§ 27-2. СССР у 1945 — пачатку 1980-х гг.: палітычнае развіццё

1. Вынікі вайны і новыя тэндэнцыі ў развіцці савецкага грамадства

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны пачалося аднаўленне даваеннай мадэлі развіцця.

У адпаведнасці з законам аб дэмабілізацыі ад 23 чэрвеня 1945 г. пачалося звальненне вайскоўцаў з арміі. Сталі вяртацца на Радзіму пагнаныя гітлераўцамі на катаржныя работы, ваеннапалонныя, вязні канцэнтрацыйных лагераў.

Улада праводзіла палітыку ўзмацнення партыйна-дзяржаўнага кантролю над рознымі сферамі грамадскага жыцця, таму тыя, каго ўлада палічыла небяспечнымі для грамадства, паколькі яны маглі выклікаць непажаданыя настроі, былі ізаляваны. Так, пасля вайны назіраліся рост колькасці зняволеных і павелічэнне цяжкасці пакаранняў. Вяртанне ў склад СССР тэрыторый, уключаных у яго толькі ў 1939—1940 гг. і акупаваных на працягу амаль усёй вайны, выклікала рост на гэтых тэрыторыях нацыянальных рухаў і супраціўленне саветызацыі ў Заходняй Украіне, Прыбалтыцы, Малдавіі.

Яшчэ ў 1941—1946 гг. былі выдадзены ўказы аб перасяленні за калектыўную здраду немцаў Паволжа, за «супрацоўніцтва з акупантамі» крымскіх татараў, чачэнцаў, інгушоў, калмыкаў, карачаеўцаў, балкарцаў. У ліпені 1949 г. налічвалася больш за два з паловай мільёны спецперасяленцаў. Колькасць зняволеных і спецперасяленцаў папоўнілі ваеннапалонныя, абвінавачаныя ў здрадзе радзіме былыя вязні нямецкіх лагераў, уласаўцы.

Значны адміністрацыйны ціск адчуваўся і ў гораде, і ў вёсцы. Працягваў дзейнічаць Указ Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г., які ўсталёўваў судовую адказнасць за прагулы і спазненні на працу. Сяляне працягвалі жыць без пашпартаў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, пераехаць у горад. Захоўваўся абавязковы мінімум працадзён, за невыкананне нормы пагражаў судовы пераслед.

Сталі ажыццяўляцца пераўтварэнні дзяржаўнага апарата і аднаўленне камандна-адміністрацыйнай сістэмы краіны. У верасні 1945 г. было адменена надзвычайнае становішча і скасаваны Дзяржаўны камітэт абароны. У сакавіку 1946 г. Савет народных камісараў СССР быў перайменаваны ў Савет Міністраў СССР, Савет народных камісараў саюзных і аўтаномных рэспублік — у Саветы Міністраў адпаведных узроўняў, а наркаматы перайменаваны ў міністэрствы.

Ідэалагічнае і палітычнае ўзмацненне жорсткасці 1945—1953 гг. прывяло да разрастання рэпрэсіўных органаў і канцэнтрацыйнай сістэмы. З 1946 г. дзейнасць па ахове парадку і задушэнні іншадумства ажыццяўлялася Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі. Ідэалагічны кантроль датычыўся і развіцця савецкай навукі, органамі партыйна-дзяржаўнай улады СССР праводзілася ацэнка навуковых кірункаў і даследаванняў з пункта гледжання іх адпаведнасці пануючай сацыялістычнай ідэалогіі. На сесіі Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна (УАСГНІЛ) у жніўні 1948 г. вучоныя-генетыкі, а таксама тыя, хто займаўся кібернетыкай і квантавай механікай, філосафы, мовазнаўцы, эканамісты падпалі пад рэзкую крытыку.

У перыяд Другой сусветнай вайны шырока практыкавалася прызначэнне на выбарныя пасады, што прыводзіла да фактычнага адхілення Саветаў ад выканання іх функцый, таму на працягу 1946—1947 гг. прайшлі перавыбары ў мясцовыя Саветы, у складзе якіх з’явілася шмат франтавікоў.

У 1947 г. Дзяржаўная планавая камісія была ператворана ў Дзяржаўны планавы камітэт Савета Міністраў СССР, які займаўся планаваннем і кантролем за выкананнем народна-гаспадарчых планаў.

Зведаўшы неймаверныя цяжкасці вайны, насельніцтва чакала паляпшэння ўмоў працы і быту, змякчэння палітычнага рэжыму. У партыйна-дзяржаўных структурах выспявала разуменне неабходнасці перамен. У 1946—1947  гг. па даручэнні І. В. Сталіна вялася распрацоўка праектаў новай Канстытуцыі СССР. Канстытуцыйны праект прадугледжваў некаторае развіццё дэмакратычных асноў у жыцці грамадства. Так, прадугледжваліся дапушчэнне разам з пануючай дзяржаўнай формай уласнасці дробнай прыватнай сялянскай і саматужнай гспадаркі, частковы перагляд дзяржаўнага планавання эканомікі, прадастаўленне большых гаспадарчых правоў на месцах і г. д.

Характэрнай рысай пасляваеннага развіцця было абвастрэнне ў краіне барацьбы за ўладу, аб чым сведчаць праведзеныя І. В. Сталіным палітычныя працэсы («справа авіятараў», «ленінградская справа», «справа ўрачоў»). У 1952 г. на XIX з’ездзе ВКП(б) партыя бальшавікоў была перайменаваная ў Камуністычную партыю СССР (КПСС). Выказваліся меркаванні аб пашырэнні ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, абмежаванні тэрмінаў знаходжання на кіруючых пасадах.

Да 1950-х гг. у СССР сфарміраваўся сацыялізм, які прадугледжваў такія элементы палітычнай і сацыяльнай сістэмы, як абавязковая пісьменнасць і бясплатная адукацыя як неабходны элемент эканомікі, культуры і кіравання, забарона на дзіцячую працу, гарантаваныя праца, жыллё, медыцынскае абслугоўванне, пенсія, адсутнасць прыватнай уласнасці, беспрацоўя.

Пасля смерці 5 сакавіка 1953 г. І. В. Сталіна ўлада ў краіне сканцэнтравалася ў руках старшыні Савета міністраў Г. М. Малянкова, міністра МУС, аб’яднанага з Міністэрствам дзяржбяспекі, Л. П. Берыі і сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова. Унутры гэтага трыумвірату пачалася барацьба за лідарства.

Навіна пра смерць І. В. Сталіна прывяла да паўстанняў у савецкіх папраўча-працоўных лагерах. Самае значнае паўстанне адбылося ў 1954 г. у Кенгіры (Казахстан) — супраць 13 тыс. зняволеных былі выкарыстаны танкі. Адначасова савецкае кіраўніцтва правяло масавую амністыю «непалітычных» зняволеных, якая ў 1953 г. закранула больш за адзін мільён чалавек. Пачалася ліквідацыя сістэмы ГУЛАГа.

Нарасталі антысавецкія настроі і ў краінах «народнай дэмакратыі», сталі праходзіць выступленні ў ГДР, Венгрыі. Берыя прапанаваў наладзіць адносіны з Захадам шляхам уз’яднання Германіі, што выклікала рэзкую апазіцыю. Пасля падзення Берыі Савет Міністраў СССР узначаліў Г. М. Малянкоў, які паспрабаваў палепшыць становішча калгаснікаў: удвая быў зніжаны сельскагаспадарчы падатак, ліквідаваліся запазычанасці калгаснікаў па выплатах мінулых гадоў, павышаліся закупачныя цэны на аграрную прадукцыю. Акрамя таго, Малянкоў абяцаў даць народу тавары народнага спажывання замест узбраенняў і мірнае суіснаванне капіталізму і сацыялізму, што прывяло да абвінавачвання яго ў папулізме і адхілення ад улады.