ведаць гісторыю свайго народа ў кантэксце гісторыі чалавецтва. У сувязі з гэтым выдзяляюць сусветную гісторыю і гісторыі асобных дзяржаў. Сусветная гісторыя як галіна ведаў вывучае развіццё чалавецтва ад першабытнасці да сучаснасці, аналізуе з’явы прагрэсу і рэгрэсу, даследуе спецыфіку развіцця краін і народаў свету.

У адпаведнасці з логікай развіцця гістарычнага працэсу гісторыя падзяляецца на пэўныя перыяды, асноўны змест якіх вызначаюць важнейшыя з’явы, што адбываліся ў ходзе эвалюцыі чалавецтва.

Гістарычная навука мае свой тэрміналагічны апарат, што складаецца з паняццяў, з дапамогай якіх апісваюцца гістарычныя працэсы. Асноўныя з іх: гістарычны факт — ​падзея або факт, якія адбыліся; гістарычны час — ​рух ад адной грамадскай падзеі да іншай, пры якой у кожнага факта ёсць дакладнае месца ў часе; гістарычная прастора — ​тэрытарыяльныя рамкі, у якіх лакалізуецца гістарычны факт або з’ява.

Рэканструкцыя падзей грунтуецца на гістарычных крыніцах — ​захаваных сведчаннях мінулага, якія змяшчаюць інфармацыю пра падзеі і дзейнасць людзей. Вылучаюць некалькі тыпаў гістарычных крыніц (гл. схему).