Печатать книгуПечатать книгу

§ 27-2. СССР у 1945 — пачатку 1980-х гг.: палітычнае развіццё

Ключавая ідэя: сацыяльна-палітычная мадэль савецкага грамадства, якая склалася яшчэ ў 1930-я гг., зазнаўшы некаторыя змены, тым не менш выклікала крытыку і нязгоду.

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны савецкае кіраўніцтва працягнула жорсткую ўнутраную палітыку. Новы перыяд палітычнага развіцця пачаўся пасля смерці І. В. Сталіна і ўвайшоў у гісторыю як «хрушчоўская адліга». Дэсталінізацыя і пэўная дэмакратызацыя палітычнай сістэмы прывялі да ідэйнага крызісу кіруючых палітычных вярхоў. У міжнародным плане ўвесь пасляваенны перыяд гісторыі СССР характарызаваўся гонкай узбраенняў і эскалацыяй напружанасці паміж дзвюма супрацьлеглымі сіламі, што процістаялі адна адной, — СССР і ЗША, якія часам змяняліся перыядамі разрадкі. Паміж СССР і Захадам яшчэ з 1920-х гг. існавала так званая жалезная заслона, якая перашкаджала ўсялякаму абмену паміж сацыялістычным і капіталістычным светам.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 27-2. СССР у 1945 — пачатку 1980-х гг.: палітычнае развіццё
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Сентябрь 2024, 03:18

1. Вынікі вайны і новыя тэндэнцыі ў развіцці савецкага грамадства

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны пачалося аднаўленне даваеннай мадэлі развіцця.

У адпаведнасці з законам аб дэмабілізацыі ад 23 чэрвеня 1945 г. пачалося звальненне вайскоўцаў з арміі. Сталі вяртацца на Радзіму пагнаныя гітлераўцамі на катаржныя работы, ваеннапалонныя, вязні канцэнтрацыйных лагераў.

Улада праводзіла палітыку ўзмацнення партыйна-дзяржаўнага кантролю над рознымі сферамі грамадскага жыцця, таму тыя, каго ўлада палічыла небяспечнымі для грамадства, паколькі яны маглі выклікаць непажаданыя настроі, былі ізаляваны. Так, пасля вайны назіраліся рост колькасці зняволеных і павелічэнне цяжкасці пакаранняў. Вяртанне ў склад СССР тэрыторый, уключаных у яго толькі ў 1939—1940 гг. і акупаваных на працягу амаль усёй вайны, выклікала рост на гэтых тэрыторыях нацыянальных рухаў і супраціўленне саветызацыі ў Заходняй Украіне, Прыбалтыцы, Малдавіі.

Яшчэ ў 1941—1946 гг. былі выдадзены ўказы аб перасяленні за калектыўную здраду немцаў Паволжа, за «супрацоўніцтва з акупантамі» крымскіх татараў, чачэнцаў, інгушоў, калмыкаў, карачаеўцаў, балкарцаў. У ліпені 1949 г. налічвалася больш за два з паловай мільёны спецперасяленцаў. Колькасць зняволеных і спецперасяленцаў папоўнілі ваеннапалонныя, абвінавачаныя ў здрадзе радзіме былыя вязні нямецкіх лагераў, уласаўцы.

Значны адміністрацыйны ціск адчуваўся і ў гораде, і ў вёсцы. Працягваў дзейнічаць Указ Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г., які ўсталёўваў судовую адказнасць за прагулы і спазненні на працу. Сяляне працягвалі жыць без пашпартаў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, пераехаць у горад. Захоўваўся абавязковы мінімум працадзён, за невыкананне нормы пагражаў судовы пераслед.

Сталі ажыццяўляцца пераўтварэнні дзяржаўнага апарата і аднаўленне камандна-адміністрацыйнай сістэмы краіны. У верасні 1945 г. было адменена надзвычайнае становішча і скасаваны Дзяржаўны камітэт абароны. У сакавіку 1946 г. Савет народных камісараў СССР быў перайменаваны ў Савет Міністраў СССР, Савет народных камісараў саюзных і аўтаномных рэспублік — у Саветы Міністраў адпаведных узроўняў, а наркаматы перайменаваны ў міністэрствы.

Ідэалагічнае і палітычнае ўзмацненне жорсткасці 1945—1953 гг. прывяло да разрастання рэпрэсіўных органаў і канцэнтрацыйнай сістэмы. З 1946 г. дзейнасць па ахове парадку і задушэнні іншадумства ажыццяўлялася Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі. Ідэалагічны кантроль датычыўся і развіцця савецкай навукі, органамі партыйна-дзяржаўнай улады СССР праводзілася ацэнка навуковых кірункаў і даследаванняў з пункта гледжання іх адпаведнасці пануючай сацыялістычнай ідэалогіі. На сесіі Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна (УАСГНІЛ) у жніўні 1948 г. вучоныя-генетыкі, а таксама тыя, хто займаўся кібернетыкай і квантавай механікай, філосафы, мовазнаўцы, эканамісты падпалі пад рэзкую крытыку.

У перыяд Другой сусветнай вайны шырока практыкавалася прызначэнне на выбарныя пасады, што прыводзіла да фактычнага адхілення Саветаў ад выканання іх функцый, таму на працягу 1946—1947 гг. прайшлі перавыбары ў мясцовыя Саветы, у складзе якіх з’явілася шмат франтавікоў.

У 1947 г. Дзяржаўная планавая камісія была ператворана ў Дзяржаўны планавы камітэт Савета Міністраў СССР, які займаўся планаваннем і кантролем за выкананнем народна-гаспадарчых планаў.

Зведаўшы неймаверныя цяжкасці вайны, насельніцтва чакала паляпшэння ўмоў працы і быту, змякчэння палітычнага рэжыму. У партыйна-дзяржаўных структурах выспявала разуменне неабходнасці перамен. У 1946—1947  гг. па даручэнні І. В. Сталіна вялася распрацоўка праектаў новай Канстытуцыі СССР. Канстытуцыйны праект прадугледжваў некаторае развіццё дэмакратычных асноў у жыцці грамадства. Так, прадугледжваліся дапушчэнне разам з пануючай дзяржаўнай формай уласнасці дробнай прыватнай сялянскай і саматужнай гспадаркі, частковы перагляд дзяржаўнага планавання эканомікі, прадастаўленне большых гаспадарчых правоў на месцах і г. д.

Характэрнай рысай пасляваеннага развіцця было абвастрэнне ў краіне барацьбы за ўладу, аб чым сведчаць праведзеныя І. В. Сталіным палітычныя працэсы («справа авіятараў», «ленінградская справа», «справа ўрачоў»). У 1952 г. на XIX з’ездзе ВКП(б) партыя бальшавікоў была перайменаваная ў Камуністычную партыю СССР (КПСС). Выказваліся меркаванні аб пашырэнні ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, абмежаванні тэрмінаў знаходжання на кіруючых пасадах.

Да 1950-х гг. у СССР сфарміраваўся сацыялізм, які прадугледжваў такія элементы палітычнай і сацыяльнай сістэмы, як абавязковая пісьменнасць і бясплатная адукацыя як неабходны элемент эканомікі, культуры і кіравання, забарона на дзіцячую працу, гарантаваныя праца, жыллё, медыцынскае абслугоўванне, пенсія, адсутнасць прыватнай уласнасці, беспрацоўя.

Пасля смерці 5 сакавіка 1953 г. І. В. Сталіна ўлада ў краіне сканцэнтравалася ў руках старшыні Савета міністраў Г. М. Малянкова, міністра МУС, аб’яднанага з Міністэрствам дзяржбяспекі, Л. П. Берыі і сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова. Унутры гэтага трыумвірату пачалася барацьба за лідарства.

Навіна пра смерць І. В. Сталіна прывяла да паўстанняў у савецкіх папраўча-працоўных лагерах. Самае значнае паўстанне адбылося ў 1954 г. у Кенгіры (Казахстан) — супраць 13 тыс. зняволеных былі выкарыстаны танкі. Адначасова савецкае кіраўніцтва правяло масавую амністыю «непалітычных» зняволеных, якая ў 1953 г. закранула больш за адзін мільён чалавек. Пачалася ліквідацыя сістэмы ГУЛАГа.

Нарасталі антысавецкія настроі і ў краінах «народнай дэмакратыі», сталі праходзіць выступленні ў ГДР, Венгрыі. Берыя прапанаваў наладзіць адносіны з Захадам шляхам уз’яднання Германіі, што выклікала рэзкую апазіцыю. Пасля падзення Берыі Савет Міністраў СССР узначаліў Г. М. Малянкоў, які паспрабаваў палепшыць становішча калгаснікаў: удвая быў зніжаны сельскагаспадарчы падатак, ліквідаваліся запазычанасці калгаснікаў па выплатах мінулых гадоў, павышаліся закупачныя цэны на аграрную прадукцыю. Акрамя таго, Малянкоў абяцаў даць народу тавары народнага спажывання замест узбраенняў і мірнае суіснаванне капіталізму і сацыялізму, што прывяло да абвінавачвання яго ў папулізме і адхілення ад улады.

2. Спробы дэмакратызацыі палітычнай сістэмы

Перыяд у гісторыі СССР з сярэдзіны 1950-х да сярэдзіны 1960-х гг. мае назву «хрушчоўская адліга». Перайграўшы сваіх сапернікаў, першым сакратаром ЦК КПСС 7 верасня 1953 г. стаў М. С. Хрушчоў. Сам тэрмін стаў ужывацца пасля выдання вядомым савецкім пісьменнікам І. Р. Эрэнбургам аповесці «Адліга». Асноўная ідэя аповесці заключалася ў тым, што пры Сталіне была «зіма», а пры Хрушчове надышла «адліга».

Дадзены перыяд прынята характарызаваць як пазітыўныя змены ў савецкім грамадстве. Аднак да гэтага часу пытанне «хрушчоўскай адлігі» застаецца дыскусійным. Гэта датычыцца рэабілітацыі ахвяр ГУЛАГа. Але трэба разумець, што, як і дэсталінізацыя, рэабілітацыя была павярхоўнай, на волю выйшлі далёка не ўсе палітычныя зняволеныя.

Сістэма сацыялістычнага грамадства, прынцыпы развіцця эканомікі і многія іншыя пытанні не змяніліся. Праблему «хрушчоўскай адлігі» варта разглядаць перш за ўсё з пункта гледжання барацьбы за ўладу пасля смерці Сталіна, якую выйграў Хрушчоў. Ён і прывёў да ўлады свае кадры, каб утрымаць уладу. І каб легітымна правесці масавую кадравую чыстку, была патрэбная дэсталінізацыя.

У ліку першых ініцыятыў Хрушчова ў палітычнай сферы была рэарганізацыя ў красавіку 1954 г. Міністэрства дзяржбяспекі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Саўміне СССР, якая суправаджалася значнай зменай кадраў. М. С. Хрушчоў забеспечыў вяртанне цэнтра ўлады ў партыйна-дзяржаўны апарат, умацаваў яго значнасць. Усе змены на партыйным узроўні вяліся выключна для ўмацавання асабістай улады М. С. Хрушчова.

Рэальнай дэмакратызацыі органаў кіравання СССР не адбылося. Ажыццяўляліся перастаноўкі кадраў, якія прывялі да кіравання краінай выключна прыхільнікаў Хрушчова. Такім чынам, сталінская вертыкаль улады была заменена хрушчоўскай гарызанталлю, пры якой лідары і кіраўніцтва краіны назаўсёды ўтрымлівалі свае пазіцыі, а новым таленавітым людзям падняцца да вершыні ўлады было практычна немагчыма. Эліта, якая падтрымала Хрушчова, атрымала гарантыі захавання сваіх пасад, чаго не было раней. У выніку эліта стала на бок Хрушчова. У гэтым крыецца адна з прычын наступнай герантакратыі — «улады старых» у СССР. Пытанне «адлігі», змены сістэмы ўлады, што адбылася пры Хрушчове, — гэта пытанне вывучэння прычын распаду Савецкага Саюза.

«Адліга» шмат у чым закранула культурную сферу жыцця. Сталі публікаваць творы Ясеніна, Ахматавай, Зошчанкі. Аднак свабода слова ў друку праявілася ў абмежаваным маштабе. Яна не закранула, напрыклад, вядомы раман Б. Пастарнака «Доктар Жывага» аб гібелі Расіі і яе інтэлігенцыі ў гады Грамадзянскай вайны. Можна было крытыкаваць толькі сталінскую сістэму кіравання і ранейшую савецкую мадэль, але не новую ўладу і Хрушчова.

У 1957 г. адбыўся Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў — адна са знакавых падзей хрушчоўскай адлігі. Запрашэнне прадстаўнікоў замежжа стала адной з перадумоў падзення железнай заслоны.

3. ХХ з’езд КПСС і яго значэнне

У лютым 1956 г. на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС М. С. Хрушчоў выступіў з дакладам «Аб пераадоленні культу асобы і яго наступстваў». Пасля з’езда тэкст гэтага даклада зачытваўся на сходах усіх партыйных арганізацый краіны. Сутнасць даклада зводзілася да таго, што культ асобы Сталіна супярэчыць марксізму і прывёў да масавай гібелі партыйных кадраў. Такім чынам, на Сталіна была ўскладзена адказнасць за скажэнне сацыялізму і масавыя рэпрэсіі. Адказнасць з паплечнікаў Сталіна была знятая. Аднак дыскрэдытацыяй цэнтральнай фігуры часу была падарвана і вера народа ў саму сацыялістычную сістэму. Сам факт публічнага асуджэння беззаконнасці і злачынстваў, што адбываліся ў краіне, вышэйшых службовых асоб паклала пачатак кардынальным пераменам у грамадскай свядомасці.

Асудзіўшы культ асобы Сталіна і ініцыяваўшы працэсы ідэалагічнага абнаўлення ў грамадскім жыцці, кіраўніцтва краіны адразу ж абазначыла дапушчальныя межы крытыкі кампартыі і савецкага палітычнага рэжыму: былі арыштаваны маладыя вучоныя Р. Піменаў і Б. Вайль за напісанне і распаўсюджванне пасляслоўя да закрытага даклада М. С. Хрушчова на XX з’ездзе; органамі дзяржбяспекі былі ліквідаваны студэнцкія гурткі ў МДУ, якія займаліся пераглядам гісторыі і ідэалогіі СССР. Аднак, нягледзячы на пераслед улад, рух дысідэнтаў, які зарадзіўся ў хрушчоўскі час, працягваў развівацца.

XX з’езд фактычна ўкінуў савецкае грамадства ў стан ідэалагічнага крызісу. Кіраўніцтва краіны апынулася ў цяжкім становішчы, неабходна было нешта рабіць. XXI з’езд КПСС, які адбыўся ў 1959 г., заключыў, што сацыялізм у СССР атрымаў поўную перамогу і краіна ўступіла ў перыяд пабудовы камунізму. На XXII з’ездзе ў 1961 г. была прынята трэцяя праграма партыі пабудовы да 1980 г. камуністычнага грамадства. Планавалася выйсці на першае месца ў свеце па прадукцыйнасці працы і выпуску прадукцыі на душу насельніцтва, узроўні жыцця народа. Сацыялістычная форма праўлення мусіла быць ператворана ў грамадскае камуністычнае самакіраванне, даступнае для новага чалавека, які б гарманічна спалучаў у сабе духоўную і фізічную дасканаласць. Нават у той час многія разумелі, што намечаныя планы мелі ўтапічны характар.

У 1964 г. абвінавачаны ў валюнтарызме М. С. Хрушчев быў адпраўлены на пенсію.

4. Грамадска-палітычнае становішча ў сярэдзіне 1960-х — пачатку 1980-х гг.

З адхіленнем ад улады М. С. Хрушчова краіну і партыю ўзначаліў Л. І. Брэжнеў. Брэжнеўская адміністрацыя ўзяла курс на згортванне ліберальных пачынанняў Хрушчова. Кансерватыўны ўхіл унутранай палітыкі, неасталінізм былі рэакцыяй савецкай наменклатуры на няўдалыя спробы дабіцца «грамадскай гармоніі» праз поспехі ў эканоміцы.

Ідэалагічна гэты паварот абазначаўся як пабудова ў СССР «развітога сацыялістычнага грамадства». Лозунг перыяду знаходжання ва ўладзе Хрушчова «разгорнутай пабудовы камунізму» быў дыскрэдытаваны.

У 1977 г. была прынята новая Канстытуцыя СССР, у прэамбуле да якой канстатавалася, што Савецкая дзяржава, «выканаўшы задачы дыктатуры пралетарыяту, стала агульнанароднай» і ў краіне пабудавана «развітое сацыялістычнае грамадства». Акрамя таго, у новай канстытуцыі замацоўвалася манапольнае становішча КПСС у палітычнай сістэме. Кампартыя вызначалася як кіруючая і накіроўваючая сіла грамадства, «ядро палітычнай сістэмы». Кантроль з боку партыйнага апарату над усімі бакамі жыцця грамадства быў узмоцнены. Уведзены Хрушчовым прынцып рэгулярнага абнаўлення партыйнай наменклатуры быў адменены на XXIII з’ездзе КПСС у 1966 г. Узмацняўся партыйны кантроль за дзяржаўнымі органамі, адміністрацыяй ВНУ, навуковых інстытутаў, устаноў культуры і аховы здароўя. Матэрыяльнае забеспячэнне партыйна-дзяржаўнага апарату, сістэма льгот і прывілеяў прывяла да зрошчвання яго карумпіраванай часткі з ценевай эканомікай. Згортвалася дэсталінізацыя.

Унутраная палітыка Брэжнева была накіравана на ўмацаванне абараназдольнасці краіны, што прыводзіла да ўзрастання ролі вайскоўцаў. Сацыяльная напружанасць, звязаная з дысідэнцкім рухам, прывяла да ўзмацнення ролі органаў дзяржбяспекі.

Пасля смерці Брэжнева ў лістападзе 1982 г. генеральным сакратаром ЦК КПССС стаў Ю. В. Андропаў, які пачаў уводзіць адміністрацыйныя меры па навядзенні парадку ў краіне.

Пасля смерці Андропава надышло нядоўгае праўленне К.У. Чарненкі (люты 1984 — сакавік 1985 г.), якое нічога не змяніла ў жыцці савецкага грамадства.

5. Знешняя палітыка

І. В. Сталін і яго пераемнікі жорстка падтрымлівалі савецкі кантроль над Усходняй Еўропай. Хуткае стварэнне ўласнай ядзернай зброі ў 1949 г. выратавала СССР ад меркаванага нападу Захаду. У 1955 г. у час візіту ў Маскву канцлера ФРГ К. Адэнаўэра была дасягнута дамоўленасць аб спыненні вайны, усталяванні дыпламатычных адносін, а таксама вяртанні нямецкіх ваенных злачынцаў, асуджаных у СССР.

Адным з асноўных кірункаў знешняй палітыкі ў 1950-я гг. стала наладжванне ўзаемаадносін з краінамі «трэцяга свету», якія вызваліліся ад каланіяльнай залежнасці. Паміж СССР і ЗША разгарнулася барацьба за ўплыў у «трэцім свеце».

У 1954 г. СССР уступіў у ЮНЕСКА, у 1958 г. было адноўлена членства СССР у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ).

Аднак супрацьстаянне паміж СССР і ЗША працягвалася. У 1961 г. была пабудавана берлінская сцяна як сімвал гэтага супрацьстаяння і «жалезнай заслоны».

Краіны «трэцяга свету» і Усходняй Еўропы атрымлівалі ваенную, тэхнічную, фінансавую дапамогу ад СССР, што забяспечвала палітычны ўплыў Савецкага саюза ў гэтым рэгіёне. Найбольш маштабным праектам краін сацыялістычнага лагера стала будаўніцтва ў 1960-я гг. нафтаправода «Дружба», па якім нафта стала дастаўляцца з Волгаўральскага нафтагазаноснага раёна ў сацыялістычныя СЭВ. Акрамя таго, у 1975—1979 гг. быў пабудаваны экспартны газаправод «Саюз».

Пасля таго як рэвалюцыянеры на чале с Ф. Кастра, што прыйшлі ў 1959 г. да ўлады на Кубе, разбілі атрады кубінскіх эмігрантаў, якіх падтрымлівалі ЗША, узнікла магчымасць стварэння пры падтрымцы СССР фарпосту сацыялізму ў Лацінскай Амерыцы.

У жніўні — верасні 1962 г. савецкі флот даставіў на Кубу ваенную тэхніку, асабовы склад, 164 ядзерныя боегалоўкі і ракеты Р-12 з радыусам дзеяння да 2500 км. Пасля выяўлення савецкай ядзернай групоўкі прэзідэнт ЗША Кенэдзі 22 кастрычніка 1962 г. па радыё і телебачанні заявіў аб блакаде вострава. Разгарэўся Карыбскі крызіс. У ЗША разглядалі магчымасць паветранага ўдару па савецкіх ядзерных аб’ектах. Свет апынуўся на мяжы ядзернай вайны.

Пятага жніўня 1963 г. быў падпісаны дагавор паміж СССР, ЗША і Вялікабрытаніяй аб забаронае ядзерных выпрабаванняў у атмасферы, космасе і пад вадой, а ў 1964 г. было падпісана пагадненне аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. СССР умацаваў сваё становішча як сусветная дзяржава, напал халоднай вайны знізіўся.

У 1969 г. на савецка-кітайскай мяжы ў раёне вострава Даманскі адбылося ўзброенае сутыкненне. Адносіны паміж КНР і СССР палепшыліся толькі пасля смерці Маа Цзэдуна і Брэжнева.

З канца 1960-х гг., калі быў дасягнуты ядзерны парытэт, пачаўся перыяд разрадкі ў міжнародных адносінах, які працягнуўся да канца 1970-х гг.

У 1972 г. былі падпісаны «Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША», у якіх падкрэслівалася неабходнасць мірнага суіснавання ў ядзернае стагоддзе. У тым жа 1972 г. былі падпісаны Часовае пагадненне па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (АСУ-1), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (ПРА).

У рамках палітыкі разрадкі ў 1975 г. у Хельсінкі быў падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, які прадугледжваў непарушнасць дзяржаўных межаў, усталяваных пасля Другой сусветнай вайны, роўнасць краін-удзельніц, мірнае супрацоўніцтва.

Аднак у адказ на ўмяшанне ЗША ў вайну паміж Паўночным і Паўднёвым В’етнамам СССР прадаставіў ваенную тэхніку і спецыялістаў Паўночнаму В’етнаму. У 1975 г. Паўночны і Паўднёвы В’етнам аб’ядналіся пад уладай камуністаў.

Логіка «халоднай вайны» падвяла савецкае кіраўніцтва да распрацоўкі знешнепалітычнай канцэпцыі, у адпаведнасці з якой СССР меў права на ваеннае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы любой дзяржавы Арганізацыі Варшаўскага дагавора, калі гэтага патрабавала пэўнае становішча (дактрына Брэжнева). Адначасова яно праводзіла палітыку разрадкі і ўзаемнага раззбраення з ЗША. Аднак пасля таго, як у 1979 г. Савецкі Саюз увёў свае войскі ў Афганістан, міжнароднае становішча зноў моцна абвастрылася. Афганская вайна знясільвала савецкую эканоміку і адмоўна адбівалася на настроях у савецкім грамадстве.

З прыходам да ўлады ў ЗША Р. Рэйгана супрацьстаянне дзвюх краін у халоднай вайне выйшла на новы ўзровень. Стратэгічная абаронная ініцыятыва АІ) ЗША, у аснове якой знаходзілася распрацоўка шырокамаштабнай сістэмы проціракетнай абароны (ПРА) з элементамі касмічнага базавання, якая выключала паражэнне наземных і марскіх цэляў з космасу, падрывала ўсталяваны парытэт сіл. Гонка ўзбраенняў выходзіла на больш высокі ўзровень.

Пытанні

1. Як вайна паўплывала на грамадска-палітычную атмасферу ў краіне? Чаму сумненні ў правільнасці шляху, па якім ішла краіна, сталі пранікаць нават у шэрагі партыйна-дзяржаўнай наменклатуры?

2. Чым можна растлумачыць тое, што з 1946 г. разгарнулася барацьба супраць «заходняга ўплыву», «нізкапаклонства перад Захадам», а з 1948 г. — з касмапалітызмам?

3. Ахарактарызуйце камандна-адміністрацыйную сістэму, якая склалася ў СССР. У чым яе супярэчнасць?

4. Растлумачце значэнне паняцця «дэсталінізацыя». Якія мерапрыемствы былі праведзены ў рамках дэсталінізацыі? Чаму ў канцы 1960-х гг. у краіне адбыўся паварот да неасталінізму?

5. Якую ролю ў працэсе дэсталінізацыі адыгралі ХХ з’езд КПСС і М. С. Хрушчоў? У чым была супярэчнасць гэтага працэсу? Акрэсліце значэнне ХХ з’езда КПСС для далейшага развіцця краіны, дайце ацэнку дзейнасці М. С. Хрушчова.

6. Ахарактарызуйце асноўныя этапы міжнародных адносін пасляваеннага перыяду.

7. Вылучыце асноўныя кірункі знешняй палітыкі СССР пасля вайны. Падвядзіце вынікі знешняй палітыкі СССР.

8. На аснове тэксту параграфа зрабіце вывады аб палітычным развіцці СССР у 1945—1985 гг.

9. Дакажыце, што ў савецкім грамадстве нарасталі незадаволенасць і нязгода з існуючым палітычным рэжымам.

Прапануем абмеркаваць